Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НОВЫХ ПАДРУЧНІКАХ ГІСТОРЫІ МУРАЎЁЎ-ВЕШАЛЬНІК ПАЎСТАЕ “ТАЛЕНАВІТЫМ АДМІНІСТРАТАРАМ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Начальніца аддзелу дашкольнай і сярэдняй агульнай адукацыі Цэнтру навучальнай кнігі Мінадукацыі Ірына Гімпель паведаміла, што ў наступным навучальным годзе ў школах зьявіцца шмат падручнікаў па розных прадметах. У тым ліку й па беларускай літаратуры й гісторыі Беларусі для 6, 10 і 11 клясы.

Паводле спадарыні Гімпель, падручнікі мяняюцца ў зьвязку са зьменай зьместу адукацыі. На яе думку, цяперашнія гістарычныя падручнікі сталі больш якасныя, праўдзівыя ды адпавядаюць ідэалягічным патрабаваньням Аляксандра Лукашэнкі. Кожны зь іх быў ухвалены дзяржаўнай камісіяй па падручніках. На думку чыноўніцы, гэтыя кнігі ёсьць сапраўднымі гістарычнымі падручнікамі, а тыя, што выйшлі на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў, былі толькі дапаможнікамі.

Гаворыць Ірына Гімпель:

(Гімпель: ) “Мы ў асноўным даем праўду ў падручніках гісторыі. Я сама аўтар падручніка “Мая радзіма Беларусь” для 3 клясы. Мы за тое, каб падручнік быў праўдзівы, рэальны. І разам з тым, ідэалягічнага агітаваньня ня трэба, але каб гісторыя была праўдзівай. І так фармуецца сьветапогляд вучня. Не губляючы гістарычнага мінулага, трэба гадаваць патрыёта, чалавека, які любіць і аддадзены сваёй Радзіме”.

На маё пытаньне, ці ёсьць праўдзівым выдадзены гэтым жа цэнтрам падручнік для студэнтаў “Гісторыя Беларусі. Дасавецкі пэрыяд” аўтарства былога выкладчыка Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскім унівэрсытэце Якава Трашчанка, Ірына Гімпель сказала, што яго не чытала, таму ня можа камэнтаваць.

У сваім падручніку Трашчанок сьцьвярджае, што “падставаў ператвараць Каліноўскага ў “нацыянальнага героя беларускага народу” не існуе. Гэта тыповы нацыянал-экстрэмісцкі міт”. А “слынны генэрал Міхаіл Мураўёў”, паводле Якава Трашчанка, “быў ня толькі “вешальнік”, але й таленавіты адміністратар”.

Вядомы гісторык Генадзь Сагановіч лічыць, што цяперашнія гістарычныя падручнікі характарызуюцца скрайняй ідэалягізацыяй і схематызмам:

(Сагановіч: ) “Калі вызначаць агульную тэндэнцыю, то тут, безумоўна, адкрытая ідэялягізацыя зьместу пры ігнараваньні ці коштам фактаграфіі — гэта значыць, таго, што даўно напрацавана нашай гістарычнай навукай. А галоўныя вэктары гэтай ідэалягізацыі даўно нам знаёмыя — савецкія. Гэта ў першую чаргу сьцьвярджэньне ідэі ўсходнеславянскага адзінства і асабліва еднасьці з Расеяй, і другое — гэта нэгатыўны вобраз заходніх суседзяў.

Так што цяперашнія падручнікі ў першую чаргу характарызуюцца такой ідэалягізацыяй, схематызмам ды штампам “заходнерусізму”. Праўда, нельга сказаць, што гэта вяртаньне ранейшага “заходнерусізму”. Цяпер ён дзіўны, пачварны, мадыфікаваны, таму што спалучаецца яшчэ з савецкімі каштоўнасьцямі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG