Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦОЎНІКІ МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ ЛІЧАЦЬ, ШТО НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЛІЦЭЙ ДЗЯРЖАВЕ НЕ ПАТРЭБНЫ


Любоў Лунёва, Менск

Ля брамы Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю сёньня было больш людзей, чым у папярэднія дні — толькі ліцэістаў каля двух дзясяткаў чалавек. Адны зьбіраюць подпісы, іншыя сядзяць ля брамы. Падыходжу да Натальлі Мароз, якая перайшла на трэці курс.

(Натальля: ) “Прыходзім сюды з раніцы і сядзім тут да вечара. Я лічу, што наша цэль — не здавацца і змагацца да апошняга. Мы не павінны разыходзіцца па розных школах і пакідаць наш ліцэй. Нам трэба змагацца менавіта за гэты ліцэй імя Я.Коласа і не адступаць. Цяпер тут вельмі загазаванае паветра, вельмі цяжка дыхаць. Але мы сыдзем, што бы ўлады ні рабілі, як бы ні стараліся нам перашкодзіць, мы не здамося і будзем змагацца да апошняга”.

Бацькі месяц таму запісаліся на прыём да міністра адукацыі. Сёньня яны трапілі да намесьніцы міністра спадарыні Кавалёвай. Гадзіну бацькі ліцэістаў намагаліся вырашыць станоўча пытаньне аб захаваньні калектыву ліцэю. Гаврыць Галіна Папова:

(Папова: ) “Прагучала такая фраза, што нашай дзяржаве гэты ліцэй не патрэбны. Наш ліцэй параўналі зь іншымі навучальнымі ўстановамі, якія зачыняе міністэрства, і паведамілі, што ніхто праблемаў ня робіць — акрамя нас. Справы так і засталіся ня вырашаныя — ні пра будынак, ні пра настаўнікаў, ні пра што… Адзінае, што яны нам параілі — стварыць прыватны ліцэй, і на гэта яны даюць сваю пэўную згоду. Наконт нашага будынку яны казалі, што калі перадаць яго ў прыватныя рукі, прыватнаму ліцэю, то трэба, каб на гэта была згода толькі адзінага чалавека ў гэтай краіне — нашага прэзыдэнта”.

Бацькі абураныя пазыцыяй уладаў. Алена Дэц, маці ліцэісткі Аксаны Дэц, як і многія бацькі, увесь свой адпачынак праводзіць у змаганьні за ліцэй.

(Дэц: ) “Мне вельмі непрыемна, што мая дачка і яе сябры гэтае лета, гэтыя вакацыі вымушаныя праводзіць на гэтым асфальце. Перакрыты праспэкт. Увесь час машыны ідуць тут, і дзеці дыхаюць гэтым сьмярдзючым паветрам. Але вельмі прыемна, што людзі нас падтрымліваюць. Яны прыходзяць сюды, каб паставіць свае подпісы і нешта прынесьці нашым дзецям. Дзякуй вам вялікі, добрыя людзі!”

16 жніўня ліцэісты самастойна правядуць шэраг акцыяў, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да справы ўратаваньня Нацыянальнага ліцэю.

У касьцёле сьвятых Сымона і Алены пройдзе імша дзеля ўратаваньня ліцэю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG