Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЦЫЯЛЬНАЯ АДАПТАЦЫЯ БЕСПРАЦОЎНЫХ


Галіна Абакунчык, Менск

Паводле Дэпартамэнту занятасьці, калі ў мінулым годзе адпаведныя службы здольныя былі ўладкаваць 31% беспрацоўных, то сёлета толькі 25%. Прычым, у пераважнай бальшыні, людзей з рабочымі спэцыяльнасьцямі. Беспрацоўныя з вышэйшай адукацыяй мусяць шукаць працу самастойна. А тыя зь іх, хто займаў высокую ўрадавую пасаду й прадэманстраваў сваю нязгоду зь цяперашнім ладам кіраваньня ў краіне, увогуле асьцерагаюцца кантактаваць зь дзяржаўнымі ўстановамі. Гаворыць былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Зь сябрамі кантактаваў, але працы не шукаў. Я ведаў, што гэта будзе немагчыма – уладкавацца пасьля такой даволі гучнай адстаўкі. Кантактаваў зь лідэрамі, якія існавалі на той момант. Да прыкладу, з Генадзем Карпенкам. І гэта дапамагло прыняць рашэньне, чым займацца”.

Пошук працы праз знаёмых і сяброў сярод былых высокапастаўленых асобаў – распаўсюджаная практыка і ў замежжы. Але ў суседніх краінах, як, да прыкладу, ва Ўкраіне, Польшчы ці Літве, улады гэтаму не перашкаджаюць. А ў Беларусі прыкладаюцца ўсе намаганьні, каб пакінуць чалавека бяз сродкаў да існаваньня. Як гэта было, узгадвае былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Я спрабаваў вярнуцца ў Эканамічны ўнівэрсытэт, дзе я прапрацаваў загадчыкам кафэдры 10 гадоў, і мяне не ўзялі зь нефармальнай спасылкай на распараджэньне з адміністрацыі прэзыдэнта. У пэнсіі было адмоўлена. Мяне спрабавалі “ўзяць”, што называецца, голадам, і вось такія меры прымалі”.

Вядомыя ў Беларусі людзі пасьля страты працы спатыкаюцца яшчэ й з такой зьявай, якая засталася, бадай, са сталінскіх часоў – калі знаёмыя, сваякі й суседзі цураліся “ворагаў народа”, каб ня выклікаць няміласьці ўладаў і на сябе. Гаворыць народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) “Я аднойчы сустрэла вельмі вялікага чыноўніка, які калі павітаўся, то й пачырванеў і зьбялеў адначасна. Я зрабіла выснову, што людзі проста баяцца”.

Варта зазначыць, што перасьлед кіраўнікоў установаў, якія прымаюць на працу былых высокапастаўленых асобаў, а таксама іхных сваякоў сапраўды існуе. Экс-старшыня ўраду краіны Міхаіл Чыгір пераканаўся ў гэтым на сваім прыкладзе:

(Чыгір: ) “За што мой сын сёньня знаходзіцца ў сьледчым ізалятары? Толькі з-за мяне, бо вінаваціць яго няма за што, але ж сфабрыкуюць любую справу. І ў мяне ёсьць праблемы: кажуць адкрытым тэкстам – ты працы ня знойдзеш. Таму я лічу, што чалавек, які йдзе супраць уладаў, то гэта цяжка для яго сям’і, суродзічаў і знаёмых. І вядома, што многія людзі пераносяць гэта зь вялікімі цяжкасьцямі”.

Усё гэта адбываецца таму, што вышэйшыя ўлады клапоцяцца не аб прафэсіяналізме кіраўніцтва краіны, а выключна пра асабістую ім адданасьць высокапастаўленых чыноўнікаў – кажа старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сталіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Нашаму рэжыму не патрэбныя прафэсіяналы, а паслухмяныя людзі. Я, да прыкладу, магу стала пераехаць працаваць у Польшчу выкладаць фізыку, якую выкладаў усё жыцьцё. І шэраг людзей запатрабаваныя за мяжой, калі яны пацьвярджаюць свой прафэсіяналізм”.

