“Геаграфічны рэгіён на поўдні Беларусі. Зьмяшчаецца ў Палескай нізіне ўздоўж ракі Прыпяць”. Такое азначэньне Палесьсю дасьць які заўгодна школьнік. Але Палесьсем называецца і вёска. Яна знаходзіцца ад балотнага краю на адлегласьці аднаго мэтру па мапе, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласьці.
Як згаданы рэгіён вылучаецца сярод іншых у Беларусі сваімі моўнымі ды побытавымі традыцыямі, так і вёска адрозная ад суседніх. У ёй жывуць стараверы. На поўначы Беларусі гэтым нікога ня зьдзівіш. Тут нашчадкаў расейскіх рэлігійных уцекачоў хапае. Дзякуючы свайму адасобленаму ад карэнных жыхароў жыцьцю яны цягам 4-х стагодзьдзяў захавалі веру й мову. Але Палесьсе-вёска незвычайная тым, што насельніцтва ў ёй зьмешанае: стараверы з каталікамі.
Уляна Жарына заўважае, чаго людзі сталага веку яшчэ неяк прытрымліваюцца гістарычных традыцыяў, што нельга сказаць пра моладзь.
(Карэспандэнт: ) “Раней стараверы ня пілі, не палілі й не мацюкаліся. Цяпер гэта захоўваецца?”
(Жарына: ) “І п’юць, і паляць. Ведаеце, цяпер і гэтыя словы ёсьць ва ўсіх, лаюцца”.
(Карэспандэнт: ) “Маглі б старыя паўплываць...”
(Жарына: ) “Страшна, калі вялікая такая кампанія стаіць. Сказаць яму: “Дзіця, што ты робіш? Навошта паліць?” Ён яшчэ й мат можа добры сьпець у адказ”.
(Карэспандэнт: ) “Што ёсьць добрага ў вёсцы?”
(Жарына: ) “Цяпер мірны час. Я выйду позьнім вечарам на вуліцу й пасяджу — я пайшла й хату не зачыніла. Нікога не баімся”.
На сьцяне крамы вісіць шыльда з такім тэкстам: “Усім! Усім! Усім! Калі ў вас бракуе грошай, а вам неабходна штосьці набыць, мы вам дапаможам. Прыносьце й прывозьце ў нашую краму бульбу, садовіну, гародніну, мяса, сала, грыбы, ягады, лекавыя зёлкі, сыравіну, мёд, скуры, тэхнічныя адыходы, макулятуру й мэталалом”.
Да крамы падышлі разам з маім гідам — Алесем Гарбулём, краязнаўцам з суседняга мястэчка Лынтупы. Скончыліся цыгарэты, і ён папрасіў, каб мы трошкі адхіліліся ад заплянаванага маршруту. Прачытаў аб’яву й таксама вырашыў зайсьці ўнутр.
Да нас наблізілася прадавачка, знаёмая майго правадніка. Я прадставіўся й патлумачыў мэты свайго візыту.
(Супрацоўніца крамы: ) “У якую газэту гэта пойдзе?”
(Карэспандэнт: ) “Паслухаць можна будзе: гэта радыё”.
(Супрацоўніца: ) “Радыё Свабода! Э-э-э-э! Алеська, ты тут нас не падвадзі!”
(Праваднік: ) “А што тут падвадзіць?”
(Супрацоўніца: ) “Зараз як па Радыё Свабода прагучым на ўсё Палесьсе!”
(Праваднік: ) “Я цябе ня клікаў. Ты сама падыйшла. Так што цяпер размаўляй”.
(Карэспандэнт: ) “Вісіць у вас шыльда пра тое, што можна здаваць грыбы ды ягады...”
(Супрацоўніца: ) “Усё здаюць і усё прымаем. Як толькі палучка, выкладаюць усю. Атрымалі й патрацілі. Калі няма грошай, нясуць трап’ё, макулятуру, грыбы, ягады”.
(Карэспандэнт: ) “За дзень на якую суму нагандляваць можна?”
(Супрацоўніца: ) “Сёньня “хлебны” дзень — 500 тысячаў. А калі... Выключай дыктафон! А то гэтая сумма яшчэ куды-небудзь пойдзе!!. А калі заробак, дык і на паўтары мільёны можна нагандляваць”.
(Карэспандэнт: ) “А гэтыя лічбы — камэрцыйная таямніца?”
(Супрацоўніца: ) “Хто яго ведае, куды гэтыя лічбы пойдуць. Мы захоўваем грошы тут. Вось і ўсё”.
Яшчэ на самым пачатку размовы ля нас спынілася калгасьніца. Яна ўвесь час стаяла моўчкі й толькі зараз вырашыла далучыцца.
(Калгасьніца: ) “Пра што ты тут гаворыш? Нам заробак яшчэ майскі не даюць!”
(Супрацоўніца крамы: ) “Сказалі, што праз два дні будзе”.
(Калгасьніца: ) “Буракі. Далі маладым па тры гранкі й бабе старой — тры гранкі”.
(Супрацоўніца: ) “Карову маеш?”
