Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ НАДАЛЕЙ СКАРАЧАЕЦЦА КОЛЬКАСЬЦЬ БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ ШКОЛАЎ


Ганна Соусь, Менск

Да пачатку новага навучальнага году засталося два тыдні, а 11-гадовая Маша Каралькова з Горак дагэтуль ня ведае, ці будзе наведваць школу. Бліжэйшымі днямі разам з бацькамі яна пойдзе ў раённы адзел адукацыі, каб высьветліць, ці будзе ў яе магчымасьць навучацца па-беларуску. Калі не, то Маша Каралькова свой выбар ужо зрабіла.

(Каралькова)”Я згодна навучацца самастойна дома на беларускай мове”.

Летась Маша Каралькова не наведвала заняткі ў школе на знак пратэсту – навучальная ўстанова не магла даць ёй адукацыю на роднай мове. Дзьве чвэрці яна вучылася дома самастойна, а другую палову навучальнага году наведвала некалькі ўрокаў у школе па-беларуску, а астатнія дысцыпліны засвойвала дома. Скончыла Маша Каралькова навучальны год на “дзевяткі”-“дзесяткі”. Чакаецца, што сёлета ў Горках будзе створаны беларускамоўны нулявы кляс, а таксама першая беларускамоўная група ў дзіцячым садку, і бацькі Машы плянуюць аддаць туды яе брата – 5-гадовага Мікіту. Але гэта хутчэй выключэньне, чым правіла.

Паводле зьвестак Таварыства Беларускай Мовы, за апошні год у Беларусі было зьліквідавана ня менш за сотню вясковых пачатковых беларускамоўных школаў. Гаворыць кіраўнік спраў ТБМ Сяргей Кручкоў.

(Кручкоў)”Працэс скарачэньня беларускамоўных школаў працягваецца. Гэта ўголас дэкляравана дзяржавай. Гэта адбываецца з прычыны дэмаграфічнай сытуацыі й становішча ў сельскай мясцовасьці. На сёньняшні момант у пераважнай большасьці гарадзкіх населеных пунктаў права выбару мовы навучаньня проста няма, таму што адсутнічаюць школы зь беларускай мовай навучаньня. Праграма, прынятая ў 2001 годзе, практычна нідзе ў гарадзской мясцовасьці не выконваецца. І той пункт, які там запісаны, – адкрыць у кожным горадзе ці мікрараёне вялікага гораду хаця б па адной беларускамоўнай школе – на вялікі жаль амаль паўсюдна не выконваецца, ігнаруецца, амаль нічога не ствараецца. І нават у такіх магутных гарадох, як Магілёў і Горадня, не адчыняюцца беларускамоўныя школы.”

Як распавёў кіраўнік спраў Таварыства Беларускай мовы Сяргей Кручкоў, у мінулым навучальным годзе у Беларусі было толькі 53 беларускамоўныя сярэднія навучальныя ўстановы, зь іх у Менску – 7, калі не лічыць зачынены Беларускі гуманітарны ліцэй. Такім чынам атрымліваецца, што на 118 раённых цэнтраў прыходзіцца толькі 45 беларускамоўных навучальных установаў. Афіцыйную статыстыку міністэрства адукацыі падасьць толькі ў сярэдзіне навучальнага году.

Паводле падлікаў Таварыства Беларускай Мовы, летась толькі 26,7 адсотка ад агульнай колькасьці вучняў навучаліся па-беларуску. Паводле стандартаў ЮНЭСКА, калі менш за 30 адсоткаў дзяцей і моладзі навучаюцца й гавораць на роднай мове, то лічыцца, што гэтая мова знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня. Два гады таму ў Беларусі гэты паказчык быў большы за 30 адсоткаў, аднак цяпер ён паступова зьніжаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG