Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА КАНЦА ЗАБАРОНЫ НА ВЫДАНЬНЕ “БДГ” ЗАСТАЎСЯ ТЫДЗЕНЬ


Юры Сьвірко, Менск

У Менску ў прыватных распаўсюднікаў можна купіць адмысловы выпуск для Беларусі маскоўскай “Новой газеты”, датаваны 20 жніўня. У ім зьмешчана апошняе інтэрвію былога амбасадара ЗША ў Менску Майкла Козака, якое ён даў журналістам “БДГ” ужо ў аэрапорце перад вылетам.

У прыватнасьці, амбасадар Козак заявіў: “Беларускі народ ужо хоча зрабіць усё магчымае, каб далучыцца да Эўропы ХХІ стагодзьдзя. Усё большая колькасьць людзей у грамадзстве атрымліваюць магчымасьць гэтага дамагчыся. Праўда, і ў сродках масавай інфармацыі, і ў палітыцы, і ў бізнэсе перад імі паўстаюць перашкоды”.

Перашкоды для “Белорусской деловой газеты” і яе штомесячнага дадатку “БДГ. Для служебного пользования” пачаліся прыканцы траўня, калі тагачасны міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны адно за адным падпісаў чатыры папярэджаньні абодвум выданьням і загады прыпыніць іх выпуск на тры месяцы. З прычыны гэтага чытачы ўсё лета былі пазбаўленыя магчымасьці звычайным шляхам атрымліваць “БДГ”.

Паводле галоўнай рэдактаркі газэты Сьвятланы Калінкінай, трохмесячная забарона заканчваецца 29 жніўня, але рэдакцыя плянуе два варыянты дзеяньняў на наступным тыдні.

(Калінкіна: ) “Пакуль што ніхто, ныводзін чыноўнік Міністэрства інфармацыі ня можа адказаць нам на пытаньне, які будзе далейшы лёс “Белорусской деловой газеты”. Таму мы рыхтуем і беларускі выпуск “Новой газеты”, і свой выпуск “Белорусской деловой газеты”. Спадзяёмся мы, канечне, на лепшае — на тое, што “Белорусская деловая газета” будзе выходзіць тут, у Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе яна будзе друкавацца? Вам друкарня не адмовіла як “Белорусской деловой газете” ў магчымасьцях выдавацца?”

(Калінкіна: ) “Пакуль што друкарні не адмовілі. Яны ўсе спасылаюцца на тое, што як толькі будзе зразумела, што ніякіх далейшых санкцыяў адносна нашай газэты міністэрства прадпрымаць не зьбіраецца, з намі могуць быць заключаныя дамовы на друк. Але што-небудзь больш канкрэтнае сказаць пакуль што немагчыма, таму што новы міністар інфармацыі, паводле нашых дадзеных, цяпер знаходзіцца ў Пэкіне”.

Гэтыя словы спадарыні Калінкінай пацьвердзілі ў Міністэрстве інфармацыі, дзе параілі шукаць новага міністра Ўладзімера Русакевіча на працоўным месцы толькі ў верасьні. Кіраўніца юрыдычнага аддзелу Мінінфарму Лілія Богдан цяпер у адпачынку, увесь калектыў ведамства чакае кадравых зьменаў, таму пра лёс “БДГ” чыноўнікі нічога пэўнага сказаць ня могуць.

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG