Ля брамы Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Я.Коласа знаходзяцца каля пятнаццаці чалавек. Ліцэісты пайшлі зьбіраць подпісы, астатнія — іх бацькі і выкладчыкі — побач з брамай ліцэю. Сярод прысутных — кіраўнік ліцэю Ўладзімер Колас.
(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці доўга вы тут будзеце?”
(Колас: ) “Я на працы, але не ўваходжу ў будынак, бо не пускаюць ліцэістаў, бацькоў, выкладчыкаў. Пускаюць толькі асобаў па сьпісу. Я лічу, што гэта незаконна, абуральна і амаральна. Я нават ня ведаю, хто складаў гэты сьпіс. Мяне гэтая валтузьня не цікавіць. Мы павінны пачаць заняткі ў гэтым будынку. На добры разум гэты будынак павінны быць дасьледаваны. Павінны правесьці экспэртызу, зрабіць праект, каштарыс. На ўсё гэта добра, каб году хапіла. Гэты год мы можам спакойна вучыцца ў ліцэі, тым больш, што было сказана, што ніякага аварыйнага стану будынку няма — і няма ніякай пагрозы жыцьцю”.
Ля брамы ўвесь час знаходзіцца намесьніца старшыні бацькоўскай рады Рэгіна Зімніцкая. Сёньня яна разам зь Лявонам Баршчэўскім і Анатолем Шаршнёвым занесла скаргу ў суд Ленінскага раёну Менску на пастанову Саўміну аб ліквідацыі ліцэю — з просьбай, каб там адмянілі яе як незаконную.
(Зімніцкая: ) “Я хачу яшчэ раз пацьвердзіць наша законнае права выбару навучальнай установы і выбару пэдагагічнага калектыву. Таму гэтае права мы цяпер будзем адстойваць у судзе. Бацькі пачалі пісаць заявы на імя спадара Коласа аб тым, што мы застаемся са сваімі настаўнікамі, сваім кіраўніком і нашы дзеці застаюцца ў ліцэі. У нас хопіць сілаў на столькі, колькі трэба для перамогі”.
Сярод прысутных ёсьць і выпускнікі ліцэю. Натальля Водзіч скончыла ліцэй ў 2001 годзе:
(Водзіч: ) “Я лічу, што гэта мой абавязак — падтрымаць ліцэістаў і выкладчыкаў, якія мне дастаткова шмат далі ў жыцьці. Таму я буду тут зь імі да апошняга. Буду тут і 1 верасьня, а, калі атрымаецца, то і пасьля буду сюды падыходзіць і іх падтрымліваць. Гэта ўжо традыцыя бараніць ліцэй. Колькі я тут вучыся, столькі і бараню… Паступіла ў 1997 годзе, тады ўсё й пачалося. Мы будзем стаяць да апошняга”.
Увечары ля брамы ліцэю пісьменьнік Уладзімер Арлоў ладзіць прэзэнтацыю сваёй кнігі “Адкусі галаву вароне”. Беларускія рок-гурты пры канцы жніўня заплянавалі правесьці адмысловы рок-канцэрт на знак салідарнасьці з Нацыянальным ліцэем.