Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД У МЕНСКУ ПРЫЗНАЎ АКТЫВІСТА МАЛАДОГА ФРОНТУ НЕВІНАВАТЫМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Судовае разьбіральніцтва ў гэтай справе працягвалася два тыдні. Артура Фінкевіча, які быў затрыманы ноччу 23 ліпеня ў цэнтры Менску падчас расклейкі рэклямных улётак Маладога Фронту і газэты “Наша Ніва”, абвінавачвалі ў хуліганстве.

У сваіх рапартах і пратаколе міліцыянты напісалі, што Артур нецэнзурна лаяўся і парушаў грамадзкі парадак. Сам спадар Фінкевіч прызнаў сябе вінаватым толькі ў расклейцы ўлётак. Сьведкі ж міліцыянты Кудлуб і Невядомскі далі ў судзе супярэчлівыя паказаньні. Адзін сьцьвярджаў, што Фінкевіч хапаў яго за мундзір, але пры гэтым побач не было ніякіх сьведак-мінакоў. Другі казаў, што Артур толькі лаяўся матам, і гэта нібыта бачылі іншыя людзі.

У выніку, судзьдзя Руслан Казадаеў прызнаў спадара Фінкевіча невінаватым у дробным хуліганстве і накіраваў матэрыялы справы ў міліцыю на дапрацоўку.

Артур Фінкевіч так пракамэнтаваў гэтае судовае рашэньне:

(Фінкевіч: ) “Гэтае рашэньне справядлівае. Я лічу, што ніякага загаду зьверху не было, і сапраўды судзьдзя зразумеў, што рэальнага правапарушэньня не было. Справа была сфабрыкаваная. Самі міліцыянты нават сваімі паказаньнямі, можа быць, не хацелі пасадзіць мяне на гэтыя суткі. Вось і ўсё”.

А вось меркаваньне адваката Паўла Сапелкі:

(Сапелка: ) “Лічу, што гэта была дастаткова справядлівая патанова ў гэтай справе. На маю думку, міліцыі цяпер застаецца толькі ўлічыць свае недахопы і адмовіцца ад перасьледу Фінкевіча”.

Затрыманы разам з Артурам Фінкевічам Зьміцер Дашкевіч, які ў суд не зьявіўся, пакараны ў гэтай справе штрафам 14000 рублёў. Матэрыялы на яшчэ аднаго затрыманага маладафронтаўца Алега Гнечыка міліцыянты накіравалі ў камісію ў справах непаўнагадовых. Бацькі Алега падалі заяву ў пракуратуру з просьбай прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, якія падчас затрыманьня зьбілі іхнага сына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG