Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 13 ЖНІЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Знамя юности”, 1963 год. Артыкул “Ёсьць трохсоттысячны!”:

“Выдатная падзея адбылася ў цэху зборкі машын: з галоўнага канвэеру сышоў трохсоттысячны трактар “Беларусь”. Згадайце, Уладзімер Ільліч марыў пра сто тысяч трактароў, з дапамогай якіх меркавалі зрушыць зь мёртвай кропкі адсталую сельскую гаспадарку Расеі. А цяпер адзін Менскі трактарны за параўнальна кароткі тэрмін даў Радзіме 300 тысяч выдатных машын. Гэта вялікая перамога ўсяго калектыву трактаразаводцаў. Пачаўшы з маламагутных машын, калектыў Менскага трактарнага дасягнуў сапраўдных вышынь трактарабудаваньня. “МТЗ-50” — гэта ня толькі ўнівэрсал. Гэта трактар-волат!”


“ЛіМ”, 1983 год:

“Навукоўцы ўзяліся… за сярпы”: “У калгасе імя Калініна Менскага раёну на найлепшым участку нечакана былі спынены камбайны і накіраваны на іншыя палеткі. А сюды неўзабаве прыйшлі зь сярпамі рабочыя спэцыялізаваных навукова-рэстаўрацыйных майстэрань, супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музэя народнай архітэктуры і быту, студэнты будаўнічага атраду Менскага пэдагагічнага інстытуту імя М.Горкага. Дзедаўскі спосаб жніва спатрэбіўся ім для таго, каб падрыхтаваць салому, якая пойдзе на стрэхі дзьвюх хат, што перавезены са Случчыны і пастаўлены на ўзгорку каля Пцічы на тэрыторыі музэя, які ствараецца пад адкрытым небам. Крыху пазьней будзе нарыхтаваны чарот, што спатрэбіцца для страхі сьвірна, перавезенага з Глускага раёну”.


“Глос з-над Немна”, 1993 год:

“Напады на дарогах зрабіліся амаль штодзённасьцю. У 1992 годзе на польскіх дарогах адбылося 248 нападаў на аўтамашыны. У 154 выпадках гэта рабілі грамадзяне былога Савецкага Саюзу. Найбольш нападаў назіралася на міжнародных трасах Е-30, Е-40 і Е-67. Калі раней злодзеі з Усходу нападалі найперш на сваіх землякоў, дык сёлета ўсё часьцей іх ахвярамі робяцца палякі і грамадзяне заходніх краін. Нядаўна адбылася ІІ Міжнародная канфэрэнцыя крымінальных службаў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы “Легіянова-93” з удзелам прадстаўнікоў у тым ліку Беларусі. На парадку дня стаяла пытаньне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю ў гэтых краінах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG