Афіцыйныя прэса, радыё і тэлебачаньне апошнім часам зьедліва камэнтуюць нібыта раскол сярод дэмакратычных дэпутатаў. Маўляў, толькі паспрабавалі аб’яднацца на мясцовым узроўні, як аналягічную структуру пачала ствараць парлямэнцкая група “Рэспубліка”. Прычым “старэйшыя таварышы” прагнуць падпарадкаваць рэгіянальны дэпутацкі корпус. А ў выніку абедзьве групоўкі нібыта пачалі развальвацца. Што ж адбываецца насамрэч? Пытаюся пра тое ў лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, які быў адным з ініцыятараў стварэньня Асамблеі дэпутатаў мясцовых cаветаў.
(Лябедзька: ) “Была больш піяр-кампанія — намер стварыць такую групу. Але пляны не заўсёды супадаюць з рэаліямі. Асамблея — гэта рэальная рэч, там ёсьць каля 70 дэпутатаў мясцовых cаветаў. Прычым на 90% там людзі, якія маюць школу партыйнага жыцьця, і яны добра ведаюць, што такое беларуская палітыка. А некаторыя палічылі, што можна проста зьвярнуцца да абраных дэпутатаў і зьявіцца новая палітычная структура. Але такія спробы беспэрспэктыўныя, бо ўлада недзе на 95% кантралюе тых дэпутатаў. Працаваць з партыяй улады даволі складана. І так проста адгукнуцца на заклік: “А давайце ўтворым!” — не атрымаецца. Так лёгка прачнуцца назаўтра прыхільнікам дэмакратычных ідэяў, чалавекам, які выступае супраць палітыкі рэгіяныльных уладаў, гэта толькі мроя такая… Таму ў гэтым пытаньні пастаўленая кропка”.
А вось як бачыцца сытуацыя аднаму з чатырох каардынатараў Асамблеі дэпутату Пухавіцкага райсавету Алесю Міхалевічу:
(Міхалевіч: ) “Мы лічым, што гэта дзьве зусім розныя рэчы, і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мусяць працаваць самі, у асобнай структуры, а дэпутаты мясцовых cаветаў — асобна. Гэта зьвязана і з адрозьненьнем у легітымнасьці: усе мы памятаем, якім чынам абіралася тая Палата. Гэта зьвязана і з шэрагам іншых момантаў. На маё асабістае меркаваньне, структура, якая адначасова аб’ядноўвала бы і тых, і тых дэпутатаў, проста непатрэбная”.
(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце, што тут сапраўды піяр-кампанія — нехта хацеў зарабіць на гэтым нейкія палітычныя дывідэнды, або…”
(Міхалевіч: ) “І асабіста спадар Скрабец, і большасьць іншых сяброў групы “Рэспубліка” гэта палітыкі маладыя, яны нядаўна прыйшлі ва ўладу і могуць памыляцца, або не да канца ўяўляюць, да чаго прыводзіць часам тая або іншая ідэя, можа яна рэалізавацца ці не”.
(Карэспандэнт: ) “Тут няма жаданьня перахапіць ініцыятыву?”
(Міхалевіч: ) “Я ня думаю”.
Такім чынам, канфлікт вычарпаны, пра што і заявілі на гэтым тыдні абодва бакі. Аднак прапаганда дзяржаўных СМІ і чуткі па-свойму паўплывалі на рэгіянальных лідэраў: у большасьці яны насьцярожана паставіліся да спробы стварэньня новай дэпутацкай суполкі. На месцах лічаць, што тэндэнцыйная палітызацыя дзейнасьці мясцовых дэпутатаў не спрыяе росту іхнага аўтарытэту сярод выбарцаў. Разважае намесьнік старшыні Белаазёрскага гарсавету Юрась Губарэвіч:
(Губарэвіч: ) “Усе гэтыя блякаваньні, калі пяцёра чалавек заяўляюць, што цяпер яны блякуюцца зь іншаю пяцёркай, сёньня ў іх адна назва, заўтра — іншая і ставяцца нейкія недасягальныя мэты, то карысьці вялікай для нашай дзейнасьці тут, у Белаазёрску, мы ня бачым. Ня хочацца, каб нашымі імёнамі прыкрывалі нейкія палітычныя гульні”.
Хоць больш за палову абраных у горадзе дэпутатаў пазыцыянуюць сябе дэмакратамі, яны пастаянна адчуваюць пільную ўвагу з боку мясцовых і абласных уладаў, зазначае спадар Губарэвіч. Чапляюцца да ўсяго, што падаецца падазроным. Вось, напрыклад, гісторыя, якая здарылася пасьля адной зь перадачаў праграмы “Блізкая ўлада” у якой браў удзел і Юрась.
(Губарэвіч: ) “Рэдактар нашае райгазэты, заснаванай “вэртыкальлю”, знайшоў нядаўна на сайце Радыё Свабоды праграму з маім удзелам і пасьля перадрукаваў на палову развароту”.
(Карэспандэнт: ) “Без камэнтару?”
