Вось як паведамляла пра гэтыя падзеі чэхаславацкая служба Радыё Свабодная Эўропа.
(Голас: ) “Учора, 20 жніўня 1968 году, каля 11 гадзінаў вечара па мясцовым часе савецкія, польскія, усходненямецкія, вугорскія і баўгарскія войскі перасяклі межы Чэхаславацкай Рэспублікі. Гэта адбылося бяз згоды чэхаславацкага прэзыдэнта, сьпікера парлямэнту, прэм’ер-міністра, першага сакратара Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны Аляксандра Дубчака ды іншых уладаў”.
Уварваньне спыніла кароткую праграму дэмакратызацыі, якая распачалася на пачатку 1968 году пасьля прызначэньня кіраўніком чэхаславацкай кампартыі Аляксандра Дубчака. У красавіку была абвешчаная праграма рэформаў, якая саслабляла цэнзуру. Былі дазволеныя выказваньні нязгоды з партыйнай палітыкай, а знакаміты артыкул пад назвай “2000 словаў” паставіў пад сумнеў кіраўнічую ролю кампартыі. Гэта было ўжо занадта для савецкага партыйнага кіраўніцтва на чале зь Леанідам Брэжневым.
Савецкія войскі ды войскі іншых краінаў Варшаўскай дамовы цягам ліпеня і першай паловы жніўня канцэнтраваліся каля чэхаславацкіх межаў. Калі кіраўніцтва Чэхаславаччыны адмовілася ад савецкіх рэкамэндацыяў спыніць рэформы, 17 жніўня быў дадзены загад аб уварваньні.
Хуткасьць акупацыі агаломшыла многіх жыхароў Чэхаславаччыны. Шмат хто зь іх прачнуўся пад грукат танкаў на вуліцах. Распавядаюць, што сам Дубчак быў шакаваны і сказаў: “Не магу паверыць, што яны гэта са мной зрабілі”.
Ранкам 21 жніўня войскі ўвайшлі ў Прагу. Адной зь іх галоўных мэтаў было спыніць перадачы чэхаславацкага радыё. Будынак радыё каля Вацлаўскай плошчы ў цэнтры Прагі быў захоплены, але вяшчаньне працягвалася з дапамогай падпольных перадатчыкаў. Гучыць голас журналіста Славы Вольнага.
(Вольны: ) “На Вацлаўскай плошчы чуваць страляніну. Цяпер без пятнаццаці 12 дня. Людзі бягуць на навакольныя вуліцы. Машына хуткай дапамогі едзе ўніз па плошчы. Наверх едзе танк, на ім салдат з кулямётам”.
Дубчака ды іншых лідэраў-рэфарматараў у той жа дзень схапілі й вывезьлі ў Маскву на допыты. Пазьней Дубчака замянілі на пасадзе кіраўніка кампартыі на Густава Гусака.
У наступныя месяцы адбыліся “чысткі” і прызначэньне на кіраўнічыя пасады па ўсёй Чэхаславаччыне прыхільных да Савецкага Саюзу. Дзясяткі тысячаў чэхаў былі вымушаныя эміграваць, а яшчэ многія тысячы сыйсьці з грамадзкага жыцьця. Зіма, якая наступіла пасьля “праскай вясны”, цягнулася 20 гадоў. Чэскі гісторык Карэл Каплан кажа, што ўварваньне 1968 году для многіх людзей на Захадзе сталася сымбалем паняволеных народаў Усходняй Эўропы.
(Каплан: ) “У 1968 годзе і пазьней гэта адыграла важную ролю. Дзякуючы гэтаму, многія людзі ў сьвеце, тыя хто цікавіўся і тыя, хто не цікавіўся палітычнымі падезямі, даведаліся, што такое Чэхаславаччына”.
Праз шмат гадоў рэформы Дубчака знайшлі працяг у палітыцы “галоснасьці” і “перабудовы” Міхаіла Гарбачова. Але на той час кансэрватыўныя сілы ўжо саслаблі і не маглі стрымаць рэформы.
Некаторыя гісторыкі кажуць, што уварваньне ў Чэхаславаччыну нават паскорыла сыход камунізму. Бо пасьля 1968 году засталося вельмі мала сапраўдных прыхільнікаў камуністычнай ідэалёгіі. Тыя, каго савецкі рэжым прызначыў у Чэхаславаччыне ды іншых краінах Усходняй Эўропы, аказаліся некампэтэнтнымі, і іхныя ўрады ўрэшце прагнілі ды абваліліся.