Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ НА ПРЫЁМНЫЯ ПУНКТЫ ЗДАЕЦЦА МАЛА ЗБОЖЖА НОВАГА ЎРАДЖАЮ?


Міхал Стэльмак, Менск

На першы погляд гэта дзіўна, але нізкія тэмпы хлебанарыхтовак тлумачацца якасьцю сёлетняга збожжа. Зараз на прыёмныя пункты мусіць паступаць жыта, паколькі зь яго пачалося жніво, дык вось, як расказалі мне работнікі прыёмных пунктаў, вялікая частка гэтага жыта не адпавядае стандартам. А менавіта, у збожжы вялікая доля галаўні.

Галаўня – гэта расьліннае захворваньне, якое, кажучы простай мовай, “зьядае” жыта. Яно разьвіваецца на калосьсях, і зярняты ператвараюцца ў чорна-бурую масу, якая ўяўляе сабой атрутнае рэчыва. І вось зараз падчас ўборкі галаўня і жытнёвае зерне перамяшаліся, такое збожжа пачалі вазіць на хлебапрыёмныя пунты, а там яго не прымаюць. Існуюць стандарты на гэты конт, якія рэглямэнтуюць долю ўтрымання галаўні ў збожжы. Стандарт на харчовае жыта – 0, 25%. Гэта азначае, што пры прыёмцы ў жыце атрутнага рэчыва не павінна быць больш 0,25%. А яго, як паведаміла мне, напрыклад, загадачыца лябараторыі Пухавіцкага прадпрыемства хлебапрадуктаў Іна Краснабаева, у паўтара-два разы больш. Я меў размову з работнікамі іншых такіх прыёмных пунтаў Менскай вобласьці, і ўсе ў адзін голас сьцьвярджаюць, што па наяўнасьці галаўні ў збожжы не памятаюць году, зь якім мог бы параўнацца сёлетні.

Сапраўды, як мне патлумачылі спэцыялісты, калі сьпячы хлеб з мукі, у якой утрымліваецца празьмерная колькасьць галаўні, то гэтае атрутнае рэчыва можна нарабіць бяды. Таму нарыхтоўшчыкі, як распавядалі мне ў Слуцку на камбінаце хлебапрадуктаў, заварочваюць калгасныя машыны з такім збожжам назад. Альбо, калі ўтрыманьне галаўні не пераўзыходзіць 0,5%, то можна такое жыта рэалізаваць як фуражнае, на корм жывёле. Але пры гэтым, вядома, кошт такога жыта ніжэйшы чым кошт харчовага. Вось чаму калгасы і саўгасы зараз збожжа не вязуць на нарыхтоўчыя пункты, а чакаюць, бо ня ведаюць, што рабіць, каб у матэрыяльным пляне не “прагарэць”. Ёсьць, дарэчы, і такое жыта, якое нельга нават даваць на корм жывёле.

У чым прычына такой эпідэміі галаўні? Спэцыялісты ня маюць на гэты конт адзінага меркаваньня. Адны лічаць, што справа ў сёлетнім надвор’і, якое, маўляў, надзвычай дабратворна паўплывала на разьвіцьцё галаўні. Другая прычына, якая лічыцца больш праўдападобнай, зьвязаная зь няякасным насеньнем. А, калі больш дакладна, з парушэньнем тэхналёгіяў захоўваньня насеньня жыта. Рэч у тым, што перад тым, як пасеяць, насеньне апрацоўваць пэстыцыдамі. Дык вось, экспэрты, зь якімі я размаўляў, не выключаюць, што з прычынаў беднасьці калгасаў і саўгасаў іхныя кіраўнікі маглі праігнараваць такі агратэхналягічны прыём, як пратраўліваньне насеньня. Ёсьць і яшчэ адно слушнае меркаваньне, што ў Беларусь былі завезеныя няякасныя пэстыцыды, якімі апрацоўвалася жыта. Ясна адно, што галаўня нанесла сёлета адчувальны ўрон беларускаму жыту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG