Энтэравірусную інфэкцыю эпідэміёлягі яшчэ называюць “летнім грыпам”, бо звычайна хварэюць на яе ўлетку. Хвароба суправаджаецца серозным мэнінгітам. Аднак трэба адрозьніваць бактэрыяльны мэнінгіт – сур’ёзную хваробу, якая часам прыводзіць да сьмерці – ад серознага мэнінгіту. Ён праходзіць у больш лёгкай форме й звычайна без наступстваў. Сымптомы энтэравіруснай інфэкцыі наступныя: баліць галава, высокая тэмпература, млоснасьць, ваніты. Пры адпаведным лячэньні сымптомы праходзяць праз 3-4 дні. Інфэкцыя распаўсюджваецца па-рознаму: паветрана-кропельным шляхам, праз харчаваньне й ваду.
Як распавялі ў Менскім гарадзскім цэнтры гігіены й эпідэміялёгіі, вірус цыркулюе па краіне ўвесь час, аднак у мінулыя гады адзначаўся спад захворваньня на энтэравірусную інфэкцыю, рэгістраваліся толькі адзінкавыя выпадкі, сёлета ж – год падвышэньня інфэкцыі. У дзіцячым інфэкцыйным шпіталі зараз знаходзяцца каля 120 менскіх дзяцей – у асноўным ад 6 да 14 гадоў, самаму малодшаму 2 гады. Лекары паставілі дыягназ “энтэравірусная інфэкцыя” пакуль толькі 12 дзецям, астатнім канчатковы дыягназ пакуль не пастаўлены. З серозным мэнінгітам таксама шпіталізаваныя 8 дарослых.
Як сьцьявярджае загадчыца эпідэміялягічнага адзелу гарадзскога цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Ірыны Магер, хвароба хутчэй за ўсё была занесеная ў Менск зь іншых рэгіёнаў Беларусі. Нагадаю, што ў Горадні ў траўні быў выбух захворваньня на серозны менінгіт. Тады ж была створаная адмысловая камісія Міністэрства аховы здароўя, якая дасьледвала прычыны хваробы. Аднак, адмыслоўцы Менскага цэнтра гігіены й эпідэміялёгіі кажуць, што канкрэтнай сувязі з захворваньнем у Горадні яны пакуль не прасочваюць, хаця сярод хворых ёсьць дзеці, якія знаходзіліся на Гарадзеншчыне.
Захады перасьцярогі прапаноўваюцца дастаткова традыцыйныя. Па-першае, выконваць правілы асабістай гігіены, піць гатаваную альбо бутэляваную ваду, добра мыць агародніну, садавіну ды ягады, асабліва гарбузы, зьвяртаць увагу на тэрмін захоўваньня харчоў. І галоўнае – не купацца ў Менску й яго ваколіцах – Менскім моры, Камсамольскім возеры ды іншых вадаёмах. Як паведаміла кіраўніца прэсавай службы Міністэрства аховы здароўя Вольга Бартман, менскія санітарныя службы цяпер пачалі гіперхляраваць пітную ваду. Дарэчы, гэта менчукі маглі адчуць ад мінулай пятніцы – вадаправодная вада стала моцна пахнуць хлоркай. Апроч таго, сталі часьцей браць ваду на дасьледваньне з вадаправоднай сеткі ды адкрытых вадаёмаў гораду. Калі раней пітную ваду дасьледвалі раз на месяц, то цяпер два разы. Тым ня менш, эпідэміёлягі прагназуюць, што рост захворваньня на серозны мэнінгіт будзе працягвацца яшчэ пэўны час.