(Калгасьніца: ) “Ня маю!”
(Супрацоўніца: ) “А на што пайшла палоць?”
(Калгасьніца: ) “Ну, дык далі ж”.
(Супрацоўніца: ) “Я ўвогуле не хацела з вамі размаўляць”.
(Карэспандэнт: ) “Але давялося. Дзякуй вам вялікі! Да пабачэньня”.
На выбарах першага прэзыдэнта Беларусі ў Пастаўскім раёне за Зянона Пазьняка прагаласавала блізу 30% насельніцтва. У тутэйшым калгасе імя Заслонава гэтаму кандыдату тады наладзілі сапраўдны ўрачысты прыём: сустракаў асабіста кіраўнік гаспадаркі, а пасьля быў сход у вясковым доме культуры.
Калгаса цяпер ўжо няма. Замест яго — каапэратыўнае прадпрыемства. Яно ў раёне на добрым рахунку. Кажуць, што адно з самых стабільных. Але выказваньні той кабеты ў краме, прыводзяць мяне на гаспадарчы двор.
(Карэспандэнт: ) “Як людзі жывуць?”
(Спадарыня: ) “Ой! Не-е-е-е!”
(Карэспандэнт: ) “Што? Людзі тут не жывуць?”
(Спадарыня: ) “Жывуць, але я нічога ня ведаю. Ня буду гаварыць!”
(Карэспандэнт: ) “Ёсьць такая праблема, што заробак затрымліваюць? Ці плоцяць яго ў час?”
(Спадарыня: ) “Яна была, ёсьць і будзе такая праблема”.
(Карэспандэнт: ) “Апошні раз за які месяц заробак давалі?”
(Спадарыня: ) “За красавік”.
(Карэспандэнт: ) “А калі не сакрэт, вялікі заробак?”
(Спадарыня: ) “Не. Можа, сорак тысячаў”.
(Карэспандэнт: ) “А як вы жывяцё на 40 тысячаў?”
(Спадарыня: ) “На мужавы заробак”.
(Карэспандэнт: ) “А муж у вас дзе працуе?”
(Спадарыня: ) “У лясьніцтве”.
(Карэспандэнт: ) “Там плоцяць больш чым у калгасе?”
(Спадарыня: ) “Там плоцяць заўжды”.
(Карэспандэнт: ) “Рэфармавалі калгас. Цяпер у вас каапэратыўнае прадпрыемства. Гэта неяк зьмяніла стан гаспадаркі?”
(Спадарыня: ) “Такое толькі нядаўна здарылася”.
(Карэспандэнт: ) “Вынікаў яшчэ ніякіх?”
(Спадарыня: ) “Не”.
Калектыўная гаспадарка існуе ў вёсцы Палесьсе апошнія 50 год. Да гэтага было жыцьцё на хутарах і прыватныя надзелы — своеасаблівыя прататыпы сучаснага фэрмэрства.
Чаму б не вярнуцца да традыцыйнага гаспадараньня на зямлі? Чаму не ўзяць надзел і жыць самастойна? Гэтыя пытаньні я адрасую Абакуму Рудаву — аднаму з самых старых і паважаных у вёсцы людзей.
(Рудаў: ) “Прызвачыіліся да агульнай гаспадаркі. Тыя, якія не былі аднаасобнікамі,— у іх няма разуменьня, як аднаасобна жыць. А людзей сталага веку ня так шмат засталося”.
(Карэспандэнт: ) “Як людзі жывуць?”
(Рудаў: ) “Калі меркаваць па прыбытку, жывуць дрэнна: заробак нізкі й пэнсія малая. Але насамрэч жывуць добра. А чаму, ня ведаю”.
(Карэспандэнт: ) “А як такое можа быць? Яны дзесьці яшчэ падпрацоўваюць?”
(Рудаў: ) “Уласная гаспадарка дапамагае. Вось яны копяць, копяць грошы, а пасьля набываюць рэчы, машыны, апранутыя ўсе добра”.
(Карэспандэнт: ) “А як мясцовае насельніцтва ставіцца да нацыянальных уладаў: прэзыдэнт, урад?”
(Рудаў: ) “Па рознаму: і станоўча й дрэнна”.
(Карэспандэнт: ) “Калі станоўча, чым яны аргумэнтуюць сваю пазыцыю?”
(Рудаў: ) “Прэзыдэнт нічога ня ведае пра тое, што робіцца”.
(Карэспандэнт: ) “А калі “дрэнна”, што яны кажуць?”
(Рудаў: ) “Заробак нізкі й цэны растуць”.
Інфармацыйная прастора Палесься — гэта раёнка, якую выпісваюць дзеля тэлепраграмы, а таксама каналы Нацыянальнай ды абласной тэлевізіі. А баба Вера дадае: у кароткахвалёвым дыяпазоне ёсьць яшчэ безьліч радыёстанцыяў.
(Вера: ) “Мы “Свабоду” часта ўключаем. І вось там будуць перадаваць тое, што мы гаворым?”
