Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАТЭСТАНТЫ Ў НЯДЗЕЛЮ ЗНОЎ МАЛІЛІСЯ НА ПЛЯЦЫ БАНГАЛЁР

Альгерд Невяроўскі, Менск

У гэтым публічным набажэнстве ўдзельнічала каля 5 000 вернікаў-пяцідзесятнікаў. Сярод іх было вельмі шмат маладых людзей. Сьпяваў сводны хор менскіх эвангелькіх цэркваў. Вернікі, апранутыя ў строі 16 стагодзьдзя, чыталі прадмовы да "Псалтыра" Францішка Скарыны й "Катэхізму" Сымона Буднага, а таксама ліст канцлера Вялікага княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага папскаму легату Алойзу Ліпаману, у якім канцлер 450 гадоў таму абвясьціў, што вызнае зрэфармаванае эвангельскае вучэньне. Людзі актыўна маліліся, прычым прыкладна палова сьпеваў і малітваў гучалі па-беларуску.

Япіскап Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай Сяргей Хоміч сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што гэтым набажэнствам пяцідзясятнікі найперш хацелі адзначыць 450-я ўгодкі зьяўленьня ў Беларусі пратэстантаў. Але, разам з тым, спадар Хоміч лічыць, што цяперашнія ўлады спрабуць замаўчаць, схаваць ад грамадзкасьці тое, што сучасныя Эвангельскія цэрквы ёсьць спадкаемцамі тых даўніх пратэстантаў-рэфаматараў. На думку япіскапа, ўлады ўсяляк спрабуюць прадэманстраваць, што цяперашнія пратэстанцкія Цэрквы ёсьць нечым чужым, нетрадыцыйным для Беларусі. Таму гэтым сьвяткаваньнем пяцідзясятнікі таксама дэманстравалі, што яны –традыцыйная канфэсія. Да канца году мерапрыемствы з нагоды 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі пройдуць і ў іншых пратэстанкіх Цэрквах.

Больш за месяц таму падчас падобнага набажэнства кіраўнікі шэрагу пратэстанцкіх Цэркваў прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам спыніць перасьлед іх вернікаў. У адваротным выпадку пратэстанты заявілі, што ня будуць падпарадкоўвацца новаму закону "Аб свабодзе веравызнаньня й рэлігійных арганіхацыях". Аднак ніякага непасрэднага адказу на гэты зварот не было. Паводле Сяргея Хоміча, чыноўнікі Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў запэўнілі яго, што ўсе абшчыны пяцідзясятнікаў будуць перарэгістраваныя. Пяцідзясятнікі пакуль спадзяюцца, што чыноўнікі выканаюць дадзенае абацаньне.

На сёньняшні дзень у Беларусі зарэгістравана 490 абшчынаў пяцідзясятнікаў, і яшчэ каля 200 рэлігійных суполак дзейнічаюць без рэгістрацыі.
XS
SM
MD
LG