Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІЦЭІСТЫ І ІХ БАЦЬКІ ДЗЯЖУРАЦЬ ЛЯ БРАМЫ ЛІЦЭЮ

Любоў Лунёва, Менск

Каля дваццаці чалавек з раніцы сталі ля брамы ліцэю. Уначы міліцыянты разабралі адну барыкаду з дошак, калючага дроту і бітага шкла. Невядома зь якой прычыны — альбо будаўнікі паскардзіліся, што празь дзірку ў агароджы хадзіць на працу нязручна, альбо каб прыбраць такое відовішча, якое нагадвае зону ваеннага канфлікту ў цэнтры гораду.

Ліцэісты заўважылі, што ўсё больш людзей ставяць свае подпісы ў абарону ліцэю. Сёньня ў Менску ішоў дождж і было даволі холадна. Навучэнцы сьпявалі, каб сагрэцца.

Ня толькі ліцэісты і іх бацькі дзяжураць ля брамы ліцэю. Сюды наведваюцца палітыкі і грамадзкія дзеячы. Лета Ўсьціновіч таксама з раніцы прыйшла да брамы на знак салідарнасьці з калектывам ліцэю.

(Усьціновіч: ) “Прыйшла сюды на гэты пункт, дзе дзяжураць абаронцы ліцэю, не таму мяне нехта заангажоўвае, ці заахвочвае фінансава. Я прыйшла, бо лічу, што кожны сьвядомы чалавек, кожны нармальны беларус павінен дбаць пра гэтую ўстанову, якую адзіную на ўсю краіну зьнішчаюць, прычым нахабна, брутальна, “нахрапіста”, як гэта можа рабіць наша дзяржава. Я лічу, што сёньняшні ліцэй дае ўсім прыклад салідарнасьці”.

Да дзяцей прыбіўся маленькі сабачка. Яны яго пакармілі і з задавальненьнем хадзілі разам зьбіраць подпісы. Бацькі сачылі, каб ніхто да іх не чапляўся. У Валянціна Андрусевіча ў ліцэі вучыцца дачка Тацяна.

(Андрусевіч: ) “Днямі Лукашэнка казаў, што апазыцыя робіць нейкія гнёзды ў ліцэі. Я просты рабочы. Працую на заводзе і да апазыцыі ня маю ніякага дачыненьня. Мая дачка паступала сюды ня дзеля таго, каб займацца палітыкай, а каб атрымаць добрую якасную адукацыю. Хачу, каб гэтыя выкладчыкі й надалей вучылі маю Тацяну. Калі мы аддавалі яе сюды вучыцца, ня думалі, што прыйдзецца бараніць яе права вучыцца на беларускай мове. У свой час я ня змог атрымаць адукацыю па-беларуску. Хацеў, каб дачка атрымала, дык дзяржава не дае. Што гэта за дзяржава такая, што трэба стаяць на вуліцы і бараніць свае правы?”

А 6-й вечара бацькі правялі бацькоўскі сход. На ім прынялі заяву, у якой патрабуюць спыніць незаконныя будаўнічыя працы і прывесьці будынак да 1 верасьня ў нармальны стан. Апроч таго, зьбяруць подпісы пад заявай у Камітэт правоў чалавека ААН, а таксама пад заявай у суд на незаконнае рашэньне Саўміну аб ліквідацыі ліцэю.
XS
SM
MD
LG