Да брамы Нацыянальнага ліцэя прыходзіць усё больш людзей на знак салідарнасьці з калектывам. Людзі падпісваюць ліст у абарону ліцэя і прыносяць пачастункі для дзяцей. Людміла Белахвостава прыехала зь лецішча:
(Белахвостава: ) “Дзеткам зь лецішча адмыслова прывезла яблыкаў, гуркоў, памідораў… Гэта жах, што робіцца на нашай зямліцы роднай! Зьнішчаецца мова, зьнішчаецца нацыя!.. Але ў нас ёсьць сілы, каб адстаяць нашую родную бацькаўшчыну!”
Але ня ўсе жадаюць называць сваё прозьвішча…
(Пэнсіянэр: ) “Чаго прычапіўся да гэтых дзяцей?.. У якой краіне?! У якой нацыі?! Я быў ва Ўкраіне, дык там усе размаўляюць па-украінску і нават ганарацца сваёй моваю… А тут нешта прычапіўся… Чаго цябе?.. Рабі добрую справу, каб народу добра жылося. Эканоміку трэба падымаць!.. А то перастаўляе ўсё гэтыя фігуры, як той… Нідзе й ніколі такога не было! Жадаю, каб дзеткі вучыліся на сваёй мове, тым больш, што яна нацыянальная. Зразумела, хто душыць гэтую мову!”
Ліцэісты на Кастрычніцкім пляцы зьбіралі подпісы, раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра ліцэй, а дзецям дарылі паветраныя балёнікі. Міліцыянты нікога не затрымлівалі, але ўгаворвалі сыйсьці ў іншае месца, пакуль не даведалася начальства.
Тацяна Сьцяцко перайшла на чацьверты курс. Яна найбольш актыўная ўдзельніца акцыяў навучэнцаў.
(Сьцяцко: ) “Мы кожны дзень робім у горадзе кароткачасовыя культурніцкія акцыі. Інфармуем народ пра сытуацыю ў ліцэі. Зараз мы ня бачым такой агрэсіі з боку міліцыянтаў. Праглядаецца іхная пазыцыя ўласная ды іхнага начальства. Яны нас папросту просяць разыйсьціся, бо ў іх будуць праблемы, або просяць перайсьці праз мост, бо там іншы РУУС, а гэта іншая тэрыторыя. Некаторыя нават ставяць подпісы ў падтрымку ліцэя. Мы іх разумеем і, таму пераходзім на новыя месцы і раздаем улёткі людзям”.
Выкладчыкі разам з бацькамі ліцэістаў набываюць усё неабходнае для навучальнага году. Сяргей Патаранскі, настаўнік і мастацкі кіраўнік ліцэйскага тэатру, лічыць, што навучальны год пачнецца ў ранейшым складзе калектыву ліцэя.
(Патаранскі: ) “Мы набываем падручнікі, мапы, рэквізыт. Шукаем тэхнічныя сродкі. Цяпер наш вялікі ліцэй на нулі, уся нашая матэрыяльная база… Але рыхтуемся да новага навучальнага году, бо нашую волю ня зломіць ніхто”.
Увечары на бацькоўскім сходзе бацькі абмеркавалі сытуацыю і заслухалі сяброў Грамадзкага камітэту ў абарону ліцэя. Яны перадалі заявы на імя Ўладзімера Коласа пра тое, што іхныя дзеці будуць вучыцца ў тых выкладчыкаў і ў тым ліцэі, куды паступілі.