Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ СЕЛІН ПЕРАКАНАНЫ, ШТО НТВ НЯМА ЗА ШТО ВЫБАЧАЦЦА ПЕРАД БЕЛАРУСКІМІ ЎЛАДАМІ


Валер Каліноўскі, Менск

Месяц таму беларускі ўрад прыняў рашэньне пра закрыцьцё прадстаўніцтва НТВ пасьля таго, як быў дэпартаваны зь Беларусі карэспандэнт НТВ Павал Селін. Прычынай гэтых дзеяньняў беларускіх уладаў было асьвятленьне пахаваньня Васіля Быкава ў эфіры НТВ. Пазьней кіраўніцтва НТВ пайшло на кампрамісны крок: запрасіла А. Лукашэнку выступіць у жывым эфіры НТВ у перадачы намесьніка гендырэктара НТВ А. Герасімава “Асабісты ўнёсак”, і той заклікаў беларускага лідэра забыцца на мінулае і ўзаемныя памылкі, абяцаў, што НТВ і надалей будзе паважаць Беларусь і яе кіраўніцтва. А. Лукашэнка нібыта пагадзіўся. Усе чакалі, што беларускі ўрад адменіць сваё рашэньне аб скасаваньні рэгістрацыі прадстаўніцтва НТВ. Казалі пра магчымасьць гэтага і афіцыйныя асобы, у тым ліку прэсавы сакратар А. Лукашэнкі, а дзяржаўныя СМІ з гэтай нагоды пісалі пра Лукашэнку як пра кампраміснага палітыка.

Аднак падрыхтоўка да скасаваньня ранейшага рашэньня ўраду наконт карпункта НТВ замарудзілася пасьля таго, як А. Лукашэнка зноў вярнуўся да гэтай тэмы на прэс-канфэрэнцыі з удзелам рэгіянальных журналістаў з Расеі:

(Лукашэнка: ) “Здымачная група НТВ на чале з тым жа журналістам ажыцьцяўляе аб’езд Беларусі па пэрымэтры і здымае ўсякі бруд. Дзесьці памыйку, дзесьці п’янага мэханізатара ці камбайнэра, дзесьці на Нарачы непрыглядны выгляд. Усё гэта за 4–5 дзён тайна здымаецца. Ну, гэта яны думаюць, што гэта тайна. Нам гэта стала вядома, думаю, ладна, здымайце”.

Пасьля гэтай заявы А. Лукашэнкі ўсе зрухі ў перамовах аб аднаўленьні дзейнасці НТВ ў Беларусі спыніліся, ва ўрадавых структурах падрыхтоўку новай пастановы апэратыўна замарозілі. І на сёньня, як паведаміў прэсавы сакратар прэм’ера Мікалай Тоўсьцік, ніякага новага рашэньня наконт прадстаўніцтва НТВ няма.

Але кіраўніцтва тэлеканалу НТВ увесь гэты час не губляла спадзяваньняў, дагэтуль не даючы загаду аб закрыцьці свайго карпункта ў Менску ў адпаведнасьці з рашэньнем ураду Беларусі. Таму карпункт не закрыты, хаця ніякай журналісцкай дзейнасьці і не вядзе.

У кіраўніцтве тэлеканалу НТВ адмаўляюцца ад любых камэнтароў гэтай сытуацыі. Магчыма, нешта будзе вырашаць намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі А. Герасімаў, які выходзіць у панядзелак з адпачынку.

Павал Селін тым часам абверг усе абвінавачаньні Лукашэнкі на свой адрас:

(Селін: ) “Я нічога ня езьдзіў, не здымаў, мабыць, мы проста з Вадзімам Фефілавым падобныя, ён пабачыў, што карэспандэнт у акулярах, а Вадзім Фефілаў рабіў сюжэт аб пачатку масавай ідэалягізацыі ўсіх бакоў жыцьця ў Беларусі. Не ведаю, што яму там падалося, але гэта ўсе адгаворкі, абсалютна зразумела, што Аляксандар Рыгоравіч выкарыстаў чарговы раз расейскі эфір і адразу ж забыў пра гэта. Гэтага і варта было чакаць”.

Павал Селін кажа, што ніхто з журналсітаў НТВ не здымаў сьметнікі ці п’яных мэханізатараў у Беларусі, ён упэўнены, што А. Лукашэнка адмыслова не пайшоў на кампраміс. Хаця кампанія НТВ і зацікаўленая ў асьвятленьні гарачых навінаў зь Беларусі, ніхто не даваў А. Лукашэнку абяцаньняў, што пра яго далей будуць паведамляць больш паблажліва.

(Селін: ) “Я быў перакананы і застаюся перакананым, што выбачацца НТВ няма за што”.

Павал Селін цяпер робіць здымкі некалькіх сюжэтаў пра экстрэмальныя віды спорту ў Літве. “Пацягнула на экстрым, пасьля Беларусі нічога не страшна”, – жартуе Павал.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG