Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 19 ЖНІЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва” на гэтым тыдні 1913 году друкуе такую вось рэклямную абвестку:

“Ужо друкуецца і скора выйдзе “Беларускі календар” на 1914 год. Звертаем увагу прамыслоўцаў і купцоў, што “Беларускі календар” ядыны у краю, каторы друкуецца ў 20 000 экземплярах і што ў ім найлепш рэклямавацца. Календар Беларускі за колькі год дабыў славу найлепшага календара. Таргоўцоў, кніганошоў і прыватных людзей просім загадзя прысылаць заказы на календар”.

Газэта “Бацькаўшчына” на гэтым тыдні друкуе ўрывак з “Запісак Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя:

“Была склікана нарада, на якой у мэтах павышэньня культурнага ўзроўню савецкіх працаўнікоў прызналі сваячасовым і мэтазгодным заснаваць насьценгазэту. Склалі рэдкалегію, пачалі абмяркоўваць пытаньне аб назьве. Тут нават у мяне з Мамонам ледзьве ня склалася разрыўная сытуацыя. Ён настойваў: “Газэту трэба назваць “Чырвоная пуга”, бо яна будзе несьвядомых падганяць да сацыялізму”. Дусік уносіць прапанову назваць газэту “Чырвонае Шапялёўскае Вока”. Торба хацеў назваць “Гостры чырвоны Зуб”. А я даваў сваю кароткую назву — “Пераможны Кліч Шапялёўскага Райвыканкому”… На другі дзень наша газэта пачала выходзіць штодзённа”.

На гэтым тыдні “Мы и время” ў разьдзеле “Хроніка” паведамляла:

“Гарадзкі Савет ДСПС і Славянскі Сабор “Белая Русь” пікетавалі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі пікету патрабавалі даць усім партыям і рухам аднолькавы час у сродках электроннай інфармацыі (радыё і тэлевізія), трымацца плюралізму думак у перадачах, адстаўкі рэдактараў і аўтараў, якія ў сваіх выступах сеюць нацыянальную варожасьць, ствараюць нестабільную абстаноўку ў рэспубліцы. Адбылася сустрэча кіраўнікоў рэспубліканскага і гарадзкога саветаў ДСПС зь міністрам інфармацыі А.І.Бутэвічам. Нягледзячы на разыходжаньне ў ацэнках дзейнасьці некаторых сродкаў масавай інфармацыі, кіраўнікі ДСПС падтрымалі прапанову міністэрства аб стварэньні грамадзкай рады, якая будзе сачыць, каб прадстаўнікі розных партыяў і рухаў атрымлівалі аднолькавы час у сродках электроннай інфармацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG