Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ БУДЫНАК ІРАЦКАЙ АМБАСАДЫ Ў МЕНСКУ БУДЗЕ ЗАКАНСЭРВАВАНЫ


Юры Сьвірко, Менск

Наведаўшы ў аўторак недабудаваную амбасаду Іраку, я ўбачыў, што ніхто на гэтай пляцоўцы ўжо не працуе. Хаця на шчыце напісана, што заканчэньне будаўніцтва заплянаванае на чацьверты квартал 2003 году, трохпавярховы будынак стаіць бяз шыбаў і ніякіх аздобных работаў у ім ня вядзецца. На пустой будпляцоўцы толькі пасьля абеду зьявіўся спадар Васіль, які пачаў капаць невялікую траншэю. На пытаньне, што адбываецца з будаўніцтвам, ён адказаў гэтак:

(Васіль: ) “Ня ў курсе я. Свае рэчы выкопваем”.

Ягоны калега Аляксандар, які прыйшоў пазьней, ведае, што амбасады Іраку ў Беларусі больш ня будзе, таму пра лёс яе новага будынку не хвалюецца:

(Аляксандар: ) “Лукашэнка да сябе прыграбе”.

Аднак, нягледзячы на такую ўпэўненасьць гэтага рабочага, ягоны кіраўнік прараб Уладзімер Глябко на пытаньне пра лёс будаўніцтва адказаў гэтак:

(Глябко: ) “Нічога не вядома. Спынілася. Чаму? Таму што грошай няма. Для мяне лепш спадзявацца, што будзе дабудаванае — мне праца будзе”.

Але галоўны інжынэр Мікалай Хацкевіч быў пэсымістычны і паведаміў, што нядаўна было прынятае рашэньне прыпыніць будаўніцтва новага будынку былой амбасады Іраку. Гэтак вырашыў Камітэт дзяржаўнага будаўнічага нагляду, і вось чаму:

(Хацкевіч: ) “У нас ёсьць замоўнік — “Белмэталэнэрга”. Мы будаўнічая арганізацыя. Пакаралі і кіраўнікоў бударганізацыі, і замоўніка. Штраф далі, бо няма рашэньня пра адвод зямельнага ўчастку”.

Спадар Хацкевіч патлумачыў, што ёсьць толькі рашэньне Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту пра будаўніцтва гэтага аб’екту ды ёсьць замоўнік — “Белмэталэнэрга”. Гэтая фірма знакамітая тым, што яе супрацоўнікі да апошняга моманту працавалі ў Іраку і былі эвакуаваныя перад самым пачаткам вайны адмысловым рэйсам самалёту “Белавія”, зафрахтаванага “Інфабанкам”. Цяпер “Белмэталэнэрга” зноў фігуруе ў заблытанай справе з амбасадай Іраку.

Якім чынам можна было пачаць будаўніцтва ў самым цэнтры Менску, за некалькі крокаў ад праспэкту Машэрава ды на тэрыторыі былога гета, амаль на месцы зьнішчанай нядаўна сынагогі, без атрыманьня зямельнага ўчастку — можна толькі здагадвацца. Паводле заканадаўства, кажа галоўны інжынэр Хацкевіч, трэба было рабіць так:

(Хацкевіч: ) “На час будаўніцтва адвесьці зямлю “Белмэталэнэрга”. Няма такога рашэньня. Адвесьці зямлю Рэспубліцы Ірак — таксама няма такога рашэньня. Там амбасадар не пагадзіўся. І гэтак далей, і гэтак далей”.

Атрымліваецца, што пакуль ірацкі амбасадар Салман Зэйдан быў у Менску ў фаворы, на ўсе парушэньні падчас будаўніцтва заплюшчвалі вочы. А як толькі ён зьнік зь Беларусі — адразу пачаліся праблемы й штрафы.

Неафіцыйна прадстаўнікі беларускіх уладаў кажуць, што ад рэжыму Хусэйна горад Менск атрымаў два вялікія ўнёскі — 500 тысяч даляраў на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі ды яшчэ прыблізна столькі ж — на новую амбасаду Іраку. Каму цяпер дастанецца другая палова мільёну, невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG