Сустрэча кіраўнікоў міграцыйных службаў Беларусі й Расеі адбылася ў Берасьці з ініцыятывы расейскага боку. Паколькі паміж дзьвюма краінамі памежнага кантролю цяпер не існуе, маскоўскія чыноўнікі вырашылі на свае вочы ўбачыць, як працуюць беларускія памежнікі на польскім кірунку. Праз гэтую мяжу з Захаду ў Расею трапляе вялікая колькасьць іншаземцаў, якія ў Берасьці абавязаныя падаць асабістыя зьвесткі для атрыманьня расейскіх міграцыйных картаў.
Дарэчы, з наступнага году можа быць уведзеная іншая міграцыйная карта — так званай “саюзнай” дзяржавы. Заўвагаў да дзейнасьці беларускіх памежнікаў сёньня выказана не было: прадстаўнікі міграцыйнай службы Расеі зазначылі, што гэты кірунак прыносіць менш клопатаў у параўнаньні з участкамі расейскай мяжы з краінамі Сярэдняй Азіі і на Каўказе.
Але ў расейска-беларускіх дачыненьнях застаюцца іншыя праблемы, зьвязаныя з дэпартацыяй нелегальных мігрантаў. Летась зь Беларусі было дэпартавана 2380 нелегалаў, большая частка якіх трапіла на тэрыторыю краіны з Расеі. Між тым, дэпартацыя кожнага мігранта каштуе беларускай дзяржаве амаль 500 амэрыканскіх даляраў. Кампэнсаваць гэтыя страты расейскі бок не зьбіраецца і прапануе толькі ўніфікаваць заканадаўства дзьвюх краінаў, якое тычыцца працэдуры дэпартацыі. Гаворыць выканаўца абавязкаў кіраўніка фэдэральнай міграцыйнай службы Расеі Ігар Юнаш:
(Юнаш: ) “Мы ўяўляем складанасьці, якія паўсталі тут, каб прадухіліціь незаконную міграцыю, выявіць нелегальныя каналы такой міграцыі і вырашыць лёс людзей, якіх затрымалі ў Беларусі. Але гэтая праблема — дэпартацыі нелегальных мігрантаў — існуе і ў Расеі. Зь беларускімі калегамі мы будзем дамаўляцца аб сумесных кроках, каб уніфікаваць заканадаўства і падыход да сыстэмы выдварэньня”.
Варта дадаць, што апошні час зь Беларусі былі дэпартаваныя ня толькі нелегальныя мігранты, але і такія асобы, як, напрыклад, дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Барыс Нямцоў ды карэспандэнт НТВ Павал Селін. Камэнтаваць гэтыя выпадкі прадстаўнікі міграцыйных службаў дзьвюх краінаў не пажадалі, спаслаўшыся на тое, што рашэньне пра дэпартацыю Нямцова і Селіна прымалі іншыя ўстановы.