Амаль усе апытаныя мною людзі лічаць, што выцьвярэзьнікі ў Беларусі патрэбныя. І вось чаму…
(Дзяўчына: ) “Думаю, што яны патрэбныя. Бо ў нашай краіне шмат п’яніцаў, калі гэтак можна сказаць. І каб ачысьціць вуліцы ад іх патрэбныя выцьвярэзьнікі. Ну, і ў некаторых людзей, што пабывалі ў выцьвярэзьніку прачнецца сумленьне і яны зразумеюць, што так больш ня варта рабіць”.
(Спадар: ) “На маю думку, трэба аднаўляць. Надта шмат зьявілася п’яных людзей, якія сябе не кантралююць”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці варта аднаўляць дзейнасьць выцьвярэзьнікаў?”
(Пэнсіянэр: ) “Пэўна ж варта, каб людзі былі цьвярозыя, шчасьлівыя й радасныя. А так што ж гэта...”
(Карэспандэнт: ) “І вы лічыце, што выцьвярэзьнікі гэтаму дапамагаюць?”
(Пэнсіянэр: ) “Бясспрэчна”.
(Спадарыня: ) “Я лічу, што аднаўляць усё ж такі варта, бо сапраўды неяк сорамна глядзець, калі йдзеш па прыгожым Менску, здаецца сталіца, а ў цэнтры ляжаць гэтыя людзі ды міліцыі на іх напляваць. Нехта павінен гэтым займацца, і на маю думку гэта мусіць быць міліцыя. Але калі хворы чалавек трапляе ў выцьвярэзьнік, тады гэта ўжо справа шпіталяў. А так, я лічу, што трэба, і нават ня проста трэба, але абавязкова”.
(Хлопец: ) “Думаю, што выцьвярэзьнікі трэба аднавіць. Чуў, што на п’яных скардзяцца мэдыкі. Таму трэба, так будзе лепей мэдыкам”.
(Пэнсіянэрка: ) “Пэўна ж трэба аднаўляць. П’яныя ж на вуліцы валяюцца і іх трэба прыбіраць. Ведаеце, як непрыемна, калі ляжаць на вуліцы? Трэба выцьвярэзьнікі аднаўляць”.
(Спадарыня: ) “Гэта будзе лепей, чым, напрыклад, гэтых людзей везьці ў шпіталі. Гэта вельмі цяжка, і думаю мне было б непрыемна ляжаць у адной палаце з такімі людзьмі. Таму, думаю — лепш за ўсё аднавіць выцьвярэзьнікі ды абнавіць іх, а можа, стварыць новыя ўстановы, што будуць гэтым займацца. Але ня везьці п’яных у звычайныя шпіталі”.
(Карэспандэнт: ) “А вы як лічыце?”
(Другая спадарыня: ) “Варта аднаўляць выцьвярэзьнікі, таму што, напрыклад, міліцыя займаецца тым, што ловіць п’яных людзей, і вязуць іх у пастарунак. Лепей бы яны шукалі сапраўдных злачынцаў, чым п’яных лавілі б”.
І толькі адзін малады чалавек выказаў іншае меркаваньне:
(Хлопец: ) “Я ня ведаю, навошта патрэбныя выцьвярэзьнікі? Гэта толькі трата дзяржаўных сродкаў. Так гэтую справу ня вырашыць, і змагацца можна толькі так, як у Эўропе. Падвысіць цэны на алькаголь”.