Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫЯ ТРЭНЭРЫ ВОЛЬГІ КОРБУТ ЗАКЛІКАЮЦЬ ЧЫНОЎНІКАЎ МІНСПОРТУ АДМОВІЦЦА АД ЕЙНЫХ ПАСЛУГАЎ


Ігар Карней, Менск

Спраўдзіць інфармацыю аб вяртаньні ў самой Вольгі Корбут немагчыма: яна прынцыпова не падыходзіць да тэлефону з вызначальнікам нумару. Своеасаблівым пасярэднікам у кантактаваньні выступае былы муж Корбут, сьпявак “Песняроў” Лявон Барткевіч.

(Барткевіч: ) “Яна ня хоча гаварыць з журналістамі, бо яе ўжо “дасталі” ўсялякімі плёткамі. Я запытаўся: калі будуць да мяне зьвяртацца — што адказваць? Яна і кажа: не хачу больш у Амэрыцы жыць. І калі мяне запросяць дадому, я змагу дапамагчы і шмат чаго зрабіць для гімнастыкі. Я ёй даўно казаў, калі сам ад’яжджаў з ЗША тры гады таму: трэба жыць на Радзіме, на чужыне толькі пагуляць можна. Дый тут яна зможа плённа працаваць; у яе досьвед працы са зборнай Англіі, у Амэрыцы. Яна вельмі добры трэнэр”.

(Карэспандэнт: ) “А які цяпер яе статус у ЗША?”

(Барткевіч: ) “Я нават ня ведаю, ці атрымала яна ўрэшце грамадзянства. Але цяпер гэта ня так ужо важна. Калі ў нас будзе аб’яднаньне з Расеяй, будзе двайное грамадзянства: усе ж ня змогуць два пашпарты мець”.

Апошняе ўдакладненьне спадар Барткевіч патлумачыў так: калі Корбут не запросяць у Беларусь, яна будзе прасіцца ўздымаць гімнастыку ў Расею. Дарэчы, сястра Корбут, Людміла Бажко, якая жыве ў Горадні, абвяргае мажлівасьць вяртаньня Вольгі. Маю спасылку на сёньняшнюю размову Барткевіча з былой жонкай камэнтуе так:

(Бажко: ) “Беспадстаўныя чуткі. Хто такі Барткевіч сёньня для Вольгі Корбут? Я, прыкладам, ня ведаю. Больш камэнтароў ніякіх даваць ня буду. Усё!”

Адна з былых трэнэраў Вольгі Корбут, Тамара Аляксеева, якая, дарэчы, пасьля дзесяці гадоў працы ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы нядаўна гэтаксама прыехала ў Беларусь, вестку пра магчымае вяртаньне сваёй выхаванкі сустрэла сьмехам: кажа, што самае разумнае ў гэтай сытуацыі — адмовіцца ад паслугаў Корбут.

(Аляксеева: ) “Ой, вы што? Што яна тут будзе рабіць? Рэпутацыі у яе цяпер ніякай. Яе ж там у літаральным сэнсе з клюбу пагналі. Прынамсі, беларускай гімнастыцы яна нічым не дапаможа. Корбут паняцьця ня мае, якія працэсы цяпер ідуць у гімнастыцы. Яшчэ да ад’езду ў ЗША яна спрабавала працаваць у Спорткамітэце. Яе падтрымлівалі, паколькі трэба ж нечым чалавека заняць. Яна ж не працавала!

І як вяртацца пасьля таго, як абальеш брудам уласнага трэнэра? Такую кампанію супраць Кныша разгарнуць! Ён дзесяць гадоў таму мог шмат чаго зрабіць для гімнастыкі, у яго тады былі сілы. І пасьля гэтага ў яе хапае нахабнасьці вярнуцца. Едзе гімнастыку аднаўляць! Хоць бы іншае што прыдумала. У яе ёсьць праграма? У іншых трэнэраў ёсьць. А яна прыедзе — дайце ёй дзяцей. Хай папярэдне папрацуе, выявіць сябе”.

Узгаданы спадарыняй Аляксеевай галоўны трэнэр алімпійскай чэмпіёнкі Рэнальд Кныш ужо чуў пра магчымае вяртаньне сваёй выхаванкі. І свайго стаўленьня да гэтага не хавае:

(Кныш: ) “Дапамагчы яна нічым ня зможа, нават калі хацела б. Калі яна пачынала працаваць пасьля заканчэньня кар’еры ў гімнастыцы, яе прызначылі трэнэрам маладзёвай зборнай. На першай жа арганізацыйнай сустрэчы я запытаў: будзеш рыхтаваць такіх жа чэмпіёнаў, як сама? І яна адказала — навошта? Рэўнасьць да славы, яна папросту ня хоча, каб зьявіўся хтосьці, блізкі да яе.

А калі яе цяпер яшчэ начальніцай паставяць — дык гэта будзе апошняя справа: за 15 гадоў у ЗША яна нічога не паказала. Ёй наогул забаранілі трэніраваць вучняў, бо груба зь імі сябе паводзіла. Запрасіць у Беларусь яе, натуральна, могуць — але гэта тое ж, што павесіць сабе хамут на шыю. Дадуць заробак, ды будуць утрымліваць. Але карысьці ніякай — калі толькі за старыя заслугі прызначыць пэнсію. Вось сутнасьць вяртаньня”.

У Міністэрстве спорту адносна будучыні алімпійскай чэмпіёнкі нічога не гавораць, паколькі ейнага пэрсанальнага звароту ў ведамства не было. Але міністар Юры Сівакоў адзначыў: працаўладкаваць Корбут — не праблема. Пры гэтым толькі трэба зыходзіць з таго, якія выказваньні яна дазваляла сабе пра беларускі спорт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG