Расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандар Блахін у інтэрвію “Інтэрфаксу” назваў няправільным і контарпрадуктыўным скарачэньне ў Беларусі трансьляцыі “практычна ўсіх расейсіх каналаў”. Амбасадар Блахін заявіў, што на ўсіх тэлеканалах Расеі падчас рэтрансьляцыі ў Беларусі йдзе беларуская рэкляма, а тэлепраграмы расейскія вытворцы пастаўляюць бясплатна.
“На гэтым прадукце беларусы зарабляюць грошы”, — сказаў спадар Блахін і дадаў: “Гэта эканоміка наадварот: я выпускаю прадукт і яшчэ плачу за тое, што ім нехта карыстаецца”.
Расейскі амбасадар расцаніў гэта як ненармальны падыход і выказаў незадаволенасьць стварэньнем супольных каналаў кшталту ОНТ, які карыстаецца праграмай Першага тэлеканалу Расеі, і СТВ, дзе паказваюць перадачы маскоўскага РЭН-ТВ. “Я дрэнна стаўлюся да любых сурагатаў — у харчаваньні, спорце, эканоміцы. Сурагат — заўжды няякасны прадукт”, — заявіў Аляксандар Блахін і дадаў, што “валюнтарысцкае выдзіраньне кавалкаў з расейкага эфіру разбурае ідэалёгію каналаў, а значыць — пагаршае іхны рэйтынг”.
Зрабіўшы гэтыя заявы, якія мелі вялікі розгалас, расейскі амбасадар зьехаў на абед, пасьля якога на працоўнае месца не вярнуўся. Сакратар амбасады Расеі кажа, што спадар Блахін нечакана захварэў. Тым часам кіраўніцтва тэлеканалаў ОНТ і СТВ адмовілася паведаміць, ці аплачваюць іх расейскія партнэры перадачу свайго сыгналу на Беларусь.
Галоўны рэдактар службы інфармацыі ОНТ Андрэй Бас заявіў, што нічога пра выказваньні амбасадара Расеі ня ведае і сказаць, ці плаціць нешта расейскі Першы канал за рэтрансьляцыю, ня можа.
(Бас: ) “Я тут усяго толькі... напэўна, яшчэ месяца няма, як працую. На жаль, не магу вам нейкую дакладную інфармацыю даць”.
(Карэспандэнт: ) “І вы не чыталі гэтае інтэрвію?”
(Бас: ) “Яшчэ не”.
А вось намесьніца генэральнага дырэктара каналу СТВ Галіна Яфімава сьцьвярджае, што амбсадар Блахін, робячы свае заявы, рацыі ня меў.
(Яфімава: ) “Тут сытуацыя крыху іншая. Я абсалютна ня згодная з думкай амбасадара Расеі, з тым, што ён сказаў. Вы яму тады скажыце, што ён проста ня ў курсе таго, як працуюць беларускія тэлеканалы. Чалавек, які робіць такія заявы, проста не валодае сытуацыяй”.
Прадстаўнікі расейскіх тэлеканалаў — Першага і РЭН-ТВ — ад камэнтароў адмовіліся, сказаўшы, што існуюць партнэрскія дамовы адпаведна з ОНТ і СТВ. А намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі НТВ Аляксандар Герасімаў, які нядаўна ў жывым эфіры гутарыў з Аляксандрам Лукашэнкам, пра аплату рэтрансьляцыі гаварыць са мной адмовіўся, таму што ня вырашанае пытаньне з закрытым бюро НТВ у Менску. НТВ спадзяецца аднавіць працу свайго прадстаўніцтва ў Беларусі, аднак афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС Андрэй Шупляк на брыфінгу заявіў:
(Шупляк: ) “Прадстаўніцтва НТВ сваю дзейнасьць тут спыніла, і рэпартажы з тэрыторыі Беларусі ў эфіры тэлекампаніі, паводле нашых зьвестак, не выходзілі. Прадстаўніцтва не працуе на сёньняшні дзень”.
(Карэспандэнт: ) “У вас да іх прэтэнзіяў няма?”
(Шупляк: ) “Да НТВ?”
(Карэспандэнт: ) “Да прадстаўніцтва?”
(Шупляк: ) “Няма”.
Гэтая заява прадстаўніка МЗС мае значэньне, таму што, паводле неафіцыйнай інфармацыі, бюро НТВ усіх неабходных фармальнасьцяў — здаць пячатку, даведку падатковай інспэкцыі ды арыгінал рэгістрацыйнага пасьведчаньня — цягам адведзенага месяца ня выканала.