Пасьля тэрарыстычнага нападу на Амэрыку 11 верасьня 2001 году Вашынгтон робіць больш жорсткімі правілы ўезду ў Злучаныя Штаты. Апошнія строгія візавыя правілы ўступілі ў дзеяньне 1 жніўня. Для атрыманьня амэрыканскай працоўнай ці студэнцкай візы цяпер неабходна прайсьці ў амэрыканскім кансуляце інтэрвію, да таго ж кансулят мусіць правесьці адмысловую праверку кожнай асобы, якая мае намер прыехаць у ЗША. Мэта гэтых мераў – прадухіліць прыезд у Амэрыку сябраў тэрарыстычных арганізацый. Але гэта б’е па замежных студэнтах і людзях, якія прыяжджаюць у ЗША на сэзонныя працы з Мэксыкі і краінаў Лацінскай Амэрыкі.
Сэсар Арантэс – рэдактар бюлетэню “Навіны іміграцыі”, які выдаецца ў Вашынгтоне. Група Арантэса выступае за больш адкрытую палітыку ЗША ў галіне іміграцыі. На думку Сэсара Арантэса, больш строгія правілы ўезду ў краіну пазбаўляюць працы шмат грамадзянаў краінаў амэрыканскага кантынэнту, а ўскосна наносяць шкоду і эканоміцы Злучаных Штатаў. Сп. Арантэс нагадвае, што значная частка тых, хто зьбірае ўраджай у паўдзённых штатах Амэрыкі – нелегальныя мігранты. Ён гаворыць:
(Арантэс: ) “Вынікам гэтага стане тое, што ў Злучаных Штатах ня будзе людзей, гатовых зьбіраць ураджай садавіны і гародніны за грошы, за якія згодныя гэта рабіць нелегальныя імігранты. Яны працуюць за надзвычай малы заробак. Легальным працаўнікам давядзецца плаціць удвая больш. Гэта дорага для Злучаных Штатаў”.
Сэсар Арантэс нагадвае, што прэзыдэнт Буш у свой час быў губэрнатарам Тэхасу, штату, які мае велізарную мяжу з Мэксікай. У першы год яго прэзыдэнцтва адміністрацыя Буша лібэралізавала правілы ў’езду ў ЗША для мэксыканцаў. Пасьля 11 верасьня 2001 году палітыка стала адваротнай, што адбіваецца на двухбаковых адносінах, і на эканамічным становішчы Мэксыкі – заробкі ў Амэрыцы мэксіканскіх сэзоных рабочых складалі істотную частку нацыянальнага даходу гэтай краіны.
Новыя правілы ўезду ў ЗША ствараюць праблемы і перашкоды для замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў амэрыканскіх унівэрсытэтах. Бары Тоіў, прадстаўнік асацыяцыі амэрыканскіх унівэрсытэтаў, мяркуе, што гэта робіць шкоду ня толькі гэтым людзям і іх краінам, але і самім Злучаным Штатам:
(Тоіў: ) “Калі сёньняшнія замежныя студэнты стануць лідэрамі ў палітыцы, бізнэсе і іншых сфэрах жыцьця ў сваіх краінах, яны будуць падрыхтаваныя да таго, каб працаваць з намі, яны будуць разумець нас, і гэта вельмі добрая рэч”.
Увядзеньне новых візавых правілаў можа прывесьці да таго, што шмат замежных студэнтаў проста ня змогуць прыехаць да сваіх унівэрсытэтаў да пачатку навучальнага году. Праўда, сп. Тоіў адзначае, што Дзярждэпартамэнт даў загад кансулятам максымальна паскорыць працэдуру выдачу візаў замежным студэнтам і выкладчыкам, што навучаюцца ці выкладаюць у амэрыканскіх унівэрсытэтах. На думку Бары Тоіва, свабода руху людзей і нацыянальная бясьпека ня ёсьць невырашальнай дылемаю.
(Тоіў: ) “Мы цалкам разумеем неабходнасьць падтрыманьня высокага ўроўню нацыянальнай бясьпекі , асабліва пасьля 11 верасьня 2001 году, і ўстановы вышэйшай адукацыі вельмі шчыльна супрацоўнічаюць з урадам, каб даказаць, што свабодны рух людзей сумяшчальны з нацыянальнай бясьпекай”.
Бары Тоіў падкрэсьлівае, што ўрэшце рэшт праблема ў грошах. Дзярждэпартамэнт ня мае бюджэту, каб пашырыць штаты кансулятаў, каб пры новых візавых правілах людзі не стаялі ў чэргах. Амэрыканскія арганізацыі ўстановаў вышэйшай адукацыі пераконваюць Кангрэс павялічыць фінансаваньне Дзярждэпартамэнту, каб вырашыць гэтую праблему.
У дадатак да матэрыяла Юрыя Дракахруста прапануем вам вытрымкі з правілаў атрыманьня неіміграцыйных амэрыканскіх візаў у Беларусі. Гэтыя правілы зьмешчаныя на сайце абмасады Злучаных Штатаў у Беларусі minsk.usembassy.gov:
- Адным з патрабаваньняў амбасады зьяўляецца запрашэньне ад амэрыканскага боку;
- супрацоўнік кансуляту мусіць атрымаць ад чалавека дастаткова доказаў таго, што чалавек мае шчыльныя сувязі з краінаю пражываньня і не зьбіраецца іміграваць у ЗША, рашэньне прадстаўніка кансуляту па гэтым пытаньні зьяўляецца канчатковым, на яго ня могуць паўплываць ані амбасадар, ані Дзярджэпартамэнт, ані іншыя афіцыйныя асобы і дзяржаўныя органы;
- пры ўзьнікненьні дадатковых пытаньняў апрацоўка зваротаў можа заняць да 15 дзён і болей;
- зварот па візу каштуе 100 даляраў, якія не вяртаюцца незалежна ад таго, ці атрымае візу асоба, якая зьвяртаецца ў амбасаду з такой просьбаю, зварот па студэнцкую візу каштуе 65 даляраў;
- зварот па студэнцкую візу мусіць суправаджацца дакумэнтальнымі доказамі таго, што заяўнік мае дастатковыя сродкі з надзейнай крыніцы, якія дазваляюць яму аплаціць навучаньне і пражываньне за ўвесь пэрыяд знаходжаньня ў ЗША.