У выніку ж церпіць імідж і дабрабыт дзяржавы – перакананы Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) “Вядома, калі любы чалавек страчвае, то страчвае й дзяржава. Прыклад таму – бізнэсовец Пупейка. Фірма “Пушэ” у 1995 годзе заплаціла падаткаў каля 10 мільёнаў даляраў. Зьехаў гэты чалавек – сёньня няма “Пушэ”, няма паўтысячы працоўных месцаў, няма адлічэньняў у бюджэт краіны. Таму страчваюць усе, калі ад сваёй справы адыходзяць прафэсіяналы”.

Страта ўплывовай пасады, перасьлед уладаў і немагчымасьць працаўладкаваньня, здараецца, ёсьць непераадольным выпрабаваньнем. А для некаторых людзей увогуле завяршаецца трагедыяй. Нават для тых, хто ў свой час быў аблашчаны ўладай. Так, вымушанае беспрацоўе сталася падставай для самагубства былога міністра транспарту Аляксандра Лукашова – кажа ягоны былы паплечнік Уладзімер Грыбанаў:

(Грыбанаў: ) “Тое, што ён ня мог уладкавацца на працу – гэта адна з асноўных прычынаў была. Ён моцна перажываў, што застаўся незапатрабаваным, незаслужана забытым. Ён сам пачаў рабіць нейкія крокі ў гэтым накірунку й – не атрымалася. Яму ўжо дзявацца не было куды”.

Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што ў падобным становішчы чалавеку найперш неабходная дапамога прафэсійных псыхолягаў. Але гэтыя службы ў Беларусі яшчэ толькі ў пачатковым стане разьвіцьця – кажа адмысловец Цэнтру псыхатэрапіі Вадзім Касалапаў:

(Касалапаў: ) “Чыста псыхалягічны фактар – дэпрэсіі розныя, нэўратычны стан – канечне, усё гэта ёсьць. Таму абавязкова павінныя быць цэнтры рэабілітацыі. Да прыкладу, ёсьць цэнтар рэабілітацыі вайскоўцаў. Такія ж самыя цэнтры павінныя быць і для людзей, якія губляюць працу. Цяпер пакрысе ўсё гэта распачынае раскачвацца, але гэта ўсё дорага”.

Але й шараговыя грамадзяне, фактычна, гэтаксама застаюцца сам-насам са сваёй бядой. Максымальная дапамога, якую дзяржава прапануе цягам трох месяцаў, складае 28 тысячаў рублёў. Але каб атрымаць нават гэтыя грошы, чалавек мусіць абавязкова адпрацаваць на нізкакваліфікаваных грамадзкіх працах. І гэтае вынаходніцтва, якое парушае канвэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы, існуе толькі ў Беларусі. Вось як камэнтуе гэткае становішча старшыня БГК Тацяна Процька:

(Процька: ) “Сытуацыя жахлівая ня толькі таму, што малая дапамога па беспрацоўю, але й таму, што павялічваецца колькасьць беспрацоўных. Скарачаецца колькасьць працоўных месцаў – вось гэта вялікая праблема. І, канечне ж, вось гэтая абумоўленасьць атрыманьня дамапогі па беспрацоўю – усё ж такі – прымусовая праца. Значная частка людзей проста ня верыць, што трэба ісьці й рэгістравацца, і многія людзі проста не становяцца на ўлік”.

Паводле прагнозаў спэцыялістаў, да канца году беспрацоўе ў Беларусі дасягне 230 тысячаў чалавек, што складзе каля 3,5% ад усяго працаздольнага насельніцтва краіны. Многія эўрапейскія дзяржавы ў пэрыяды крызысу ведалі й большую колькасьць незанятых людзей. Аднак толькі ў Беларусі часовая страта працы для многіх грамадзянаў ператвараецца ў жыцьцёвую драму й нават трагедыю. Асабліва для людзей, хто мае сьмеласьць выказаць сваю апазыцыйнасьць цяперашняму кіраўніцтву краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG