Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ДРУК ПРА ЎВЯДЗЕНЬНЕ РАСЕЙСКАГА РУБЛЯ Ў БЕЛАРУСІ


Юры Дракахруст, Прага

Газэта “Ведомости” нагадвае чэрвеньскую заяву Аляксандра Лукашэнкі, які тады сказаў: “Рашэньне па эмісіі адзінай валюты мусіць прымаць міжбанкаўская рада, дзе прадстаўнікі Цэнтрабанку Расеі і Нацбанку Беларусі мелі б роўную вагу. Іншага я не прыму”. Разам з тым “Ведомости” прыводзяць словы ўдзельніка ўчорашняга паседжаньня рабочай групы, намесьніка міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі Аркадзя Дварковіча, паводле якога роўнасьць якраз і не прадугледжваецца. Цэнтрабанк Расеі будзе вызначаць для Нацыянальнага банку Беларусі штоквартальны аб’ём эмісіі прапарцыйна аб’ёму яе валавага ўнутранага прадукту.

“Коммерсантъ” камэнтуе сытуцыю ў артыкуле пад духсэнсоўным назовам “Беларускі рубель пастаўлены рубам”. “Дома – піша газэта – сп. Пракаповіч казаў, што Нацыянальны банк будзе эмітаваць рублі, хаця толькі ў межах долі эканомікі Беларусі ў эканоміцы Расеі. Учора і гэтыя спадзевы былі перакрэсьленыя. “Эмісію будзе ажыцьцяўляць толькі ЦБ”, – заявіў намесьнік міністра фінансаў Расеі Аляксей Улюкаеў”.

Далей “Коммерсантъ” нагадвае, што Менск ужо 10 гадоў заяўляе, што ні з кім не падзеліцца эмісійнымі функцыямі. Хутчэй за ўсё, кропка ў спрэчцы будзе пастаўленая на чаканай сустрэчы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі – робіць выснову выданьне.

“Новые Известия”, зыходзячы, відаць, з тэзы аб непазьбежнасьці валютнай інтэграцыі, пішуць, што “Лукашэнка, які хоча нават насуперак здароваму сэнсу захаваць усе атрыбуты сувэрэннай дзяржавы, даўгі час рабіў гэтае пытаньне невырашальным”. “Новыя Известия” тлумачаць, чаму Масква ня хоча саступаць са сваёй пазыцыі. “Цьвёрдасьць расейскай пазыцыі – піша газэта – тлумачылася перасьцярогамі, што палітыка накачкі эканомікі пустымі грашыма, якую праводзяць беларускія ўлады, можа падарваць стабільнасьць нацыянальнай валюты”.

Нарэшце, газэта “Время новостей” не падзяляе думкі пра тое, што пераход Беларусі на расейскі рубель – справа вырашаная. “У Маскве і Менску – адзначае выданьне – захоўваюцца перасьцярогі, што з задумцы з увядзеньнем адзінай валюты нічога не атрымаецца. Таму вырашылі падстрахавацца, падрыхтаваўшы пагадненьне аб парадку спыненьня выкарыстаньня расейскага рубля ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG