Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯН БУШ : "АБВІНАВАЧВАНЬНІ БЕЛАРУСКАГА БОКУ НА МОЙ АДРАС БЕСПАДСТАЎНЫЯ"


Нагадаем, што нямецкі сацыял-дэмакрат ёсьць кіраўніком нямецка-беларускіх сэмінараў, прысьвечаных палітычнай і грамадзкай працы моладзі ў Беларусі і Нямеччыне. Тэма сумесных імпрэзаў была загадзя ўзгодненая на ўзроўні кіраўніцтва МЗС абедзьвюх краінаў. Сэмінары праводзяцца на працягу двух апошніх месяцаў у правінцыйных беларускіх гарадах. Фінансуе іх зьнешнепалітычнае ведамства Нямеччыны. Аднак 17 жніўня беларускія ўлады выставілі перад спадаром Бушам патрабаваньне тэрмінова пакінуць краіну, паколькі той, паводле іхных словаў, "нанес урон беларускай бясьпецы і беларускаму народу". Як паведамляе Frankfurter Allgemeiene, урад Нямеччыны выказаў рашучы пратэст кіраўніцтву Беларусі з гэтае нагоды. На размову ў нямецкае зьнешнепалітычнае ведамства запрошаны прадстаўнік беларускай амбасады ў Бэрліне. Паводле крыніцаў у нямецкім МЗС, гэты выпадак толькі ўзмацняе заклапочанасьць ураду ФРГ адносна сытуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі.

Наша радыё зьвязалася па тэлефоне зь міжнародным каардынатарам JUSOSa Янам Бушам і папрасіла яго распавесьці пра тое, што насамрэч здарылася ў часе правядзеньня выніковага сэмінару ў Жлобіне.

(Буш: ) “Што здарылася? У сыботу раніцай (калі дакладна – у 6.45) у дзьверы майго пакоя ў Жлобінскім гатэлі, пастукаліся людзі з КДБ і заявілі, што паколькі я заклікаў апазыцыю да бунту супраць прэзыдэнта, то мушу тэрмінова бліжэйшым аівярэйсам пакінуць Беларусь. Затым мяне адвезьлі ў нейкае мясцовае ведамства і там паставілі штэмпель, што я на працягу 5 год пазбаўлены права на ўезд у Беларусь. Затым мяне адвезьлі ў аэрапорт Менск-2 і паведамілі, што мушу адляцець варшаўскім рэйсам. Дэпартацыя ў 3-ю краіну мяне больш чым зьдзівіла. Гэта ўвогуле надзвычайная зьява, і я папрасіў тых, хто суправаджаў мяне, накіраваць мяне ўсё ж у Нямеччыну, бо да франкфурцкага рэйсу было ўсяго дзьве гадзіны. Аднак мне сказалі: “Вымятайся тэрмінова! З Варшавы можна даехаць у Нямеччыну і цягніком!”

(Карэспандэнтка:) "Наколькі вядома, дагэтуль Вы былі ў Беларусі больш за 20 разоў і як прадстаўнік нямецкай моладзевай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі сустракаліся ня толькі з маладымі беларускімі дэмакратамі, але і з прадстаўнікамі ўладных структураў. Ці выстаўляліся да вас раней нейкія прэтэнзіі з боку беларускіх уладаў?”

(Буш: ) “Не. Дагэтуль у мяне ніколі не было праблемаў з беларускімі ўладамі, мяне не выклікалі ні ў якія ведамствы і ні ў чым не абвінавачвалі. У мяне ніколі не ўзьнікала пытаньняў, каб у Беларусь уехаць ці выехаць зь яе."

(Карэспандэнтка:) "Зараз Вам інкрымінуюць тое, што Вы заклікалі ўдзельнікаў сэмінараў зрынуць рэжым і дзеля гэтага, маўляў, раздавалі ім грошы. Што дакладна Вы гаварылі ў часе сэмінараў?”

(Буш: ) “Я не магу ўзгадаць, што я дакладна гаварыў. На ўсіх сэмінарах у Бабруйску, Воршы, Салігорску, Жлобіне размова ішла пра ўдзел моладзі ў дэмакратычных працэсах. Дакладчыкі былі як нямецкія, так і беларускія. Яны вялі дыскусіі, абменьваліся досьведам. Як высьветлілася, у часе сэмінараў вяліся патаемныя відэаздымкі. Пра іх я нічога ня ведаў, хаця можна было здагадацца, што нашыя размовы знаходзяцца пад пільнай увагай КДБ, бо ў сэмінарах усё ж брала ўдзел апазыцыйная моладзь. Аднак заяўляю з поўнай адказнасьцю: я ніколі не заклікаў аўдыторыю да таго, каб зрынуць прэзыдэнта."

(Карэспандэнтка:) "Што Вы можаце сказаць адносна тых тысячаў эўра, якія Вы зараз узялі з сабой у Беларусь дзеля таго, каб разьмеркаваць іх сярод апазыцыі?"

(Буш: ) “Гэтыя абвінавачваньні некарэктныя і беспадстаўныя. Як вынікае з прапагандысцкіх паведамленьняў афіцыйнай беларускай прэсы, я ўзяў з сабой вялікія грошы для апазыцыі. Пачну з таго, што цяперашнія нашы сэмінары доўжыліся 4 тыдні – з разьлікам таго, што ў кожным з чатырох беларускіх гарадоў адбудзецца па аднаму тыднёваму сэмінару. Кожны тыдзень разам са мной з боку JUSOS (ЮЗАСа) бралі ўдзел па два-тры дакладчыкі. Канешне, у мяне была неабходная сума для аплаты ўтрыманьня гэтых людзей ў Беларусі, для аплаты гатэляў, квіткоў. Акрамя таго, мы прадугледжвалі і аплату квіткоў беларускіх удзельнікаў. Канешне, пры мне былі грошы. Я дэкляраваў іх. Гэта была сума роўная 3 тысячам эўра, якую можна, дарэчы, правозіць і без дэклярацыі. Дарэчы, у часе папярэдніх сэмінараў я браў з сабой нават большую суму грошай, якую таксама дэкляраваў. Ізноў з усёй адказнасьцю заяўляю: я ніколі не раздаваў апазыцыянэрам вялікія сумы на тое, каб зрынуць прэзыдэнта, як мне зараз інкрымінуюць. Сапраўды, некаторыя ўдзельнікі сэмінару атрымлівалі грошы на квіткі на цягнік ці аўтобус, аднак Вы самі ведаеце, што ва ўмовах Беларусі гэта зусім невялікія сумы."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG