У Беларусі падобнае таму, што здарылася апоўдні 14 жніўня на паўночным усходзе ЗША і прылеглых тэрыторыях Канады, немагчыма, — заявілі мне адмыслоўцы, якія адказваюць за электразабесьпячэньне краіны. “У нас такога ня будзе, каб раптам Менск, як Нью-Ёрк ці Таронта, засталіся безь сьвятла”, — запэўніў намесьнік галоўнага інжынэра “Менскэнэрга” Альберт Пагоскі і патлумачыў, на чым грунтуецца ягоная перакананасьць.
(Пагоскі: ) “Прынцыпы пабудовы энэргетыкі ў нас і ў ЗША розныя. Там усё падлічана вельмі дакладна, электрасыстэма пабудаваная паводле патрэбаў. Гэта таньней, затое няма рэзэрвовых крыніцаў электрычнасьці, і ў выпадку вялікай аварыі магчыма, што ўвесь мэгаполіс застанецца безь сьвятла. А ў нас яшчэ дзейнічае былая сыстэма, яна больш затратная, але з рэзэрвовымі крыніцамі. Прычым і цяпер пры забудове новых раёнаў мы адразу прадугледжваем рэзэрвовыя варыянты электразабесьпячэньня”.
Паводле адмыслоўца зь “Менскэнэрга”, калі цяпер на гарадзкіх элекрасетках Менску адбудзецца аварыя, спажыўцы гэтага могуць і не заўважыць. Аварыйная сыстэма спрацуе сама і пераключыць на іншую крыніцу сьвятла. У найгоршым выпадку сьвятла ня будзе некалькі хвілінаў, а потым пацярпелы раён пераключаць на іншую крыніцу электрычнасьці.
Альберт Пагоскі згадаў самую буйную аварыю з электразабесьпячэньнем Менску — гэта было 31 траўня 1979 году. Тады безь сьвятла аказаўся амаль весь горад, але ўжо праз 12 хвілінаў аварыю ліквідавалі. З таго часу энэргетыкі зрабілі шмат, каб падобнае не паўтаралася. Цяпер у Менску працуе чатыры электрастанцыі, плюс звонку горад падсілкоўвае чатыры моцныя лініі з выхадам у энэргасыстэмы суседніх краінаў, паведаміў адмысловец зь “Менскэнэрга”.
Аднак асабісты досьвед супярэчыць гэтым аптымістычным заявам. Дакладна два гады таму ў дамах вакол Чыгуначнага вакзалу Менску раптам адключылася сьвятло. Аднаўлялі яго зусім ня лічаныя хвіліны — а дакладна пяць гадзінаў. За гэты час расталі замарожаныя харчы ў лядоўнях, але значна большыя страты панесьлі пасажыры электрычных цягнікоў, якія ня здолелі своечасова выправіцца ў дарогу.
У Міністэрстве надзвычайных становішчаў менавіта спадарожныя наступствы аварыяў лічаць самымі цяжкімі для людзей. Намесьнік міністра Барыс Барэнгольц кажа, што пэўныя службы падрыхтаваныя аказваць дапамогу людзям, што патрапілі ў бяду.
(Барэнгольц: ) “У нас так званыя першыя аддзелы падрыхтаваныя для ратаваньня людзей, якія аказаліся ў зачыненых ліфтах, у іх ёсьць адмысловыя прылады для гэтага. Ёсьць і тыя аддзелы, якія будуць выводзіць людзей са станцыяў мэтро, зь цягнікоў на вакзалах. На гэты выпадак складзеныя пляны і адпрацаванае ўзаемадзеяньне службаў. І такі досьвед у нас ужо ёсьць. Нядаўна палова Барысава адключалася ад сьвятла з прычыны аварыі на падстанцыі, у Старых Дарогах была аварыя. Там нашыя людзі спрацавалі добра, за якую гадзіну і людзям дапамаглі, і аварыю ліквідавалі”.
Беларуская міліцыя таксама рапартуе, што гатовая да працы ў горадзе, дзе на доўгі час адключанае сьвятло. Паводле досьведу іншых краінаў, у тым ліку ЗША, у такі складаны пэрыяд давядзецца клапаціцца і пра парадак на вуліцах, і пра здароўе людзей, — лічыць кіраўнік прэсавага цэнтру МУС Віталь Грынкевіч. Ён кажа, што беларуская міліцыя здольная таксама змагацца і з начнымі марадэрамі. “У пацярпелым раёне мы зможам прыставіць вартаўніка да кожнага дому”, — кажа Віталь Грынкевіч.
А ў Міністэрстве аховы здароўя мне паведамілі, што кожная бальніца гораду мае рэзэрвовую крыніцу электразабесьпячэньня і таму выключана, што ў выпадку аварыі бальніцы, а тым больш хірургічныя аддзяленьні засталіся безь сьвятла. Праўда, такое магчыма ў сельскай мясцовасьці. “Там будзем рабіць захады дзеля эвакуацыі хворых”, — паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.