Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЕННАЯ АЦЭНКА ЧЭХАСЛАВАЦКАЙ АПЭРАЦЫІ НЯМЕЦКІМІ ЭКСПЭРТАМІ

Ул. інф.

Гэта 28-я армія пад камандваньнем генэрала Салманава, 120-я мотастралковая дывізія пад камандваньнем генэрала Зайцава, пра якую тагачасныя аглядальнікі Дойчэ Вэле гаварылі: галаварэзы Зайцава, ваенна-транспартная дывізія стратэгічнай авіяцыі ў Мачулішчах з бамбардыроўшчыкамі далёкага дзеяньня ды іншыя.

Паводле нямецкіх экспэртаў, ваенная ацэнка Чэхаславацкай апэрацыі ня мае нічога агульнага з палітычнай. З прафесійнага гледзішча гэта была вельмі дарагая ваенная апэрацыя, надзвычай добра падрыхтаваная, гэта было раптоўнае ўварваньне вялікімі сіламі. Савецкім войскам удалося блякаваць важнейшыя чэхаславацкія стратэгічныя цэнтры і мінімізаваць элемэнт супраціву з боку мясцовага насельніцтва, у тым ліку вайскоўцаў.

Абсалютна бліскучым (і гэты прыклад увайшоў у розныя ваенныя падручнікі) лічыцца пачатак апэрацыі, калі 20 жніўня ў другой палове дня два савецкія самалёты, якія быццам бы з місіяй Чырвонага Крыжа накіроўваліся ў нейкую трэцюю краіну, перадалі дыспетчарам праскага аэрапорту, што маюць нейкія тэхнічныя праблемы. Канешне, нікому ў галаву не прыйшло, што гэта быў дэсант ГРУ. Прычым, людзі выходзілі з самалётаў нават у белых халатах. Сама апэрацыя захопу аэрапорту зь ягонымі стратэгічнымі камунікацыямі доўжылася некалькі хвілінаў. І пасьля гэтага па сутнасьці ўсё і пачалося.

Некалькі год таму удзельнік гэтай апэрацыі палкоўнік Муха – Герой Чэхаславаччыны, Сірыі – у інтэрвію журналістам распавядаў пра тое, што да гэтага захопу група рыхтавалася пару месяцаў. Дзесьці пад Масквой была пабудаваная дакладная копія Праскага аэрапорту. І фактычна кожны з удзельнікаў ведаў, у які пакой яму трэба ўбегчы, што уключыць, што адключыць і гэтак далей...

Савецкі Генштаб у часе чэхаславацкай апэрацыі рабіў стаўку на такі від выведкі, як радыёэлектронная барацьба (РЭБ). Паводле заходніх экспэртаў, дастаткова моцная школа па вядзеньню радыёэлектроннай барацьбы мелася ў Валожыне, і там праходзілі навучаньне прадстаўнікі савецкай тэхнічнай эліты – выпускнікі РТІ, радыёфізыкі БДУ. Яны займаліся ў тым ліку распрацоўкамі розных перадатычкаў-глушылак з тым, каб нэўтралізаваць радыёлякацыйныя сістэмы НАТА, і каб у ФРГ не пачулі, як канцэнтруецца бранетэхніка ўздоўж чэхаславацкіх межаў. Гэтыя ўнікальныя перадатчыкі мантажаваліся ў аўтамабілях, і такім чынам ад НАТА ўдалося схаваць набліжэньне танкаў, вялікіх транспартных самалётаў. Паводле нямецкіх экспэртаў, толькі ў гэты від чэхаславацкай апэрацыі ўкладаліся мільёны. Па сутнасьці, ад 1968 у СССР намецілася яўная дыспрапорцыя ў разьмеркаваньні бюджэту, якая адкінула неваенную галіну на дзесяцігодзьдзі назад.
XS
SM
MD
LG