Адукацыйны праект падрыхтоўкі адмыслоўцаў у галіне нацыянальнай эканомікі ажыцьцяўляюць Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны і Маскоўскі дзяржаўны інстытут электронікі і матэматыкі. У Маскве на першым і другім курсах ўжо навучаюцца 44 гомельскія студэнты, бо згаданы праект дзейнічае ўжо трэці год.
Аднак сёлета з прычыны адсутнасьці фінансаваньня з саюзнага бюджэту расейскі бок ня можа забясьпечыць беларускіх студэнтаў-першакурсьнікаў інтэрнатамі.
Распавядае намеснік старшыні прыёмнай камісіі Гомельскага ўнівэрсытэту прафэсар Сяргей Каморнікаў:
(Каморнікаў: ) “У мінулыя два гады, хаця і са скрыпам, праз саюзную дзяржаву Міністэрства адукацыі Расейскай Фэдэрацыі нашым накіраванцам прадастаўляла інтэрнаты. А сёлета Міністэрства адукацыі Расеі папярэдзіла: калі згодныя студэнты навучацца на самазабесьпячэньні, няхай навучаюцца. Але ўсё за свой кошт”.
Апроч пражываньня, беларускім студэнтам, як і ўсім іншым замежным грамадзянам, трэба сплаціць грошы за рэгістрацыю ў Маскве і за мэдычную страхоўку. Усё гэта і зьнізіла зацікаўленьне гамельчукоў ў навучаньні ў сталіцы суседняй дзяржавы, нягледзячы на тое, што студэнты пасьля інстытуту атрымліваюць адразу два дыплёмы – расейскі і беларускі.