Падвышэньне колькасьці хворых на энтэравірусныя інфэкцыі рэгіструецца ў Менску ад пачатку жніўня. Хаця ў Менскім гарадзкім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі кажуць, што такое падвышэньне ёсьць сэзоннай зьявай, адначасова адмыслоўцы зазначаюць, што ў папярэднія гады хворых былі адзінкі, а цяпер іх больш за сотню.
Прадстаўніца аддзелу эпідэміялёгіі гарадзкога цэнтру Ірына Магер паведаміла, што найбольш пацярпелі сталічныя дзеці ад 6 да 14 гадоў. У трох аддзяленьнях дзіцячай інфэкцыйнай клінікі ў менскім раёне Захад знаходзіцца каля 120 дзяцей.
(Магер: ) “На сёньняшні дзень зь іх у 12 чалавек пацьверджаны дыягназ энтэравіруснай інфэкцыі. Астатнія дзеці – яшчэ складана сказаць”.
Спадарыня Магер таксама сказала, што праз тры-чатыры дні адэкватнага лекаваньня ўсе дзеці адчуваюць сябе няблага. Яшчэ зафіксавана 8 выпадкаў захворваньня дарослых. Усе хворыя паходзяць з розных раёнаў Менску, але дактары кажуць, што пацярпелых аб'ядноўвае тое, што яны купаліся ў розных сталічных вадаёмах.
(Магер: ) “Ужо ня першы дзень вадаёмы ў горадзе Менску і каля Менску не рэкамэндаваныя для купаньня, таму што паводле мікрабіялягічных паказьнікаў гэтая вада небясьпечная як у пляне заражэньня кішэчнымі інфэкцыямі, гэтак і энтэравіруснай інфэкцыяй”.
Кіраўніца аддзелу эпідэміялёгіі падкрэсьліла, аднак, што масавае захворваньне пачалося пасьля завозу гэтай інфэкцыі зь іншых рэгіёнаў Беларусі. Нагадаю, што ў траўні ў Горадні было зарэгістравана каля 200 хворых на сэрозны мэнінгіт. Тады галоўны доктар Гарадзенскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Мікола Кендыш заявіў: "Нельга сказаць, што сэрозны мэнінгіт выйшаў за межы гораду". Але ягоная сталічная калега Ірына Магер кажа:
(Магер: ) “Канкрэтная сувязь з гарадзенскім мэнінгітам не прасочваецца, аднак у нас ёсьць дзеці, якія ў арыентыровачныя тэрміны знаходзіліся ў Гарадзенскай вобласьці. Узбуджальнік цыркулюе цяпер паўсюль – і ў Горадні, і ў Маладэчне, і ў нас – то бок па ўсёй рэспубліцы.
У Маладэчанскім раёне апошні выпадак захворваньня на энтэравірусную інфэкцыю зафіксавалі 7 жніўня, а распачалася там успышка ў канцы чэрвеня. Усяго захварэла 25 чалавек.
Спадарыня Магер распавяла, што энтэравірусная інфэкцыя можа перадавацца таксама аэразольным шляхам, то бок праз паветра. Асноўныя сымптомы хваробы – галаўны боль, падвышаная тэмпэратура цела, ванітаваньне. У Менску робяцца захады прафіляктыкі. Узмоцнены кантроль за прадпрыемствамі харчовай прамысловасьці, іхняя прадукцыя правяраецца на вірусы часьцей. Гэта ж тычыцца й пітной вады, кажа Ірына Магер.
(Магер: ) “Плюс уведзенае гіпэрхляраваньне. Вы, калі ў Менсу жывяце, ужо, напэўна, адчулі, што вадзічка зь пятніцы пахне хлёркай”.
Але галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Анатоль Кажамякін заклікаў піць ваду толькі пасьля кіпячэньня альбо ў бутэльках, добра мыць гародніну й садавіну, не купляць яе, асабліва кавуны, па-за гандлёвымі пунктамі, выконваць правілы асабістай гігіены.