Агалошаньне рашэньня аб ліквідацыі прафзьвязу бяз права аспрэчваньня авіядыспэчары сустрэлі воклічамі “ганьба”: судзьдзя Жукоўская не прыняла да ўвагі іхных шматлікіх сьведчаньняў пра адміністрацыйны ціск на сяброў незалежнай суполкі. Гаворыць лідэр прафзьвязу Юры Мігуцкі:
(Мігуцкі: ) “Натуральна, што гэта палітычная замова. Я лішні раз пераканаўся, што на справядлівасьць спадзявацца не даводзіцца. А як цяпер павядуць сябе сябры прафзьвязу, мне цяжка сказаць”.
Чальцы прафзьвязу авіядыспэчараў перакананыя, што гэтае судовае рашэньне цалкам разьвяжа рукі адміністрацыі Дзяржкамітэту авіяцыі для расправы зь людзьмі, якія асьмельваюцца адстойваць свае правы. Вось што яны казалі ў інтэрвію Радыё Свабода:
(Спадар: ) “Адміністрацыі дадзены карт-блянш і ўсё, што яны захочуць, тое будуць і рабіць. Мы будзем спрабаваць свае правы абараніць, але гэта будзе больш складана”.
(Спадар: ) “Лукашэнка даў загад зьліквідаваць усе незалежныя малыя прафзьвязы, і гэтага можна было чакаць”.
(Спадар: ) “Канечне, гэта палітычная замова па арганізацыях усіх накірункаў у Беларусі”.
Не сумняецца ў палітычнай заангажаванасьці суду й прысутны ў судзе кіраўнік прафзьвязу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч. Вось як ён пракамэнтаваў рашэньне суду:
(Фядыніч: ) “Самае галоўнае, што мяне ўразіла, што людзей прымушалі выходзіць з прафзьвязу, але па прыгавору гэта непадсудна. Заўтра гэта можа здарыцца з кожным: людзей будуць прыгнятаць на месцах, а суд ня будзе зьвяртаць на гэта аніякай увагі. Зразумела, што ўсё гэта было так задумана”.