Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АСТАНЕ АБМЕРКАВАЛІ ПРАЕКТ СТВАРЭНЬНЯ “ЧАЦЬВЕРКІ” З УДЗЕЛАМ БЕЛАРУСІ, РАСЕІ, УКРАІНЫ ДЫ КАЗАХСТАНУ


Юры Сьвірко, Менск

На зацьверджаньне прэзыдэнтам Беларусі, Расеі, Украіны ды Казахстану будуць пададзеныя канцэпцыя адзінай эканамічнай прасторы гэтых чатырох дзяржаваў, пагадненьне пра стварэньне гэтай арганізацыі й плян яе дзеяньняў. Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў заявіў у пятніцу, што згаданае пагадненьне можа быць падпісанае якраз 18 верасьня. За той месяц, што застаўся, пакет дакумэнтаў мусіць быць канчаткова дапрацаваны.

Упершыню пра заснаваньне саюзу чатырох кіраўнікі дзяржаваў абвесьцілі сёлета ў лютым. Ужо адбылося некалькі сустрэчаў групы высокага ўзроўню ў сталіцах гэтых краінаў. На апошнім паседжаньні ў Маскве ў ліпені група пагадзілася не ствараць пакуль ніякага наднацыянальнага органу, а таксама прызнаць мажлівасьць рознаўзроўневай інтэграцыі ў межах “чацьверкі”. Найперш гэта выклікана існаваньнем так званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, якую прэзыдэнт Казахстану ўскосна пакрытыкаваў. Кажучы пра саюз чатырох, Нурсултан Назарбаеў заявіў: “Гэта найважнейшая спроба яшчэ раз стварыць нармальнае інтэграцыйнае аб’яднаньне на нашай прасторы”.

А кіраўнік расейскай дэлегацыі віцэ-прэм’ер Віктар Хрыстэнка паведаміў, што ў Астане бакі дамовіліся: падчас прыняцьця “чацьверкай” рашэньняў, якія спрычыняюць страты якой-небудзь краіне, будуць прадугледжаныя мэханізмы кампэнсацыі. Паводле спадара Хрыстэнкі, менавіта гэта дазволіць збалянсаваць інтарэсы кожнага з бакоў. Беларускі ж віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў сказаў, што ўдзельнікі перамоваў разьлічваюць “стварыць цэласную жорсткую канструкцыю”, якая дазволіць прымаць прынцыповыя рашэньні з улікам інтарэсаў кожнай краіны.

Больш канкрэтна на гэтую ж тэму выказаўся амбасадар Расеі ў Менску Аляксандар Блахін. Кажучы пра пераход Беларусі на расейскія рублі ў інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс”, амбасадар Блахін заявіў: “Абодва бакі павінны чымсьці паступіцца: Беларусь губляе права эмісіі наяўнага рубля, аднак пакідае права кантролю над безнаяўнай эмісіяй, Расея ж саступіла наконт лімітаў”. Расейскі амбасадар меў на ўвазе, што Масква дазволіла беларускаму Нацбанку выпускаць безнаяўныя грошы прапарцыйна памерам валавых унутраных прадуктаў Беларусі й Расеі.

Аляксандар Блахін таксама заявіў, што ў выпадку пераходу з 2005 году на расейскія рублі “паўмільярда даляраў у бюджэт Беларусі падае як з куста”. Паводле амбасадара, Менск атрымае кампэнсацыю на суму каля 300 мільёнаў даляраў за папярэднія два гады, калі Расея ня так зьбірала падатак на даданую вартасьць, плюс яшчэ прыблізна 150 мільёнаў даляраў за страты беларускага боку, выкліканыя адсутнасьцю права эмісіі наяўных грошай. Пасьля гэтага, зазначыў спадар Блахін, Беларусь будзе атрымліваць кампэнсацыю 300 мільёнаў даляраў штогод.

Вось як камэнтуе гэтую заяву расейскага амбасадара былы кіраўнік беларускага Нацбанку Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Я лічу, што ўсё гэта ня можа пакрыць рызыкаў, якія будуць у Беларусі пасьля ўваходу ў склад Расеі ў манэтарным пляне. Галоўнае ж не рублі, ня грошы, не даляры, а эканоміка. Калі б гэтыя даляры йшлі на інвэстыцыі — адно пытаньне. А даляры будуць пакрываць страты, якія ў нас складаюць сотні мільёнаў даляраў штогоду”.

Падкрэсьліўшы, што дзьве траціны беларускіх прадрыемстваў стратныя, і менавіта гэта адрозьнівае Беларусь ад іншых краінаў “чацьверкі”, Станіслаў Багданкевіч зазначыў:

(Багданкевіч: ) “Замест каб наладжваць эфэктыўную, канкурэнтную эканоміку, мы займаемся ўсялякімі гульнямі з гэтай валютай. Але я думаю, што “чацьверка” — гэта лепш, калі параўноўваць з “двойкай” Беларусі й Расеі. Гэта ўсё ж такі нешта лепш, таму што дзьве краіны, зь якімі Беларусь уступае ў гэты саюз, маюць найбольшую ўдзельную вагу ў таваразвароце. Гэта Расея ды Ўкраіна. Тут нешта значнае ёсьць, больш плюсаў, чым мінусаў. А што тычыцца “двойкі”, дык гэта поўная залежнасьць ад Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG