Можна сказаць, што “Новае пакаленьне” сталася ўтульнай, камэрнай імпрэзай. Бераг невялікага возера, сасновы бор, намёты, раскіданыя ў лесе, вогнішча, мноства маладых творчых асоб – усё найлепшым чынам падыходзіла для зьмястоўнага плённага адпачынку. Што да падназвы фэстывалю “Першы міжнародны”, то гэта хутчэй аванс, які арганізатары з моладзевага аб’яднаньня “Нэкст Стоп – Нью Лайф” зрабілі самі сабе.
Адно з найбольшых уражаньняў зрабіў выступ рыцараў з клюбу “Княжы Гуф”. Было бачна, што вайсковы антураж прывучыў сучасных рыцараў да пэўнай зладжанасьці: хлопцы працавалі добра. Ну, а прысутныя маглі зблізу разгледзець нюансы рыцарскіх баёў, што складана зрабіць на вялікіх шматлюдных пляцоўках. А “цьвіком” праграмы стаўся выступ гурта сярэднявечнае музыкі “Стары Ольса”. Было прыемна бачыць, як шмат прысутных хлопцаў і дзяўчат ведаюць сярэднявечныя танцы.
Напярэдадні арганізатары казалі ўсім журналістам пра надзвычаўную сур’ёзнасьць арганізацыі фэстывалю. Маўляў, без акрэдытацыі нават мураш не прапаўзе на тэрыторыю фэстывальнага летніку. Я сустрэў дзяўчыну, якая за пяцьсот мэтраў да летніку прасіла мяне выклікаць ейную сяброўку: дзяўчына так баялася аховы. Ну а насамрэч усё больш паходзіла на файны пікнік. Таксама дзіўна глядзеўся плякат з эмблемай фэстывалю. Памеры плякату казалі, што ён разьлічаны тысяч на дзесяць гледачоў.
Зрэшты, “Новае пакаленьне” наведалі такія вядомыя асобы, як скульптар Уладзімер Жбанаў, рэжысэр і актор Ігар Забара, прадусар Юры Цыбін ды іншыя. А гэта значыць, што ў наступным годзе імпрэза можа атрымаць разьвіцьцё.