Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“DREAMLAND” НА СТАДЫЁНЕ “ТРАКТАР”

Ігар Карней, Менск

Калі гавораць пра Робэрта Планта, аўтаматычна падзяляюць ягоную творчасьць на два радыкальныя пэрыяды. Першы, натуральна, абагульняе ўсё, што зьвязана з эпохай “Led Zeppelin” (гэта амаль да канца 1970-х), другі бярэ адлік ад 1982 году, калі Плант распачаў сольную кар’еру. Шмат хто зь ліку заўзятых прыхільнікаў “Led Zeppelin” так і не дараваў Планту, што той не адстояў калектыў, што пачаў выконваць больш “прымітыўную”, зь іхнага гледзішча, музыку.

Нават сур’ёзныя эўрапейскія музычныя крытыкі пісалі, што Плант, дый іншыя удзельнікі былой каманды, пайшлі на ўгоду з сумленьнем, адышоўшы да сольнай творчасьці. Запатрабаваўся шэраг альбомаў, каб пераканаць усіх: былы лідэр “Led Zeppelin” мае права ня толькі на вялікую музычную мінуўшчыну, але і на зьмястоўную будучыню. У нейкім сэнсе гэты маральны падзел хваляваў і беларускіх аматараў року.

Бальшыня сапраўды ішла на канцэрт з пытаньнем: ці той гэта Плант, якога 30 гадоў таму да адурненьня слухалі на кантрабандных кружэлках? Мала хто мог тады нават уявіць, што ўбачыць уладальніка ўнікальнага голасу на сцэне — тым больш, праз столькі гадоў.

Учора, напярэдадні канцэрту, я размаўляў з адным зь першых беларускіх рокераў, Андрэем Казлоўскім, і ён прызнаўся, што мандраж у яго нежартоўны. Прычына тая ж: вельмі не хацелася б разьбіць юнацкія ілюзіі. І калі канцэрт завершыўся, я першай жа справай адшукаў Казлоўскага. Пытаньне было кароткае: расчараваўся? Было некаторае замяшальніцтва, а потым здалося, што той адказаў з палёгкай: гэта, натуральна, ня “Led Zeppelin”, але і ня Плант-саліст, які за два дзясяткі гадоў, натуральна, выпрацаваў свой адметны стыль.

Ахарактарызаваць цяперашні жанр амаль немагчыма; бліжэй да псыхадэлікі, усё базуецца на вобразах, на эмоцыях, шмат індускіх і арабскіх матываў, таму музыка гэтая не для стадыёнаў, а для сур’ёзных заляў з сур’ёзнай публікай. Голас, у прынцыпе, ранейшы, пазнавальны, але зьвязкі Плант ня рваў, як у сямідзесятым — цяпер ён больш мэлянхалічны.

Праўда, дзесяціхвілінныя музычныя імправізацыі шмат каго проста шакавалі: усё ж бальшыня прыйшла ў спадзяваньні гітоў, а патрапіла на прэзэнтацыю новага музычнага экспэрымэнту пад назовам “Dreamland” — менавіта так называцца альбом, зь якім Плант езьдзіць па Эўропе. Таму агульнага ўражаньня ўсё ж няма: пэўна, народ доўга яшчэ будзе асэнсоўваць створаныя Плантам вобразы.

Арганізатары яшчэ напярэдадні казалі, што чакаюць блізу 10 тысяч гледачоў, і, здаецца, яны мелі рацыю — было калі ня роўна 10 тысяч, то 8–9 дакладна. Але цікава, што ледзьве ня столькі ж было “халяўшчыкаў”. Стадыён “Трактар” знаходзіцца ў своеасаблівай катлавіне, вакол якой ідзе ўзвышша. Усё яно гэтаксама было забітае гледачамі, якія хоць і крыху меней бачылі, што адбываецца на сцэне, затое чулі ўсё выдатна. Міліцыянты сьцьвярджаюць, што за плотам бясплатна дысьлякавалася тысяч пяць гледачоў.

Рэагавалі ўсе дастаткова бурна, як і паводзяць сябе на канцэртах, адзінае, што міліцыянты не дазвалялі сядаць адзін аднаму на плечы, забаранялі падпальваць запальнічкі, і нашмат кварталаў вакол не прадаваліся сьпіртовыя напоі, уключна і піва. Што тычна кантынгенту, то сярэдні ўзрост, напэўна, вагаўся ў межах 30-ці. Былі і фактычныя аднагодкі Планта (а 20 жніўня яму споўніцца 55). Вельмі шмат хто быў экіпаваны паводле сапраўднага рок-н-рольнага ўзору: вузкія скураныя штаны, касухі, банданы. Найбольш эмацыйныя, як толькі чулі знаёмыя і характэрныя для “Led Zeppelin” акорды, выкрыквалі прызнаньні ў любві, але часьцей кшталту: “Ой, мама, зараз памру” — маючы на ўвазе, натуральна, што ад шчасьця.

Іншымі словамі, у чымсьці не прымаючы новыя экспэрымэнты Планта, людзі ў бальшыні былі шчасьлівыя, што гэта здарылася. Усе цудоўна разумеюць, што чакаць сустрэчы з кумірам яшчэ трыццаць гадоў — гэта задарагое задавальненьне.
XS
SM
MD
LG