Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА КАНФЛІКТ ПАМІЖ ГАБРЭЙСКІМІ АРГАНІЗАЦЫМІ І ГАРАДЗЕНСКІМІ ЎЛАДАМІ


Юры Дракахруст, Прага

Старшыня юдэйскага аб’яднаньня Беларусі Юры Дорн заявіў, што гэтая непавага да рэлігійных і гістарычных сьвятыняў прымусіла шэраг габрэйскіх арганізацыяў зьвярнуцца да міжнароднай і эўрапейскай футбольных фэдэрацыяў з заклікам байкатаваць беларускіх футбалістаў. Паводле Юрыя Дорна, шэраг кангрэсмэнаў ЗША вырашыў зьвярнуцца ў міжнародны алімпійскі камітэт з заклікам байкатаваць Беларусь на наступных алімпійскіх гульнях, калі пабудова стадыёну ў Горадні на месцы могілак ня будзе спыненая.

Такі міжнародны ціск, гледзячы па ўсім, прымусіў гарадзенскія ўлады пайсьці насустрач габрэйскім арганізацыям. Дагэтуль іх прадстаўнікі вялі перамовы з чыноўнікамі нізкага рангу. Як паведаміў нашаму радыё Юры Дорн, цяпер старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка пагадзіўся ў панядзелак прыехаць у менскі офіс юдэйскага аб’яднаньня на перамовы. Гэта стала вынікам перамоваў, якія вёў зь беларускай амбасадай у Ізраілі галоўны рабін Беларусі Сэндэр Урыцкі.

Замежныя габрэйскія арганізацыі мелі намер на гэтым тыдні пікетаваць беларускую амбасаду і кансулят у ЗША, а таксама амбасаду Беларусі ў Ізраілі. Гаворыць рабін Урыцкі:

(Урыцкі: ) “Мова ідзе пра релігійныя колы ў Эўропе, Ізраілі і Амэрыцы, якія абураныя гэтай сытуацыяй ў Горадні. І прычына тут – не ў перадузятым стаўленьні да Беларусі, а ў там, што мае месца факт апаганьваньня могілак. І вынік – маніфэстацыі. Могілкі ў Горадні – гэта сьвятыня габрэйскай гісторыі за апошнія 500 гадоў. Шмат выбітных праведнікаў і рэлігійных настаўнікаў пахаваныя на гэтых могілках. Але справа ня толькі ў гэтым. Гэта – могілкі, і намер уладаў паказвае іх стаўленьне да габрэйскай рэлігіі і гісторыі.

У праваслаўных такое ж стаўленьне да сваіх могілак, як і ў габрэяў. Я бачу тут савецкія перажыткі. Я некалькі разоў тлумачыў мясцовым уладам, што гэта рабіць дрэнна. Першы раз мяне падманулі, другі раз яны спынілі працы, але праз два тыдні аднавілі, не паведаміўшы нам. І гэта назіраецца ня толькі ў Горадні. Гэта постсавецкі атавізм, які цяжка зжыць.Яны сваім стаўленьнем выклікалі выхад гэтай праблемы на вельмі высокім ўзровень, які нікому быў не патрэбны. Высьветлілася, што мясцовыя чыноўнікі зусім не разумеюць гэтую сытуацыю, як з пункту гледжаньня рэлігійнага заканадаўства, гэтак і з пункту гледжаньня міжнароднай сытуацыі”.

Паводле галоўнага рабіна Беларусі Сэндэра Ўрыцкага, апошнім часам агульная мова з уладамі была знойдзеная, і ён спадзяецца на дасягненьне кампрамісу ў пытаньні габрэйскіх могілак у Горадні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG