Беларускі ўрад зьбіраецца сур'ёзна адкарэктаваць маральнае аблічча тых беларускіх грамадзянаў, якія любяць выпіць. Былы савецкі лёзунг "Цьвярозасьць — норма жыцьця" да канца году мусіць набыць рэальныя рысы. У Саўміне ініцыятыву падвышэньня коштаў практычна на ўсе алькагольныя вырабы тлумачаць клопатам пра спажыўца: маўляў, новыя стаўкі будуць стымуляваць у грамадзянаў больш здаровы падыход да выбару напояў. Паводле рашэньня ўраду, людзі павінны адмовіцца ад сурагатаў. Пры гэтым, праўда, не ўдакладняецца: чаму гэтак званае "чарніла" даражэе ў акцызным вымярэньні толькі на 180 рублёў, тады як каньячныя вырабы, на якія, паводле лёгікі, мусяць пераарыентавацца беларускія спажыўцы, ажно на 510 рублёў. У выніку агульныя стаўкі акцызаў ужо дасягнулі 7390 рублёў на кожны літар каньяку, і 2550 на літар пладовага віна. Падобны дысбалянс зьдзіўляе і вытворцаў высакародных напояў. Вось што кажа Інэса Бадыль, прадстаўніца францускай кампаніі "Пэрно-Рэкар" (набыўшы Ерэванскі каньячны завод, фірма прадае ў Беларусі і армянскія каньякі).
(Бадыль:) "Нас гэта тычыццца непасрэдна, і таму гэта вельмі дрэнна. Памеры акцызаў і дагэтуль былі вельмі сур'ёзныя: 2,9 эўра на кожны літар сьпірту. Стаўка акцызаў увесь час зьмяняецца, і яе штомесяц па-новаму пералічваюць у рублях. Натуральна, падвышэньня ня хочацца, бо і так прадукт дарагі, увесь час даводзіцца заваёўваць пакупніка. З такімі даходамі беларускага спажыўца палохае нават мінімальнае ўздаражаньне. Людзі здаўна ведаюць армянскія каньякі, усе этыкеткі, лягатыпы, таму набываюць па звычцы, але цэны, на жаль, толькі растуць. Увесь час зьмяняецца падаткаабкладаньне, памеры акцызаў, іншымі словамі, на кошт шмат што ўплывае".
Калі трымацца лёгікі ўраду, трэба было б ісьці ад зваротнага — уздымаць кошты менавіта на гэтак званае "чарніла", якое зараз каштуе амаль столькі ж, колькі і бутэлька расейскага піва. Дый карысьць ад "народнага прадукту"
мінімальная. Мэдыкі канстатуюць, што асноўныя вытокі алькагалізму палягаюць менавіта ў пладова-ягадных вінах, якія нашмат хутчэй, чым астатнія напоі, разбураюць печань. Дарэчы, масавы выраб "чарніла" да ўзроўню савецкага часу адноўлены ў сярэдзіне 90-ых, і бальшыня заводаў знаходзіцца ў падпарадкаваньні адміністрацыі Лукашэнкі. Ці сьвядома Лукашэнка зрабіў такі падарунак "свайму" народу, задаволіўшы ягоную настальгію па таннаму віну? Супрацоўніца Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Анжэла Леанідава кажа, што справа збольшага ў платаздольнасьці насельніцтва.
(Леанідава:) "Кожны від прадукцыі арыентаваны на пэўны пласт. Таму сыходзьце найперш з гэтага. Але кожны прадукт распрацоўваецца паводле пэўных нарматыўных дакумэнтаў: ці гэта ДАСТ, ці СтБ, ці тэхнічныя умовы. І ў кожны прадукт павінны заносіцца паказчыкі, якім яны павінны адпавядаць. Калі прадукт паказчыкам не адпавядае, ён не павінен трапляць у рэалізацыю. Тыя ж віны праходзяць у нас лябараторныя дасьледваньні, вытворчы кантроль, дзяржаўны санітарны нагляд. Канечне, былі выпадкі неадпаведнасьці ўстаноўкам, але вытворцы выпраўлялі памылкі. Але, натуральна, усё павінна адпавядаць стандартам. Іншая справа, атруціцца можна чым заўгодна, ад колькасьці выпітага таксама залежыць..."
У Беларусі алькагалізм за апошнія гады стаў нацыянальным бедствам. Лячэбна-працоўныя прафілякторыі ўвесь час перапоўненыя. Словазлучэньне "доўгатэрміновы запой" стала такім жа звыклым і шэраговым, як "лядовы палац". Толькі паўгоду пратрымалася рэвалюцыйная ініцыятыва аб скасаваньні медвыцьвярэзьнікаў. МУС б'е ў званы, каб аднавіць установы: лібэралізам у гэтай галіне сябе ніяк не апраўдвае. Гаворыць прадстаўнік МУС Віталь Грынкевіч.
(Грынкевіч:) "Усё залежыць ад чалавека: калі ён хоча напіцца – ён гэта зробіць. Калі ведае, што яму дастаткова 150 грамаў, больш ён ня будзе, нават калі перад ім стаяць тры літры. Наш чалавек, на жаль, спыняецца цяжка. Пытаньне наконт мэдвыцьвярэзьнікаў трэба вырашаць, але з умовай, што на міліцыю павінны легчы функцыі выключна аховы лекараў. Лекары павінны быць абавязкова, бо кожны павінен атрымаць прафэсыйную дапамогу. Акушэр які-небудзь нічым не дапаможа. Калі чалавек можа дайсьці дадому, няма сэнсу цягнуць яго ў выцьвярэзьнік. А вось хто валяецца без прыкметаў жыцьця, і невядома, ці яму трэба выспацца, ці сэрца з грудзей высковае, тут павінна аказвацца дапамога лекара. Таму МУС накіраваў ліст з просьбай вызначыцца, дзе гэтыя месцы павінны быць: альбо гэта будуць адмысловыя палаты ў шпіталях, альбо ранейшыя месцы дыслякацыі".
Падчас жніва ўсе сельскія крамы "упрыгожаныя" абвесткамі: "Людзям у спецадзеньні сьпіртовыя напоі не рэалізуюцца". Я сам нядаўна быў сьведкам, як памочнік камбайнэра лаяўся, што мусіць хаваць у лесе спартовы касьцюм: ідучы ў краму, даводзіцца мыцца ды пераапранацца. Дастаткова зазірнуць у любую вёску, каб пераканацца, што многія ўдзельнікі так званай "бітвы за ўраджай" вяртаюцца дадому на добрым падпітку. І цягне ад іх, як паказвае досьвед, не армянскім каньяком і нават не гарэлкай. Таму ні сьціплае падвышэньне кошту на "беларускае вінцо" (як пяшчотна называюць яго пастаянныя спажыўцы), ні забарона на продаж наўрад ці здолеюць адбіць ахвоту прыкласьціся да бутэлькі — тым больш, што "чарніла" можна ўжываць без закускі. Праблема застанецца да таго часу, пакуль ня будзе прынятае кардынальнае рашэньне — адмовіцца ад напою, які не выпускаюць ужо нідзе.