Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЁ БОЛЕЙ ГРАМАДЗЯНАЎ ВЫКАЗВАЮЦЬ ПАДТРЫМКУ КАЛЕКТЫВУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЯ ІМЯ Я.КОЛАСА


Любоў Лунёва, Менск

Апошнім часам усё болей людзей зьвяртаюцца да ліцэістаў. Гэта і пэнсіянэры, і студэнты, і рабочыя. Людзі ставяць свае подпісы ў абарону ліцэя. Прыносяць садовіну і гародніну, печыва, цукеркі, ваду. Але ёсьць і такія, якія адмыслова прыяжджаюць у Менск, каб падтрымаць ліцэістаў. Толькі ўчора 6 чалавек адмыслова прыехалі з Баранавічаў, зь Пінску, з Салігорску, з Маладэчны і Слоніму.

Асабліва прыемна было калектыву ліцэя, калі да іх прыехаў зь Сібіры Алег Рудакоў, старшыня Рады Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. У Таварыства ўваходзяць амаль 500 сяброў. Яны выдаюць сваю газэту “Маланка” і ў ёй ужо надрукавалі артыкул пра Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Я.Коласа. Ён распавёў, што беларусаў у Іркуцку вельмі ўразіла тое, што ў беларускай сталіцы зачыняюць адзіны беларускамоўны ліцэй. Гэта пры тым, што ў Расеі іхнае Таварыства дамаглося адкрыцьця беларускага факультэту, дзе студэнты будуць вывучаць беларускую мову й культуру, каб потым выкладаць у беларускамоўнай школе. Але ўсяго гэтага яны дамагліся ў далёкім расейскім Іркуцку.

А ў суседняй Літве беларусы правялі ўжо другі пікет і да 1 верасьня Беларускае таварыства будзе ладзіць яшчэ некалькі пікетаў ля будынка беларускай амбасады.

20 жніўня ліцэісты зьбіраюць подпісы ў абарону ліцэя, і працягваецца дзяжурства ля брамы ліцэя — там будуць дзеці з бацькамі.

Выкладчыкі ўжо набылі ўсе неабходныя падручнікі й навучальныя прыстасаваньні. А ў Менгарвыканкаме сп.Ціцянкоў, загадчык аддзелу адукацыі ў галіне сярэдняй школы, будзе рапартаваць пра тое, як яго ўстанова падрыхтавалася да новага навучальнага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG