Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕГ ЛОЙКА: "УЛАДА КУЛЬТЫВУЕ БЕЗДУХОЎНАСЬЦЬ"


Міхась Скобла, Менск

Мы сустрэліся на ўскраіне Слоніму на Лабазоўцы, на беразе ціхаплыннае Шчары. За ракою над паплавамі патанаў у зяленіве садоў горад, аздоблены вежамі старых касьцёлаў. Цішыня й краявіды схілялі да ўспамінаў, якіх мы, колішнія студэнты філфаку БДУ, не маглі пачуць ад прафэсара Алега Лойкі.

(Скобла: ) “Алег Антонавіч, паколькі сустрэліся мы з вамі ў Слоніме, то давайце й пачнем нашую гутарку з успаміну пра Слонім ваеннай пары, дзе роўна 60 гадоў таму, у 1943-м, вы былі вучнем прагімназіі й сябрам Саюзу беларускай моладзі. Што з таго часу засталося ў памяці?”

(Лойка: ) “Гады акупацыі былі для мяне й гадамі адукацыі. Уся наша гімназія належала да СБМ, ніякіх адмысловых заяваў мы не пісалі. У Альбяртыне перад гэтым былі курсы для кіраўнікоў СБМ, мае аднаклясьнікі трапілі туды, былі дружыновымі — насілі на зялёнай “эсбээмаўскай” форме адну лычку. Пасьля вайны адзін з маіх сяброў у той форме прыйшоў у райкам — у камсамол паступаць. Памятаю, што падручнік па беларускай літаратуры пачынаўся Пагоняй на першай старонцы. А ўвогуле вучыліся па савецкіх падручніках, толькі з “Гісторыі” павырывалі партрэты Маркса, Леніна, Сталіна. Прагімназія была сапраўды элітнай школай, ужо з другой клясы ў нас выкладаліся алгебра, лаціна (я з тае пары ўсе скланеньні ведаю), нямецкая мова кожны дзень была, беларуская. Увесь Слонім тады гаварыў па-беларуску. Паперы ў магістраце пісалі па-беларуску й па-нямецку.

Тады ж пачаўся і мой шлях у літаратуру. Яшчэ з дашкольных гадоў я бываў у хаце Сяргея Новіка-Пяюна, мае бацькі зь ім сябравалі. Ён потым, пры немцах быў дырэктарам Слонімскага краязнаўчага музэю і кіраваў літаб’яднаньнем. Дарэчы, ужо потым, пасьля вайны, калі яго арыштавалі, ён мне з Магадана лісты пісаў. Новік-Пяюн і аддаў мае вершы ў “Баранавіцкую газэту” (“Baranovische Zajtung”), дзе адзін зь іх, пра восень, і быў надрукаваны. На першы ганарар я, дванаццацігадовы паэт, у слонімскай кнігарні, якой, загадваў таксама паэт — Сяргей Хмара, накупіў кніжак. Да Новіка-Пяюна прыходзілі таксама паэты-пачаткоўцы Васіль Супрун, Надзея Дземідовіч, ён нам кніжкі даваў. Пісаў я ў гімназіі і патрыятычныя вершы”.

(Скобла: ) “Можаце працытаваць?”

(Лойка: ) “Некалькі радкоў памятаю: “Мы ў шарэнгах стаім у мундурах, не страшымся мы злыдняў, нікога, бо над намі крывіцкі наш сьцяг!” Такіх вершаў было шмат. Потым я закапаў іх у гумне, і іх там мышы зьелі. Мне шкада іх, яны былі размалёваныя бела-чырвона-белымі сьцягамі. Пасьля акупацыі я нідзе не прызнаваўся, калі й дзе дэбютаваў у друку. Афіцыйна лічылася, што ў 1951-м.

Да нас у Слонім у 1943 годзе прыяжджала Натальля Арсеньнева, я чытаў перад ёй яе вершы. Паэтка вельмі сьціпла трымалася. На вечарыне прысутнічаў і паэт Анатоль Іверс, які меў сувязь з партызанамі. Ён і Арсеньневай прапанаваў перайсьці да партызанаў, але яна сказала, што гэта — бандыты”.

(Скобла: ) “Вы прыгадалі Супруна, Дземідовіч. Яны пазьней, нягледзячы на юны век, былі рэпрэсаваныя, апынуліся ў савецкіх лягерах. Вы ж сталі асьпірантам БДУ, абаранілі кандыдацкую й доктарскую дысэртацыю, зрабілі пасьпяховую навуковую кар’еру. Як вам гэта ўдалося?”

(Лойка: ) “Мяне ўратавалі мае гады. Мне было 13, а пачыналі судзіць з 14-ці. Але пры паступленьні ў БДУ ня ўсё проста было. На мандатнай камісіі я прызнаўся, што належаў да СБМ. А мне кажуць: “Так вас же принимать нельзя!” І мяне не залічылі ў студэнты, толькі ў кандыдаты, тады была такая форма навучаньня, і цэлы год я быў кандыдатам, ня меў ні інтэрнату, ні стыпэндыі, быў зусім бяспраўным”.

(Скобла: ) “З аднаго боку — былы сябра СБМ, паэт, які надрукаваў першыя вершы ў акупацыйнай газэце, з другога — сябра КПСС, прафэсар… Ці не замінала адно другому, ці не было спробаў нейкім чынам шантажаваць вас?”

(Лойка: ) “Да самай сьмерці Сталіна я ня верыў, што мне адкрыецца дарога ў літатаратуру й навуку. Хоць абараняцца мне не перашкаджалі. Але потым, мне гадоў 28 было, пачалі мяне заарканьваць, прапаноўваць стаць “сексотам”. Я пытаюся — на каго я буду даносіць? На свайго настаўніка Міхася Ларчанку? На дачку прэзыдэнта — Вольгу Казлову?! Прыехаў я дахаты, раюся з роднымі — што рабіць? А дзядзька й кажа — плюнь, адвярніся й сыйдзі! Я так і зрабіў на адной з сустрэчаў. Колькі матаў пачуў наўздагон!..”

(Скобла: ) “Звычайна, гэтыя людзі стрыманыя ў паводзінах і словах”.

(Лойка: ) “Я яго моцна раздражніў, ён, відаць, меў на мяне надзею. Потым я даведаўся (сказаў адзін палкоўнік), што з маіх аднагодкаў яшчэ толькі адзін чалавек сказаў “не” — гэта Ніл Гілевіч. І я яго яшчэ больш запаважаў. На філфаку на кожным курсе былі свае “осведомители”, у літаб’яднаньні “Узьлёт”, якім я кіраваў, таксама. Мы іх пазнавалі адразу. Дзякуй Богу, не 30-я гады былі на двары. А я ж ведаў, што ў той час рабілася, я чытаў і “Маладняк”, і “Узвышша”. Ведаў пра тагачасныя працэсы, але вытрымаў. А Варлен Бечык ня вытрымаў, захварэў, знаходзіўся пэўны час у больніцы”.

(Скобла: ) “Вы адмовіліся ад супрацоўніцтва з КДБ, вам пісаў з высылкі “вораг народа” Новік-Пяюн… А быў жа яшчэ адзін грэх — вы бывалі ў зэльвенскай хаце Ларысы Геніюш. І ня толькі вы, але й вашыя вучні — Алесь Разанаў, Юрка Голуб. Што вас клікала ў Зэльву?”

(Лойка: ) “З Геніюшамі сябраваў яшчэ мой бацька. Пад час акупацыі ў 1943-44 гадах ён быў намесьнікам слонімскага гебіцарца (райздрава), а гебіцкамісарарцам быў ня хто іншы, як дзядзька Янка, спадар Іван Геніюш. Толькі па іх рэцэптах выдаваліся ў аптэцы лекі. Тыя лекі йшлі да партызанаў, і Геніюш ня мог таго ня ведаць. А яшчэ Іван Пятровіч стаў героем у вачах майго бацькі, калі ня ўскінуў руку дзеля прывітаньня слонімскага гебіцкамісара Эрана, піючы піва пры рэстараннай стойцы, калі ў рэстаран (“nur fuer Deutsche!”) зайшоў сам Эран. Эран зрабіў на тое заўвагу, на якую дзядзька Янка зрэагаваў імгненна: “А хто тут гаспадар, мы ці вы?!” Цераз некалькі дзён слонімскі арцгэбіт узначальваў ужо ня Геніюш: Эран прагнаў яго ў Баранавічы.