(Губарэвіч: ) “Зь ім, як жа! І даволі, зразумела, нэгатыўным… Мы стараемся супрацьпаставіць такому ціску непасрэдныя кантакты з выбарцамі. Цяпер лета, бабулькі сядзяць у дварах, дык падыходзім, размаўляем, яны кажуць: “Так, хлопцы, памятаем, як абіралі… Канечне, вам цяжка, ня зможаце ўсё вырашыць, але добра, што працуеце, спрабуеце”.
Гэтая праца стала асабліва заўважнай у вачох “вэртыкалі” пасьля стварэньня Асамблеі мясцовых дэпутатаў. Разважае Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Пасьля таго, як прайшло аб’яднаньне, людзі паверылі ў свае мажлівасьці. Асабліва тыя, хто ня маюць досьведу палітычнае працы. Многія дэпутаты зьвяртаюцца ў Каардынацыйную раду. Ну, напрыклад, спадарыня Мілешчанка з Круглага, якая праводзіць даволі актыўную дэпутацкую дзейнасьць. У яе быў шэраг канкрэтных праектаў, а таксама займалася абаронай правоў выбарцаў, прычым ня толькі са сваёй акругі. Калі яе пачалі “прэсаваць”, то Асамблея і Каардынацыйная рада ўмомант адрэагавалі, ня толькі адна АГП — гэта была супольная акцыя. Была юрыдычная, прававая дапамога.
Цяпер ёсьць некалькі юрыстаў, якія незалежна ад партыйнай прыналежнасьці ідуць насустрач. Юрыдычная група для працы з дэпутатамі дала ім базавы варыянт рэглямэнту, які, напрыклад, скарысталі ў Магілёве, у Вялейцы. Асамблея працуе з шэрагам міжнародных арганізацыяў, людзі выяжджалі на сэмінары”.
(Карэспандэнт: ) “Ці не напужаў мясцовых дэпутатаў ціск на іх?”
(Лябедзька: ) “Я думаю, каб мы кінулі іх сам-насам з уладамі, то, магчыма, улада б і пацірала сёньня рукі ад задавальненьня. А так я ня ведаю ніводнага выпадку, дзе б дэпутаты мясцовых cаветаў здрадзілі сваёй выбарчай праграме, альбо выйшлі з палітычнай партыі, Асамблеі”.
Пра тое самае размаўляем з Алесем Міхалевічам:
(Карэспандэнт: ) “Аб’яднаньне дэмакратычных дэпутатаў у Асамблею прыцягнула ўвагу да вашае структуры з боку ўлады?”
(Міхалевіч: ) “Так ці інакш, мы адчуваем да сябе вельмі-вельмі вялікую ўвагу на мясцовым узроўні і бачым, што праз нашае аб’яднаньне ў Асамблею аўтарытэт кожнага з дэпутатаў на месцах таксама расьце. Бо цяпер у сваёй дзейнасьці можам карыстацца прыкладамі з жыцьця іншых раёнаў. Напрыклад, калі наша група і непасрэдна я вынесьлі ў райсавет прапанову прыняць палажэньне аб камітэтах грамадзкага самакіраваньня, мы змаглі дастаткова эфэктыўна і спакойна патлумачыць, дзе ў іншых гарадах той жа Менскай вобласьці камітэты грамадзкага самакіраваньня працуюць. І гэта ўзвышае наш аўтарытэт у вачах тых жа самых мясцовых элітаў”.
(Карэспанадэнт: ) “А ці пераканалі вы сваёй аргумэнтацыяй сваё ж раённае начальства?”
(Міхалевіч: ) “Пабачым на наступнай сэсіі”.
Яны пачнуцца зусім хутка, і таму ў cаветах, дзе ўтварыліся дэмакратычныя фракцыі, цяпер узмоцнена працуюць над аргумэнтацыяй прапановаў уладзе. Так, белаазёрскія дэпутаты наладзілі добрыя стасункі зь літоўскімі калегамі. Распавядае Юрась Губарэвіч:
(Губарэвіч: ) “Літаральна днямі мы былі ў горадзе Электранай на сустрэчы з гарадзкім самакіраваньнем. Зь іхнага боку да нас ёсьць вялікая ўвага”.
(Карэспандэнт: ) “Які плён паездкі?”
(Губарэвіч: ) “Па-першае, мы атрымалі досьвед працы ў іншых умовах — што магла бы мець цяпер Беларусь і як бы мог разьвівацца наш Белаазёрск, бо Электранай падобны на яго, і па колькасьці насельніцтва, і па інфраструктуры — ён будаваўся па тым ж праекце”.
(Карэспандэнт: ) “Што Беларусь страціла і як магло быць, каб мы пайшлі шляхам Літвы?”
(Губарэвіч: ) “Шмат страціла. Нават калі браць чыста эканамічны аспэкт, то іхны гарадзкі бюджэт перавашае наш у дзясяткі разоў. Вельмі цяжка нешта зрушыць, калі ўсё ўпіраецца ў гарадзкі бюджэт. Зноў прыклад з Электранаем: калі яны на сваё самакіраваньне маюць бюджэт каля 10 мільёнаў даляраў, дык мы — усяго 360 тысяч даляраў. Зразумела, нашыя магчымасьці надзвычай абмежаваныя. Цяпер кожны дэпутат абыходзіць свой участак наноў і зьбірае інфармацыю, дзе што ня так. У кожнага па-рознаму: ад 15 да 45 пунктаў па недахопах…
І з гэтымі сьпісамі ў выглядзе заявы, запыту дэпутацкага зьвяртаемся да кіраўнікоў камунальных прадпрыемстваў. А па выніках адказаў будзем імкнуцца сфармаваць бюджэт на наступны год”.
Прыблізна тое самае назіраецца і ў іншых рэгіёнах. Дэмакратычныя дэпутаты дзеля выкананьня сваіх выбарчых праграмаў імкнуцца рацыяналізаваць стасункі з “вэртыкальлю”. Слова Анатолю Лябедзьку:
(Лябедзька: ) “Што датычыць улады, то па-рознаму складваюцца сытуацыі. Напрыклад, нядаўна ў мяне былі камунікацыі з нашымі рагачоўскімі калегамі. Дык яны настойліва прапануюць мясцовым уладам сэмінары па праблеме жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. У некаторых рэгіёнах абавязкова адбудзецца перасячэньне інтарэсаў мясцовых дэпутатаў і “вэртыкалі”.
Нашы аналітыкі мяркуюць, што гэтае перасячэньне магчымае ня толькі ў эканамічнай сфэры, але і ў палітычнай. Як ні парадаксальна, шмат дзе і ўлада, і дэмакраты хочуць, каб адбыліся давыбары ў мясцовыя cаветы. Гэтая праблема сёньня актуалізавалася, і каб зрушыць яе зь месца, многае можа зрабіць, напрыклад, парлямэнцкая група “Рэспубліка”. Менавіта тут яна знайшла поўнае паразуменьне з Асамблеяй рэгіянальных дэпутатаў. Толькі што між імі адбыліся адпаведныя перамовы. Распавядае Алесь Міхалевіч:
(Міхалевіч: ) “Мы прыйшлі да высновы, што проста трэба супрацоўнічаць. Яны маюць права заканадаўчай ініцыятывы, могуць выносіць прапановы ў Палаце прадстаўнікоў. А для Асамблеі дэпутатаў мясцовых cаветаў вельмі важнае пытаньне давыбараў, бо вялікая колькасьць акругаў сёньня ня мае сваіх дэпутатаў. Згодна з законам, павінны адбыцца давыбары, але іх ніхто ня хоча арганізоўваць! І група “Рэспубліка” праз падтрымку ў Палаце прадстаўнікоў можа паспрыяць, каб давыбары адбыліся”.
(Карэспандэнт: ) “У якіх гарадах найбольш адчуваецца, што людзі хочуць бачыць склад cаветаў поўным?”
(Міхалевіч: ) “Гэта і Белаазёрск, і Вялейка, і Маладэчна, Верхнядзьвінск”.
(Карэспандэнт: ) “Ці можна на прыкладзе Пухавіцкага райсавету паказаць, што ў вас дастаткова актыўная і моўная дэмакратычная дэпутацкая групоўка — і сваімі паводзінамі, дэпутацкім прыкладам вы нейкім чынам абуджаеце жаданьне людзей абраць паўнавартасны cавет?”
(Міхалевіч: ) “Канечне, мы спрыяем, каб у людзей такое жаданьне зьявілася. І на цяперашні момант адна з выбарчых акругаў у вайсковым гарадку, дзе побач, з падветранага боку будуецца завод перапрацоўкі сьмецьця, разумеюць: гэтае пытаньне мусіць падымацца іхным дэпутатам, а яго няма…”
А вось Юрась Губарэвіч лічыць, што ў давыбары найперш неабходныя зусім не шарагоўцам:
(Губарэвіч: ) “Тут два зацікаўленыя бакі: гэта дэмакратычная дэпутацкая група, якая ёсьць у савеце, і зь іншага боку — мясцовая “вэртыкаль”. Для іх мінулыя выбары, натуральна, пройгрыш, і цяпер усімі магчымі сродкамі будуць спрабаваць узяць рэванш”.
(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, яны таксама зацікаўленыя ў выбарах?”
(Губарэвіч: ) “Так, зацікаўленыя і рыхтуюцца. Даходзяць чуткі, што на некаторых прадпрыемствах неафіцыйна прызначаюць людзей, якія будуць балятавацца ў выпадку давыбараў”.
Дэмакраты ў сваю чаргу вызначаюцца са сваімі кандыдатамі. Адначасова на месцах шукаюць тых, хто неўзабаве здольны будзе змагацца і перамагаць на парлямэнцкіх выбарах — сёньня вызначана ўжо больш за трыста такіх людзей. Такім чынам, лета для дэпутатаў — зусім ня мёртвы сэзон. Хутчэй, гэта час апрабацыі новай практыкі, пэрыяд палітычнага сталеньня, падрыхтоўкі да новых адказных акцыяў.