Нягледзячы на прапановы грамадзкасьці ўшанаваць памяць Васіля Быкава наданьнем ягонага імя адной зь вялікіх і прыгожых вуліцаў Менску — напрыклад, цяперашняму праспэкту Дзяржынскага — гарадзкія ўлады вырашылі чакаць, пакуль у Менску зьявіцца нейкая новая вуліца бяз назвы. Таксама адхіленая прапанова надаць імя Быкава досыць вялікай плошчы каля таго дому, дзе жыў пісьменьнік — паміж вуліцамі Максіма Танка (былой Танкавай) і Кальварыйскай, на скрыжаваньні вуліцаў Ціміразеўскай і Клары Цэткін, перад крамай “Радыётэхніка”. Хаця падобнае рашэньне было прынятае адносна суседняга скрыжаваньня — той жа вуліцы Клары Цэткін, згаданага праспэкту Дзяржынскага і Нямігі, ля тэатру музычнай камэдыі. Гэтая плошча цяпер носіць імя Францішка Багушэвіча.
Сакратарка камісіі ў справах найменьняў і перайменаваньняў вуліцаў і плошчаў Менску Марыя Станкевіч, аднак, пра сталічныя плошчы маўчыць, а на пытаньне, у якім раёне сталіцы зьявіцца вуліца Васіля Быкава, адказвае гэтак:
(Станкевіч: ) “Адкуль я ведаю, які раён будзе забудоўвацца? Мне гэта невядома. Мне толькі вядома, што на сёньняшні дзень у горадзе Менску няма ніводнай вуліцы бяз назвы. Як толькі пачнецца забудова нейкага мікрараёну, вось у тым раёне. І тое я ня думаю, што адразу Быкава”.
(Карэспандэнт: ) “А хто будзе першы? Ёсьць нейкая чарга там?”
(Станкевіч: ) “Ёсьць, вядома — паводле часу зваротаў. Вось у мяне ў пляне стаіць першы наш архітэктар Заборскі Георгі — гэта была пастанова Савету Міністраў, але вуліцы ў нас, на жаль, няма пакуль”.
Да гэтых словаў спадарыні Станкевіч варта дадаць, што ад пачатку жніўня тэрыторыя Менску павялічылася за кошт суседніх населеных пунктаў кшталту вёскі Кунцаўшчына і пасёлку Навінкі, дзе некаторыя назвы вуліцаў супадаюць зь менскімі, таму іх трэба пераймяноўваць, каб не было блытаніны. Да таго ж у адным раёне сталіцы, Заводзкім, ёсьць дзьве вуліцы, якія названыя ў гонар аднаго чалавека — гэта вуліца Жылуновіча (былая Жданава) ля ўнівэрмагу “Беларусь” і вуліца Цішкі Гартнага ў Шабанах. Таму вуліцам Менску ня толькі можна, але й трэба даваць іншыя назвы. Але камісія найменьняў, якую ачольвае намесьнік старшыні гарвыканкаму Міхаіл Пятрушын, сьвядома на гэта не ідзе.
Цікава, што ў чарзе на ўшанаваньне ў Менску ёсьць ільготнікі. Я задаў Марыі Станкевіч гэткае пытаньне:
(Карэспандэнт: ) “А Ўладзімер Мулявін таксама ў агульнай чарзе будзе?”
(Станкевіч: ) “Ня ведаю, у якой чарзе будзе Мулявін. Наконт Мулявіна нам тэрмін дадзены — да 1 студзеня 2005 году”.
(Карэспандэнт: ) “А Быкаў нейкія тэрміны артымаў?”
(Станкевіч: ) “Быкаў нічога не атрымаў, пастановы наконт Быкава ўрадавай няма. Проста зьвярнуліся дэпутаты — мы ўключылі ў плян працы камісіі”.
У пляне працы камісіі найменьняў і перайменаваньняў — 9 прозьвішчаў, у тым ліку кінарэжысэр Міхаіл Пташук і генэрал арміі Яўген Іваноўскі. Дзясятай значыцца газэта “Звязда”.
Нядаўна зьявіліся паведамленьні, што гэтая камісія рыхтуе прапанову перайменаваць станцыю мэтро “Плошча Леніна” ў “Плошчу Незалежнасьці”, як яе называлі больш за 10 гадоў. Але сакратарка камісіі Марыя Станкевіч кажа, што станцыю мэтро “Плошча Леніна” даўно перайменавалі — праўда, праз два гады пасьля самой плошчы:
(Станкевіч: ) “Мэтро таксама было прыведзенае ў адпаведнасьць з рашэньнем гарвыканкаму ў 1993 годзе. Было рашэньне! Астатнія пытаньні ўсе — да мэтрабуду”.
(Карэспандэнт: ) “Дык станцыя цяпер афіцыйна называецца усё ж такі “Плошча Незалежнасьці”, так?”
(Станкевіч: ) “Ну так”.
Аднак кіраўніцтва мэтрапалітэну па-ранейшаму сьцьвярджае, што станцыю “Плошча Леніна” не пераймяноўвалі, і ў цягніках цяпер зноў гучыць імя Леніна.