Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКАГА ІНВЭСТАРА ЧАКАЕ ЛЁС “БАЛТЫКІ”?


Ігар Карней, Менск

Бабруйскі бровар “Дзеднава” можа стацца другім пасьля менскай “Крыніцы” прэцэдэнтам няўдалых інвэстыцыяў у піўную галіну. Адзінае істотнае адрозьненьне — прадстаўнікі амэрыканскай кампанні “Detroit-Brewing” дагэтуль толькі казалі пра “сур’ёзныя намеры”, нічога ня ўклаўшы ў выворчасьць — тады як піцерская “Балтыка” страціла ў Беларусі 10,5 мільёна даляраў.

Амаль год “Дзеднава” не працуе. Апанэнты праекту абураюцца правядзеньнем ацэнкі паводле балянсавага, а ня рынкавага мэтаду, што прывяло да штучнага заніжэньня кошту прадпрыемства. Цягам двух месяцаў праект праходзіў комплексную дзяржаўную экспэртызу. Пяць месяцаў зацікаўленыя бакі чакаюць вынікаў.

Кіраўнік амэрыканскага прадстаўніцтва Сяргей Левін наогул адляцеў у адпачынак, спаслаўшыся на тое, што каманда стамілася чакаць афіцыйнага рашэньня. Зрэшты, ніякага рашэньня можа і ня быць. Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў два дні таму браў удзел у адмысловым паседжаньні Саўміну, дзе вырашаўся лёс праекту, і вось што распавёў для Радыё Свабода.

(Краўцоў: ) “У гэтым інвэстыцыйным праекце застаюцца пытаньні, якія патрабуюць пэўнай дапрацоўкі. Ёсьць прынцыповая пазыцыя інвэстара, дзе ён ня хоча далей рухацца, а ёсьць пэўная пазыцыя беларускага боку”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можаце вы пацьвердзіць, што асноўнай праблемай, у якой бакі ня могуць знайсьці паразуменьня, ёсьць жаданьне інвэстара кантраляваць 76% акцыяў “Дзеднава”?”

(Краўцоў: ) “Гэта інфармацыя канфідэнцыйная, і я не хацеў бы яе распаўсюджваць, тым больш, па тэлефоне. Але пытаньне сапраўды ў рознасьцях падыходаў. Калі сыдземся, то праект ажыцьцявіцца. Калі не — значыць, не. Але “Detroit-Brewing” — не адзіная кампанія ў сьвеце, ёсьць альтэрнатывы, мы іх разглядаем, шукаем новыя варыянты. Так, пакуль пад №1 лічыцца гэты інвэстар, ягоныя прапановы. Але, са свайго боку, і ўрад прапановы выказваў, і “Приорбанк”, які шчыльна працуе з “Крыніцай”: у яго свая схема, свае падыходы. Ёсьць і іншыя прапановы”.

Рашэньне аб стварэньні ў Бабруйску акцыянэрнага таварыства “Беларуская броварная кампанія” было ўхваленае летась Магілёўскім аблвыканкамам. Інвэстар абавязваўся рэканструяваць завод цягам трох год, уклаўшы блізу 30 мільёнаў даляраў. Умовы — 76% акцыяў, на першым этапе быццам нікога не засмучалі. Пра страту дзяржаўнага кантролю над броварам згадалі пазьней. Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што цяпер улада якраз і выпраўляе гэты недагляд.

(Раманчук: ) “Існуе канцэпцыя разьвіцьця піваварнай галіны ў Беларусі, і за гэтым стаіць ня нейкі Магілёў, альбо нават Міністэрства прамысловасьці, а Лукашэнка. І калі пад такім наглядам знаходзіцца цэлая галіна, то прыватны інвэстыцыйны праект, які прадугледжвае безумоўны кантроль за пакетам акцыяў, малаверагодны. Калі бы беларусы былі зацікаўленыя ў мадэрнізацыі піўной галіны з дапамогай замежных інвэстараў, каб сюды прыйшлі буйныя эўрапейскія кампаніі, стратэгія была б зусім іншай. Але калі на людзей навешваюцца гіры адміністратыўнага рэгуляваньня (змушаюць купляць беларускі ячмень, вымушаюць працаваць на старым абсталяваньні, не даюць самастойна акрэсьліваць цанавую палітыку), то, безумоўна, “Дзеднава” будзе яшчэ адной перасьцярогай для ўсіх замежных інвэстараў”.

Сёньня Савет Міністраў перадаў на разгляд Аляксандру Лукашэнку пакет уласных прапановаў акцыянаваньня бабруйскага бровару “Дзеднава”. Ці ёсьць у сьпісе сярод патэнцыйных інвэстараў амэрыканскі “Detroit Brewing” — пакуль не афішуецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG