Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ СТВАРАЮЦЬ ІДЭАЛЯГІЧНУЮ МАШЫНУ АПРАЦОЎКІ ЛЮДЗЕЙ


Уладзімер Глод, Менск

13 жніўня Аляксандар Лукашэнка параўнаў ідэалёгію краіны з імуннай сыстэмай чалавека. Менавіта такое вызначэньне прагучала на нарадзе ў справе ідэалягічнай працы органаў дзяржаўнага кіраваньня, якая адбылася ў Менску.

Сёньняшняя нарада стала своеасаблівым працягам сакавіцкага рэспубліканскага сэмінару чыноўнікаў, у часе якога канцэптуальна вызначалася, якой быць дзяржаўнай ідэалёгіі. Цяпер Лукашэнка прапанаваў вызначыцца са структурай і колькасным складам ідэалягічных падразьдзяленьняў у сыстэме выканаўчай улады.

Незалежны палітоляг Уладзімер Мацкевіч упэўнены, што другі этап ідэалягічнай апрацоўкі насельніцтва невыпадкова прыпадае менавіта на гэты час:

(Мацкевіч: ) “Тое, што ідэалёгія цяпер выйшла на першы плян, тлумачыцца тым, што няма пераканаўчых аргумэнтаў у эканоміцы, зьнешняй палітыцы, ні ў чым. Нават у задумцы аб’яднаньня з Расеяй няма пераканаўчых аргумэнтаў на карысьць Лукашэнкі. А выбары наперадзе: перадусім, выбары парлямэнцкія, трэба будзе зноў сваіх людзей у “палатку” праводзіць. І па-другое, выбары прэзыдэнцкія. Таму што рабіць — калі не рабіць гэтую самую ідэалягічную апрацоўку?”

Старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька зьвяртае ўвагу на тое, што Аляксандар Лукашэнка ня толькі даручыў займацца ідэалёгіяй кіраўнікам усіх рангаў, а і лічыць магчымым увядзеньне на прадпрыемствах і арганізацыях “штатных ідэолягаў”.

(Процька: ) “У таталітарным грамадзтве важным момантам зьяўляецца апрацоўка людзей у так званым ідэалягічным пляне, каб усе людзі думалі аднолькава, каб яны ўсё разумелі аднолькава. І тое, што зараз узнаўляецца ня проста канцэпцыя нейкая — вось мы будзем ісьці да гэтай мэты, а сама сыстэма ідэалягічнай апрацоўкі, вось што важна. Тут самае галоўнае ня тое, што ў нас зьявілася ідэалягічная канцэпцыя, а тое, што ствараецца машына апрацоўкі людзей у пэўным кірунку. Калі ёсьць машына, то вельмі лёгка пры неабходнасьці замяніць саму ідэю — сёння адна, а заўтра будзе другая, а машына будзе працаваць і людзей апрацоўваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG