Новы навучальны год, да якога рыхтуюцца ў гэтыя дні дзеці ды іхныя бацькі, для Беларусі адметны тым, што ў краіне 1 верасьня не распачнуць працу дзясяткі вясковых школаў ва ўсіх абласьцях. Прытым, як выяўляецца, улады аддалі загад закрываць ня толькі тыя школы, дзе няма каму вучыцца. Вось які ліст даслаў на Свабоду школьны настаўнік з Полацкага раёну Алег Ціхвінчук. Ён піша:
“Для адных эпоха Лукашэнкі — гэта лядовыя палацы, для другіх — зьнішчаны бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. А для мяне, старога настаўніка, гады ягонага кіраваньня — гэта сотні закрытых вясковых школаў. Грамадзтва на гэта ня надта зьвяртае ўвагу, а дарма. Справа ня толькі ў тым, што колішні асяродак адукацыі, культуры, выхаваньня ператвараецца ў мёртвы будынак, ад якога празь некалькі гадоў застануцца голыя сьцены без дзьвярэй і вокнаў. Бяз школы вёска пражыве нядоўга. А тысячы і тысячы малых дзетак у выніку гэтай так званай “эканоміі” асуджаныя на пакуты і непаўнацэнную адукацыю.
Адно, што зачыняюць пераважна беларускамоўныя школы, а дзяцей пераводзяць, як правіла, у расейскамоўныя. А другое: як малым дабірацца ў іншую вёску, часам — за дзясяткі кілямэтраў? Абяцаюць, што на з’эканомленыя грошы купяць аўтобусы. Але хто ня ведае цану такім абяцанкам? Той аўтобус калі й купяць, дык ясна, як ён будзе хадзіць. Будуць казаць: то бэнзыну няма, то зламалася нешта...
Канечне, вясковыя малыя ўсё сьцерпяць, абараніць іх няма каму. Але ўладзе яны гэта не даруюць. Як не даруем і мы — настаўнікі, якія засталіся бяз працы, што была сэнсам жыцьця і безь якой гэты сэнс згублены”,
— напісаў настаўнік з Полацкага раёну Алег Ціхвінчук.
Кампанія ў справе ліквідацыі вясковых школаў, што разгарнулася ў апошнія гады — сапраўды, маштабная — такой дагэтуль у Беларусі не было ніколі. Закрываюць ня толькі тыя школы, дзе засталося ўсяго колькі вучняў і ня толькі тыя, што былі ў старых драўляных будынках. Улада санкцыянавала ліквідацыю нават тых школаў, дзе дзясяткі дзяцей, і якія месьціліся ў параўнальна новых цагляных будынках. Аргумэнт пры гэтым адзін: эканомія грошай. Тое, што наступствы гэтай эканоміі — пакуты маленькіх дзетак, непаўнацэнная адукацыя і беспрацоўе настаўнікаў — у разьлік ня надта бярэцца.
Ды й спасылкі на нерэнтабельнасьць выклікаюць шмат пытаньняў? А лядовыя палацы прыбытковыя? А горна-лыжны комплекс у краіне, у якой няма гор? А пампэзныя будоўлі, безь якіх можна было абыйсьціся?
За апошнія месяцы я некалькі разоў цытаваў лісты навукоўца з Рыгі Міхаіла Лекаха, які часта дасылае ў розныя выданьні Беларусі, у тым ліку й на Свабоду, свае шматлікія артыкулы ды іншыя матэрыялы пра цяперашняе жыцьцё ў Латвіі, якое апісвае выключна змрочнымі фарбамі. Цытаты, што гучалі ў нашым эфіры, датычыліся пераважна нараканьняў на тое, што расейскамоўныя жыхары Латвіі ня маюць аднолькавых правоў з латышамі. Міхаіл Леках пры гэтым лічыць, што за ўзор міжнацыянальных стасункаў і вырашэньня нацыянальных пытаньняў варта браць цяперашнюю Беларусь.
