Шмат хто шчыра прызнаўся, што апынуўся паміж дылемай — ісьці ці ня йсьці на канцэрт Планта. Тыя, хто спасьцігаў рок-культуру “Led Zeppelin” не візуальна, а зь дзясяткаў разоў перапісаных стужак на бабінавых магнітафонах, баяцца ня ўбачыць створаны колісь вобраз свайго Планта, рок-ідала ўзору 1970-х. Цяперашні, 55-гадовы Плант, пры ўсёй сваёй экстраваганцыі, ёсьць толькі ценем цэлай эпохі. Да таго ж, ня ўсім даспадобы адсутнасьць звыклай зьвязкі Плант-Пэйдж, што аўтаматычна выносіць канцэрт па-за рамкі “Led Zeppelin”. Пра гэта гаворыць і лідэр гурту “Сузор’е” Андрэй Казлоўскі:
(Казлоўскі: ) “Каб быў Джымі Пэйдж, лічы, што перад табой “Zeppelin” — “мазгі” ў камандзе заўсёды працавалі ягоныя. Што будзе зараз? — точыць сумнеў. Плант пакуль “дыхлаваты”, у яго са здароўем ня ўсё добра, і засьпяваць гэтак, як раней, ён ня зможа. Тэарэтычна можа ўзяць энэргетыкай, але колькі яшчэ засталося сілы? Таму я ў нэрвовым чаканьні — прынамсі, пакуль баюся расчаравацца: тое, што бачыў дагэтуль, вельмі пасрэднае. У яго цяпер суцэльныя сямейныя трагедыі, і невядома, у якой ён форме і кандыцыі.
Але мае сябры былі ў Штатах на канцэрце Пэйдж-Плант, і казалі: гэта было фантастычна. Энэргетыка пёрла зь іх, як і раней. Як будзе сёньня? Атрымаецца — клясна, не — можна казаць, што дзяды выйшлі ў тыраж”.
Арганізатары канцэрту тым часам кажуць, што чакаюць на стадыёне “Трактар” да 10 тысяч гледачоў. Хоць кошты на квіткі і дасягаюць 60 тысяч рублёў. Між іншым, як Плант трапіў у Беларусь — застаецца загадкай: на ягоным сайце, дзе пазначаны графік эўрапейскіх гастроляў, Менск зьявіўся літаральна днямі, а месца канцэрту пазначанае як “Traktorist-stadium”.
Дарэчы, шмат хто не разумее: чаму расейскім поп-аднаднеўкам без праблемаў даюць Палац рэспублікі, а Планта робяць “трактарыстам”? Вось якія акалічнасьці высьвятліў вядучы праграмаў “Радыё Рокс” (станцыі, якая спэцыялізуецца на музыцы рок) Андрэй Дабралюбаў:
(Дабралюбаў: ) “Наўрад ці гэтыя канцэрты заплянаваныя, бо беларускія прадусары ня маюць ні сродкаў, ні магчымасьцяў прывезьці гурты падобнага ўзроўню самастойна. Таму знаходзяць выйсьце: у эўрапейскім турнэ, калі ёсьць вольны час і згода прадусараў гэтага гурту на незаплянаваны канцэрт, гурты трапляюць у Менск. Тэндэнцыя прасочваецца ад таго часу, калі прыяжджаў Уда Дыркшнайдэр, “Deep Rurple”, зараз вось Робэрт Плант. На афіцыйным сайце назоў беларускага туру зьявіўся значна пазьней, і ён стаіць якраз паміж Рыгай і Кіевам, з розьніцай у два дні, і гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што канцэрт незаплянаваны”.
Датычна да Беларусі гастрольная тэндэнцыя сапраўды акрэсьленая яскрава: прыяжджаюць каманды, зорны час якіх застаўся далёка ў мінулым. Плант хоць і выбіваецца з агульнага сьпісу, але, як мяркуе вакаліст гурту “Палац” Алег Хаменка, гэта не перашкаджае яму думаць пра ўласны бюджэт.
(Хаменка: ) “Я лічу яго адным з самых моцных вакалістаў у сьвеце. Адносна музыкаў, якія зь ім цяпер працуюць — гэта рок-сэйшн-музыкі, людзі даволі вядомыя ва ўсёй Англіі, проста мы іх ня ведаем. А што да “адстою”, які едзе ў Беларусь... Гэта насамрэч рэкляма Беларусі, што сюды наогул такі чалавек прыехаў. Іншая справа, што аплата для нармальных рокераў надзвычайная: такіх грошай у той жа Нямеччыне ён не заробіць. Ганарар вельмі высокі, але гэта абумоўлена якраз тым, што ён прыяжджае ў Беларусь. А насамрэч такіх грошай ні ў Нямеччыне, ні ў Францыі ён не заробіць”.
Арганізатары канцэрту з кампаніі “Класс Клуб-Джаз Крафт” пра ганарар Планту ня кажуць і крытыкуюць усіх, хто распачынае такія размовы. Што да канцэртнай пляцоўкі на “Трактары”, то спасылаюцца на нядаўні рамонт і лепшыя, у параўнаньні з “Дынама”, умовы.