Я быў у Геніюшавай хаце і адзін, і з Рыгорам Барадуліным. Калі быў з Рыгорам, я ўжо ведаў, што на гарышчы стаяць “жучкі”. Адкуль ведаў? Мой сваяк быў у Зэльве пажарнікам, і пад яго прыкрыцьцём “кадэбісты” лазілі на гарышча, ставілі ля коміна тыя “жучкі”. Падчас сустрэчы Ларыса Антонаўна вельмі рэзка гаварыла, і я баяўся, што ёй і нам гэта нашкодзіць. Едучы ў Крывічы да дзядзькі, я заўсёды заяжджаў і ў Зэльву. Ларыса Антонаўна вельмі гасьцінна прымала, частавала, свае вершы чытала ахвотна”.

(Скобла: ) “Гэтымі днямі, калі мы з вамі гутарым, у расейскай сталіцы руйнуецца гатэль “Масква” — месца апошняга прытулку й сьмерці Янкі Купалы. Вы — аўтар рамана пра Купалу, працавалі з дакумэнтамі. Што думаеце пра загадку сьмерці паэта? Самагубства? Забойства?”

(Лойка: ) “Я перакананы, што гэта было забойства. Я ведаю псэўданім аднаго з удзельнікаў спэцгрупы, якая праводзіла апэрацыю. Чалавек гэты жыў у Горадні й прызнаўся ў прыватнай гутарцы, што меў дачыненьне да зьнішчэньня Купалы. Зь ім сустракаўся гарадзенскі настаўнік Сяргей Дрозд, ён пра гэта пісаў, публікацыя ў “ЛіМе” неяк незаўважана прайшла. У той групе была жанчына. Калі я пісаў раман “Як агонь, як вада”, ня думаў, што голас, які паклікаў Купалу з нумару, належаў Паўліне Мядзёлцы. Я тады ня ведаў, што яна з 20-х гадоў супрацоўнічала з органамі. Так што Мядзёлка, хай сабе і ўскосна, была задзейнічана ў апэрацыі. Чаму Купалу было вырашана ліквідаваць у 1942 годзе? Набліжалася 60-годзьдзе народнага паэта. Што яму даваць — ордэн? За антысталінскія выказваньні?! А Купала пачаў выказвацца супраць “бацькі народаў”.

(Скобла: ) “Якія сьведчаньні ёсьць гэтаму?”

(Лойка: ) “Мне Заір Азгур расказваў: Купала ў Маскве паводзіў сябе вельмі сьмела. Неабходна было гэта неяк спыніць. Або даваць ордэн… А Купала шыў сабе новы касьцюм пад ордэн. Так што ён ня мог думаць пра самагубства. А потым ужо была запушчаная легэнда, нібыта Купала сядзеў на парапэце, а ішла жанчына, да якой паэт захацеў фрывольна пазаляцацца. Гэта прыніжае песьняра, гэта няпраўда. Не, Янка Купала не зламаўся, як часам пішуць. Каб зламаўся, яго не прыбіралі б”.

(Скобла: ) “Савецкая ўлада выкарыстоўвала бізун і пернік, хітравала зь інтэлігенцыяй, нечага дамагалася. Чаму сёньняшняя беларуская ўлада ніяк ня знойдзе паразуменьня са сваёй творчай інтэлігенцыяй? Калі прэміі дае — дык графаманам, калі падручнікі даручае пісаць — дык людзям нават без навуковае ступені”.

(Лойка: ) “Якое можа быць паразуменьне там, дзе няма павагі да сваёй культуры, да свайго народа?! Улада сёньня культывуе бездухоўнасьць, безінтэлігентнасьць. І столькі праяваў гэтага ў апошнія гады мы назіралі! Я цяпер па-за партыямі, але паважаю партыі, як грамадзкія інстытуты. У ЗША — дэмакраты й рэспубліканцы, яны паміж сабою змагаюцца, палемізуюць. І ніхто не ўжывае слова “дзермакрат”. А ў нас колькі разоў гэта слова гучала? Гэта ж сорам на ўвесь сьвет! Дэмас — азначае народ, таму гаварыць так — значыць абражаць народ!

