“Вострая Брама”. 9 жніўня
Гвалтоўная ліквідацыя Беларускага ліцэю на гэтым тыдні была цэнтральнай тэмай інфармацыйных паведамленьняў Радыё Свабода, а таксама тэмай абмеркаваньня нашых слухачоў. У новым выпуску “Вострае Брамы” – працяг гаворкі пра сапраўдны сэнс наступу ўладаў на Ліцэй, на дзяржаўную беларускую мову і на беларускую культуру ў цэлым.
“Па-за тактам”: Яны сышлісь: фальклёр і мэтал. 9 жніўня
Існуюць погляды, што элемэнты фальклёрнае музычнае творчасьці сёньня можна адшукаць ва ўсіх без выключэньня найбольш сучасных стылях папулярнай музыкі. У беларускай практыцы ўсё часьцей на глебе музыкі народнай узьнікаюць калектывы, што чытаюць народную спадчыну часам кардынальна іначай, чым гэта рабілася да іх. Зь лідэрам менскай мэталёвай групы “Зьніч” Алесем Таболічам гутарыць карэспандэнт Зьміцер Падбярэзскі.
“Вольная студыя”. 10 жніўня
На Камчатцы існуе рэчка Паратунка, названая гэтак, пэўна ж, не камчадаламі й не ітэльменамі. Мабыць, яе тэрмальныя воды паратавалі ад раматусу не аднаго беларуса. І ня дзіўна, бо перад вайной на Далёкім Усходзе апынуліся цэлыя беларускія вёскі са сваім шматвяковым укладам, традыцыямі й звычаямі. Алесь Мемус быў вывезены з Радзімы ў двухгадовым узросьце й пражыў між вулканаў амаль трыццаць гадоў. Потым была Ленінградзкая акадэмія мастацтваў, вяртаньне ў Беларусь, праца на мастацка-графічным факультэце Віцебскага пэдінстытуту… У нядзелю мастак Алесь Мемус будзе госьцем Міхася Скоблы ў перадачы “Вольная студыя: новыя словы пра звыклыя рэчы”.
"Праскі акцэнт". 10 жніўня
Удзельнікі чарговага “Праскага акцэнту” зьвяртаюцца да тэмы прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх рэгіянальных журналістаў, якую кіраўнік Беларусі правёў 1 жніўня. У чым палягалі мэты яе правядзеньня, ці былі яны дасягнутыя? Падчас прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка настойліва раіў расейцам узяць за ўзор беларускую палітычную і эканамічную мадэль. Ці сьведчыць справа расейскай нафтавай кампаніі “Юкас” , што Расея сапраўды набліжаецца да беларускай мадэлі? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць беларускі палітоляг Андрэй Суздальцаў, маскоўскі журналіст Віктар Дзятліковіч і намесьнік дырэктара расейскага Цэнтру палітычных тэхналёгіяў Барыс Макаранка. Перадача, якую падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст, выйдзе ў эфір у нядзелю, 10 жніўня.
“Паштовая скрынка 111”. 10 жніўня
У чарговай праграме “Паштовая скрынка-111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на “Свабоду” Мікола Ліцьвінчык зь Бярозы, Міхаіл Леках з Рыгі, Сьцяпан Біцюк, Разалія Рубінчык і Барыс Гарэцкі зь Менску.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
- разважаюць пра тое, ці варта пераймаць іншым краінам беларускі досьвед вырашэньня сацыяльных і нацыянальных праблемаў;
- распавядаюць пра жыцьцё гарадзкіх пэнсіянэраў у Беларусі;
- выказваюць меркаваньні пра тое, як у Беларусі вырашаецца праблема беспрытульных жывёлін;
- дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.