У аглядзе 10 ліпеня я чытаў адказ Міхаілу Лекаху, дасланы нашым слухачом зь Бярозы Міколам Ліцьвінчыкам. “У нашым райцэнтры Бяроза тры школы, і ўсе расейскамоўныя,— пісаў спадар Ліцьвінчык.— А ў Рызе мае ўнукі вучацца ў беларускай школе. У Беларусі ў іх такой магчымасьці не было б. Вось табе і моўны “ўціск”.
Сёньня працытую водгук на лісты Міхаіла Лекаха нашага слухача зь Менску, былога вайскоўца Ільлі Копыла.
“Вельмі зьдзівіла, што Міхаіл Леках папракае Радыё Свабода за тое, што яно на сваіх хвалях не абараняе расейскамоўных Латвіі. Можа, Леках так жартуе?
З 40-га па 91-ы гады гэтыя людзі (ці, прынамсі, многія зь іх) адчувалі там сябе гаспадарамі, зьняважліва ставіліся да латыскай мовы, гісторыі, культуры, нацыянальных звычаяў. За 50 год, жывучы сярод народа, ня вывучылі нават некалькі фразаў па-латыску. І яны хочуць, каб іх паважалі?
А хто ў 91-м годзе ствараў гэтак званы “Інтэрфронт”? Хто спрабаваў перагарадзіць шлях Латвіі да незалежнасьці й дэмакратыі? Хто арганізаваў крывавыя падзеі?
Балтыйская краіна здабыла сваю незалежнасьць у барацьбе. Яна нікога ня ўтрымлівае ў сябе сілком: не падабаецца табе незалежная Латвія, ня хочаш вучыць дзяржаўную мову — калі ласка, ад’яжджай на радзіму. Яна ж, напэўна, забясьпечыць лепшыя ўмовы. І пэнсія будзе вялікая, і мову вучыць ня трэба”,
— напісаў Ільля Копыл зь Менску.
Вы, спадар Копыл, безумоўна, ведаеце, што ніхто тыя сотні тысячаў расейскамоўных перасяленцаў з краінаў Балтыі не чакае ані ў Расеі, ані ў Беларусі, ані ва Ўкраіне. Ні жыльля там у іх ня будзе, ні працы, ні пэнсіі. І становішча іх, сапраўды, складанае — ехаць ім няма куды, а ў новых незалежных краінах Балтыі яны адчуваюць дыскамфорт пераважна псыхалягічны. Вялікая праблема палягае якраз у тым, што многія, як і спадар Леках, ня могуць пагадзіцца з тым, што ім усё ж давядзецца вучыць мову і паважаць дзяржаву, у якой яны жывуць.
Ліст ад Леаніда Бычко з Узьдзенскага раёну.
“Я і вельмі многія ў нашай вёсцы зарабляюць на жыцьцё тым, што гандлююць ля шашы,— піша слухач.— Прадаем грыбы, ягады, яблыкі, бульбу... Усё гэта таньней, чым у горадзе, дык і гандаль ідзе няблага. Але ад нядаўняга часу пачала ганяць міліцыя. Маўляў, падаткаў мы ня плацім, гандлюем не ў належных умовах, псуем выгляд дарогі... Вялікай прыгажосьці ад гандлю зь зямлі, сапраўды, няма. Але калі ўладу так турбуе выгляд, дык няхай збочыць з дарогі й паглядзіць на калгасныя фэрмы, зарослыя бур’янам, ці на незасеяныя палі з чартапалохам.
Праца ў калгасе ўжо даўно нікога ня корміць: на 20 тысячаў рублёў месяц не пражывеш. Няўжо яны гэтага ня ведаюць, і ў якое становішча штурхаюць нас?”,
— напісаў Леанід Бычко з Узьдзенскага раёну.
Сапраўды, улады днямі папярэдзілі, што будуць змагацца са стыхійнымі міні-кірмашамі ўздоўж дарог самымі жорсткімі захадамі. Маўляў, гэта і антысанітарыя, і неэстэтычна, і бясьпецы шкодзіць: едзьце на гарадзкія рынкі ды гандлюйце там. Усё як быццам справядліва, за выключэньнем адной вельмі істотнай дэталі: ня можа вясковец дзеля вядра грыбоў ці бульбы ехаць за сотню кілямэтраў у горад: ён не акупіць нават дарожных выдаткаў.
Чыноўнікі выдатна ведаюць, у якім бядотным стане вёска і які жабрацкі стан бальшыні вясковых сем’яў. Гандаль ля дарогі — гэта проста спосаб выжыць. І наўпросты абавязак чыноўнікаў — не ганяць людзей з дарогі, а за кошт бюджэту надаць стыхійным кірмашам хоць бы адносна ўпарадкаваны выгляд.
Сумную гісторыю шматгадовага змаганьня з суседзямі распавяла ў сваім лісьце на Свабоду жыхарка Менску Вольга Сафонава. Каму з жыхароў савецкіх шматкватэрных панэльных дамоў не даводзілася сутыкацца з праблемаю празьмерна шумных суседзяў, якія распачынаюць баляваньне якраз у той час, калі вы кладзецеся спаць. Вольга Сафонава, аднак, лічыць банальны дробны канфлікт справаю свайго жыцьця. У розныя інстанцыі са скаргамі на шумных суседзяў яна пачала зьвяртацца пяць год таму.
“Спачатку на мае сігналы рэагавалі як належыць: кватарантаў папярэджвалі, штрафавалі, а ў сакавіку 99-га году нават прыгразілі судом — улічваючы тлумачэньні суседзяў з кватэраў № 4, 24 і 26, якіх я неаднаразова запрашала да сябе, каб зафіксаваць шумы. Аднак з траўня 99-га,— піша Вольга Сафонава,— тыя, хто правяралі мае заявы, чамусьці зьмянілі да мяне стаўленьне — сталі прыцягваць як сьведак жыхароў іншых кватэраў, якія пра шум нічога ня ведалі, бо ў мяне ў кватэры не былі. А сьведкі з кватэраў 4, 24 і 26, якіх я працягвала запрашаць у кватэру для фіксацыі шуму, чамусьці заставаліся ў баку.
А далей сусед, а таксама жыхары кватэраў 9, 10, 17 і 18 сталі пісаць заявы ў розныя інстанцыі, у якіх аблівалі мяне брудам. І з траўня 99-га году я ўжо пачала пісаць заявы з просьбаю разабрацца з гэтымі пісакамі. Але на мае шматлікія звароты належным чынам ані ЖЭС, ані рэдакцыі, ані гарадзкая міліцыя не рэагуюць”.
Напрыканцы ліста Вольга Сафонава, жыхарка шматпавярховага дома на праспэкце Скарыны ў Менску, просіць умяшацца ў сытуацыю нас — каб абараніць яе і ад міліцыі, і ад суседзяў...
Сумная гісторыя, спадарыня Сафонава. У ёй я вось на што зьвярнуў бы вашую ўвагу. Савецкая архітэктура і якасьць айчыннага будаўніцтва такія, што трапіць у падобную сытуацыю (гэта значыць — быць абвінавачаным ў празьмерным шуме) можа кожны. Тонкія панэлі выдатна праводзяць гук, і калі ў вас дапазна засядзеліся госьці — пра гэта немінуча пачуюць суседзі, нават калі вам здаецца, што музыка ў вас уначы грала зусім нягучна. Падобныя канфлікты, на маю думку, намнога прасьцей вырашыць далікатнай размоваю з суседзямі, чым зацятым змаганьнем з далучэньнем дзясяткаў інстанцыяў, уключна зь міліцыяй і судамі. Урэшце супраць вас ужылі вашую ж зброю. І на гэтым полі бітвы ня будзе пераможцаў — нэрвы, час, грошы і здароўе змарнуюць усе, хто ў яе ўцягнутыя.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Віктар Бута зь Менску і Леакадзія Сімановіч са Слоніму.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас ZdankoV_RS@tut.by