У нас прыніжаецца нацыянальная інтэлігенцыя, а яна ж — мозг нацыі. Таму й зьнішчаюцца агмені нацыянальнай адукацыі, дзе гэтая інтэлігенцыя выхоўвалася. Мой унук вучыўся ў нядаўна закрытым Нацыянальным гуманітарным ліцэі, ён цяпер застаўся бяз школы, без сяброў, без таго беларускага духу, які толькі ў ліцэйскіх сьценах існаваў. Куды яму 1 верасьня ісьці?

Я адпрацаваў у БДУ паўвека. На настаўніцкім зьезьдзе прэзыдэнт назваў унівэрсытэт “гадзючнікам”. Як я магу гэта дараваць?! Гэты “гадзючнік” выхаваў двух сыноў прэзыдэнта! Я ня ведаю, як гэта ніхто з унівэрсытэтчыкаў ня выйшаў з залі, калі такое было сказана?!. А там жа сядзелі выпускнікі гэтага “гадзючніка”. Як так можна — назваць першы нацыянальны ўнівэрсытэт “гадзючнікам”?!! А ліцэй цяпер як названы? Ледзь не асіным гняздом нацдэмаў! Гэта гняздо, але гняздо інтэлігентнасьці, нацыянальнай навукі, там сабраліся лепшыя настаўнікі, лепшыя дзеці! У нас цяпер на вяршынях улады пануе вульгарнае разуменьне і народа, і гісторыі”.

(Скобла: ) “Вы абмовіліся пра недараваньне. У Жыровіцкі манастыр ля Слоніма любяць прыяжджаць высокія кіраўнікі. Людзі ў такіх выпадках кажуць — замольваць грахі прыехалі. Якія грахі не павінны даравацца ўладзе? Ці трэба старацца дараваць усё?”

(Лойка: ) “Усёдараваньня на грэшнай зямлі быць не павінна. На жаль, Жыровіцкая духоўная сэмінарыя так і не павярнулася да экумэністычнага руху, які, дзякуючы Папу Паўлу ІІ, увесь сьвет падняў да яднаньня перад Богам. Гэтага яднаньня прагнула яшчэ сярэднявечная Эўропа. Але рэлігія ня мусіць ісьці на канкардат з палітыкай! А ўладыка Філярэт, атрымоўваючы нядаўна ордэн, сказаў: “Служу Расіі!”. Гэта ён у Беларусі служыць… Ну, слухайце, гэта ж ненармальна! Патрыярх едзе з Масквы на Берасьцейшчыну змагацца з пратэстантамі… Пратэстанты — гэта ж таксама хрысьціяне, іх таксама трэба паважаць. Не! Ведаеце, хоць так і не гаворыцца, але гэта нейкі праваслаўны шавінізм!

А як можна дараваць замах на нашую дзяржаўнасьць? Бог даў нам сувэрэнітэт без рэвалюцыяў, без крыві, яго беларусы так доўга чакалі, і — самім аддаваць, адмаўляцца ад дзяржаўнасьці?! На яе стагодзьдзямі працавалі літаратура, культура, уся інтэлігенцыя! А тут прыходзіць старшыня саўгасу й спакойненька аддае дзяржаву, як саўгас! Але я веру ў перамогу розуму, у нацыянальную ідэю, якая можа быць зрэалізаваная толькі пры дэмакратыі, пры дыктаце пра яе й гаварыць няварта”.

(Скобла: ) “Сёньня вас можна часьцей застаць у Слоніме. У слонімскай друкарні выходзяць і вашы кнігі. Вы — член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук, доктар філялёгіі, прафэсар, аўтар ледзь ня сотні кніг — лёгка прымаеце сваё слонімскае пустэльніцтва?”

(Лойка: ) “Я не лічу сябе пустэльнікам. Яшчэ працягваю трохі лекцыі чытаць ва ўнівэрсытэце, навукоўцаў рыхтую. Толькі летась чатыры мае вучні сталі дактарамі навук. Апошнім часам я шмат перакладаў, і сёлета выходзяць адразу дзьве анталёгіі — польскай і нямецкай паэзіі — у маім перакладзе. Польская нават двухтомавая, там 180 аўтараў! Падрыхтаваў я й кнігу мэмуараў. Так што чакаю адразу тры кнігі! Пакуль здароўе служыць, я буду служыць унівэрсытэту, навуцы, беларускай краіне”.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG