На пачатку брыфінгу Контэк падзяліўся сваімі ўражаньнямі аб цяперашняй сытуацыі ў Беларусі. Ён у прыватнасьці, сказаў:
(Контэк: ) “Мы хацелі б быць аптымістамі. Але папраўдзе, пры Лукашэнку Беларусь сталася найменш дэмакратычнай і найбольш рэпрэсіўнай краінай Эўропы. Гэта як “чорная дзірка” ў цэнтры кантынэнту. Пэрспэктывы на будучыню не абадзёрваюць. Калі быць рэалістамі, дык можна чакаць пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй, а таксама далейшага эканамічнага заняпаду, ці згубы сувэрэнітэту праз палітычную і эканамічную інтэграцыю з Расеяй. Гэта найбольш відавочныя варыянты, калі глядзець на сёньняшнюю Беларусь.
З пазытыўнага боку, трэба сказаць, што з часам, нягледзячы на намаганьні Лукашэнкі, будуецца грамадзянская супольнасьць. Усё болей людзей адчуваюць недахоп дэмакратыі ў сваёй краіне. Нядаўнія апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што людзі незадаволеныя нястачай дэмакратычных пераўтварэньняў ў краіне. Людзі незадаволеныя станам эканомікі ў краіне – гэта праўда. Дзейнічае ўсё болей недзяржаўных арганізацыяў, нягледзячы на ўзмацненьне рэпрэсіяў”.