Хаця адпаведны ўказ прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма падпісаў 18 жніўня, наконт прызначэньня Пятра Шапавала амбасадарам у Беларусь было вядома раней. З красавіка 2001 году ён працаваў амбасадарам у Кыргызстане, а да гэтага з 1995 году быў старшынём Чарнігаўскай абласной рады. Апошнія тры гады перад пачаткам дыпляматычнай кар’еры адначасова быў і губэрнатарам Чарнігаўскай вобласьці, якая мяжуе зь Беларусьсю.
Распавядае ягоны зямляк — папярэдні амбасадар Украіны ў Менску Анатоль Дронь, які цяпер працуе першым намесьнікам украінскага міністра замежных справаў:
(Дронь: ) “…На Чарнігаўшчыне нарадзіўся, і ўвесь час жыў і працаваў на Чарнігаўшчыне. Я таксама там нарадзіўся ды жыў 18 гадоў, а ён — усё жыцьцё, больш чым я”.
Варта дадаць, што й прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма таксама нарадіўся ў Чарнігаўскай вобласьці, прычым у той частцы, якую некаторыя лічаць этнічнай Беларусьсю.
А новы ўкраінскі амбасадар у Менску ад 1977 году працаваў старшынём гарадзкога выканкаму Гародні — гэтак называецца раённы цэнтар на Чарнігаўшчыне. З пачаткам перабудовы перайшоў на працу ў абласны камітэт кампартыі, у якім стаў першым сакратаром у 1991 годзе.
Чарнігаўскія апазыцыянэры называюць Пятра Шапавала “вечным камуністам”, але й камуністы гэтай вобласьці выступалі супраць губэрнатара. Ці добры будзе амбасадар для Беларусі? Вось як на гэтае пытаньне адказаў Анатоль Дронь:
(Дронь: ) “Кепскіх на Беларусь не накіроўваюць паслоў. Гэта суседняя краіна, дзе ў нас шмат інтарэсаў, і таму я перакананы, што амбасадар будзе добры”.
А ці ўваходзіць Беларусь па-ранейшаму ў сфэру інтарэсаў самога спадара Дроня на пасадзе першага намесьніка кіраўніка МЗС Украіны?
(Дронь: ) “Галоўныя пытаньні, якімі я займаюся, гэта сувязь зь Вярхоўнай Радаю, урадам, цэнтральнымі й мясцовымі ворганамі выканаўчай улады, самакіраваньня, грамадзкімі й рэлігійнымі арганізацыямі. Гэта адзін напрамак. Безумоўна, будуць яшчэ пытаньні. Мажліва, гэта будуць пытаньні СНД, Расеі ды Беларусі. Але я працягваю цікавіцца Беларусьсю, бо тыя гады, што я там правёў, зрабілі Беларусь блізкай для мяне. І неабыякава мне тое, што там адбываецца”.