Беларускі МЗС увёў ад 1 жніўня часовы спрошчаны парадак выдачы візаў грамадзянам Аргентыны, Баўгарыі, Бразыліі, Вялікай Брытаніі, Вугоршчыны, Паўднёвай Карэі, Канады, Паўднёвай Афрыканскай Рэспублікі, Славаччыны, Уругваю, Чылі, Швайцарыі й Японіі. У адпаведнасьці з новай працэдурай, грамадзянам гэтых дзяржаваў будуць выдаваць бізнэсовыя і гасьцявыя візы тэрмінам да 30 дзён без запрашэньняў, пасля прад'яўленьня запоўненай візавай анкеты з фотаздымкам. Як паведаміў прадстаўнік упраўленьня інфармацыі МЗС Андрэй Шупляк, беларускі бок спадзяецца, што “гэтыя дзяржавы прымуць захады ў адказ, закліканыя спрасьціць візавыя фармальнасьці і для беларускіх грамадзянаў”.
Я папрасіла Андрэя Шупляка патлумачыць для нашага радыё, чаму менавіта для грамадзянаў гэтых краінаў быў уведзены спрошчаны парадак і чаму ў гэты сьпіс ня трапілі суседнія Польшча, Літва, Латвія, а таксама большасьць краінаў Эўразьвязу й ЗША.
(Шупляк: ) “Сьпіс краінаў складала консульскае ўпраўленьне ў адпаведнасьці са сваімі меркаваньнямі. У консульскай службы сваё бачаньне гэтых працэсаў. Гэтая мера можа ўспрымацца ў якасьці першага кроку ў гэтым накірунку. Мы не выключаем, што ў будучыні, калі практычная рэалізацыя гэтай меры добра сябе зарэкамэндуе, сьпіс краінаў, зь якімі мы пойдзем на ўвядзеньне спрошчанага візавага рэжыму, будзе пашыраны”.
Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў зьвяртае ўвагу на некалькі аспэктаў гэтага кроку беларускага МЗС. Па-першае, паводле Андрэя Саньнікава, такія рашэньні звычайна прымаюцца на ўзаемнай аснове. Прыкладам, пэўныя зьмены ўжо адбыліся ў парадку выдачы візаў беларусам у Вялікую Брытанію. Ёсьць і другі аспэкт. Андрэй Саньнікаў лічыць, што рашэньне беларускага МЗС мае й пэўныя прапагандысцкія мэты.
(Саньнікаў: ) “Цяпер Расея спрабуе дамовіцца з Эўразьвязам, каб быў палепшаны візавы рэжым паміж Расеяй і Эўразьвязам. Можна сказаць, праз галаву, праз тэрыторыю Беларусі. І гэта тычыцца ня толькі калінінградзскай праблемы. Украіна з Польшчай дамовіліся аб эфэктыўным спрошчаным рэжыме. І таму ўладам трэба было паказаць, што яны нешта робяць. Але гэта нішто ў параўнаньні з тым, што можна было рабіць, таму што нашы суседзі ў наступным годзе будуць у Эўразьвязе. Толькі праз тры гады яны ўвойдуць у Шэнгенскую прастору. Гэта значыць, што можна было дамаўляцца наконт спрошчанага рэжыму на гэтыя тры гады. Але ж нічога ня робіцца й ня будзе рабіцца, таму што суседзі ня пойдуць на нейкі іншы рэжым з краінай, у якой палітычны рэжым не спрыяе дэмакратыі”.