Місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з кансультантам юрыдычнага дэпартамэнту фонду Росам Дэлстанам, якая працуе на гэтым тыдні ў Менску, прыбыла ў Беларусь на запрашэньне Нацбанку. Апрача падрыхтоўкі законапраекту пра прадухіленьне адмываньня грошай, экспэрты фонду маюць на мэце дапамагчы беларускім адмыслоўцам стварыць спэцыялізаваную арганізацыю ў справе збору фінансавай інфармацыі.
Гаворыць сталы прадстаўнік МВФ у Беларусі Сюзана Брыксіёва:
(Брыксіёва: ) “Мы працуем тут на запрашэньне беларускага Нацбанку і будзем праводзіць гэтае навучаньне, бо ў Беларусі вельмі добрая рэпутацыя ў разьвіцьці сыстэмы тэхнічнай дапамогі. І многія краіны сьвету атрымліваюць такую дапамогу, таму Беларусь тут не адзінокая”.
Сапраўды, апошнія два гады ва ўсясьветных фінансавых сыстэмах, асабліва ў разьвітых эўрапейскіх краінах, якія зьяўляюцца сябрамі МВФ, робяцца пэўныя захады дзеля змаганьня з адмываньнем грошай, а таксама фінансаваньня тэрарыстычных арганізацыяў. Некалькі краінаў СНД увайшлі ў сьпіс дзяржаваў, у якіх недастаткова гэтай праблемай займаюцца. Гэта тычылася паасобку Расеі ды Ўкраіны, але цяпер іх выключылі з “чорнага сьпісу”.
Беларусь у гэты сьпіс не ўваходзіла. Як цьвердзіць эканаміст Валер Дашкевіч, для яе праблема адмываньня грошай і фінансаваньня тэрарыстычных арганізацыяў не асабліва актуальная. Краіна ня вельмі багатая і мала займаецца міжнароднымі разьлікамі, аб’ём экспартна-імпартных апэрацыяў ня надта значны — усяго каля 15 мільярдаў даляраў у год. Таму зьяўленьне заканадаўства, скіраванага на барацьбу з адмываньнем грошай, ня будзе мець для Беларусі істотных наступстваў.
(Дашкевіч: ) “Нельга сказаць, што недзе ў сьвеце беларускія грошы ці Беларусь была заўважаная ў адмываньні грошай ці ў фінансаваньні тэрарыстычных арганізацыяў. Самае большае, што мы маглі зрабіць, гэта прадаць зброю пэўным краінам. Былі такія намёкі, але простых доказаў гэтага не было”.
Спадар Дашкевіч не выключае, што закон, скіраваны на барацьбу з адмываньнем грошай і фінансаваньнем падтрымкі тэрарызму, будзе прыняты беларускімі ўладамі толькі дзеля палітычных мэтаў. Гэтак кіраўніцтва краіны паспрабуе давесьці сьвету, што Беларусь не гандлявала зброяй зь дзяржавамі, якія падтрымліваюць тэрарызм.