(Карэспандэнт: ) “А вы будзеце незадаволеныя?”
(Вера: ) “Чаму ж? Мы будзем задаволенныя. Але ж людзі скажуць: “Во яны якія, “Свабоду” слухаюць”.
(Карэспандэнт: ) “А няўжо дагэтуль слухаць Радыё Свабода — гэта крамольная рэч?”
(Вера: ) “Не, цяпер ужо шмат людзей слухаюць “Свабоду”. Усё слухаем, а пасьля робім свае высновы: дзе правлільна гавораць, а дзе не”.
(Карэспандэнт: ) “Некалькі пытаньняў хацеў задаць. Вы ня супраць?”
(Вера: ) “Я толькі баюся, што як вы пачнеце перадаваць, мяне з Палесься выганяць. Нельга ж пражыўшы тут усё жыцьцё, штосьці ганьбіць ці хваліць. Трэба казаць так, як яно ёсьць. Як жыве мясцовая інтэлігенцыя? Добра. Але калі падумаць, за кошт чаго яны добра жывуць? Шмат працуюць і трымаюць гароды. А як настаўніку, можа яно й ня трэба было б. Настаўнік мусіць у першую чаргу працаваць зь дзецьмі. А калі ён трымае такую гаспадарку, ён ня зможа сябе падрыхтаваць”.
(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам вялікі!”
(Вера: ) “Але ж вы там лішняга нідзе не гаварыце”.
(Карэспандэнт: ) “Ужо ўсё запісана”.
(Вера: ) “А вы гэта выкіньце”.
(Карэспандэнт: ) “Адным словам, слухайце сябе на хвалях Радыё Свабода”.
(Вера: ) “О, Божа ты мой, Божа!”
Ганна Блізьнюк як раз і ёсьць прадстаўніцай той самай вясковай інтэлігенцыі. Да 2001 году гэтая настаўніца беларускай мовы й літаратуры сярод вяскоўцаў нічым не вылучалася. А часам прэзыдэнцкай кампаніі агітавала за альтэрнатыўнага кандыдата. Ужо пасьля 9 верасьня яны з мужам мелі шмат непрыемнасьцяў з гэтай нагоды.
Іхная вонкавая апазыцыйная дзенасьць тады скончылася. Але нягучна спадарыня Блізьнюк працягвае пратэставаць супраць калгасных парадкаў — адмаўляецца палоць буракі.
(Блізьнюк: ) “Хочацца закрычаць і заплакаць. Я сёньня замест таго, каб штосьці чытаць, павінна палоць буракі. Якая да мяне можа быць павага?”
(Карэспандэнт: ) “А не палоць нельга?”
(Блізьнюк: ) “Не палоць можна, вядома. Але тады будуць вялікія праблемы. Вось я сёлета ня выйшла. Ня толькі з боку гаспадароў калгасу, але нават з боку мужа свайго і тое не магу паразуменьня знайсьці. Кожны дзень пачынаецца з запыту: “калі ты пойдзеш палоць буракі?”. Ніколі не пайду!”
(Карэспандэнт: ) “Нібыта хто-хто, а муж у першую чаргу мусіць быць задаволены, што вы не пайшлі палоць буракі. Бо калі жонка ня ў полі, значыць яна пры хаце, на кухні. Гэтым гарантаваны смачны абед ці вячэра. Ён мусіць пляскаць ў далоні, што вы не пайшлі палоць буракі!”
(Блізьнюк: ) “Абед наўрадці яму гарантаваны. Хутчэй кніжка ў маіх руках”.
(Карэспандэнт: ) “А на што людзі спадзяюцца?”
(Блізьнюк: ) “Старэйшыя больш спадзяюцца на прэзыдэнта. Яны ў гэта вераць. А я ніколі не спрабую іх пераканаць, бо гэта дарэмная справа даводзіць ім штосьці адваротнае”.
(Карэспандэнт: ) “Што ў вёсцы ёсьць добрага?”
(Блізьнюк: ) “Пералічыце прыклады, што можа быць добрага”.
(Карэспандэнт: ) “Паклалі асфальтавую дарогу…”
(Блізьнюк: ) “Наадварот — тая, што паклалі гады таму, ужо развалілася”.
(Карэспандэнт: ) “Правялі газ ці вадаправод…”
(Блізьнюк: ) “Не, нічога такога няма”.
(Карэспандэнт: ) “Зьявілася гарачая вада…”
(Блізьнюк: ) “У мяне зьявілася, але за гэта 60 даляраў заплаціла”.
(Карэспандэнт: ) “Адкрыліся новыя працоўныя месцы”.
(Блізьнюк: ) “Нічога няма й гэтыя закрываюцца, якія ёсьць. Я баюся думаць пра сваю будучыню: няма адвагі”.
Людзі ў Палесьсі прывязаныя да прысядзібнай гаспадаркі не ад вялікага дабрабыту. Ганна Блізьнюк дадае, што ёсць яшчэ й псыхалягічны чыньнік журботных настрояў — вёскоўцы жывуць адным днём, не зазіраючы ў заўтра.