Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВАЦЦАЦЬ АКТЫВІСТАЎ “ЗУБРА” АРГАНІЗАВАЛІ ПІКЕТ КАЛЯ МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

“Зуброўцы” з Барысава і Смалявічаў прыйшлі 7 жніўня да будынку Міністэрства абароны апранутыя ў белыя балахоны з надпісамі: “Барысаўскі шпіталь — тысячы выратаваных жыцьцяў!” “Барысаўскі шпіталь — дзясяткі высокаклясных адмыслоўцаў, якія губляюць працу!” ды іншымі.

Прадстаўнікоў пікетоўцаў прынялі памочнік міністра абароны ў справе маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня Ўладзімер Сераштан і кіраўнік прэсавай службы міністэрства Леанід Захаранка. “Зубры” перадалі ім больш за 2000 подпісаў вайскоўцаў ды іхных родных, а таксама вэтэранаў, якія пратэстуюць супраць ліквідацыі шпіталю.

У выніку ліквідацыі гэтай вайскова-мэдычнай установы 160 чалавек пэрсаналу застануцца бяз працы, а многім людзям прыйдзецца, у разе патрэбы, лекавацца ў Менску. Як паведаміў Радыё Свабода каардынатар барысаўскага аддзяленьня руху “Зубр” Зьміцер Бародка, яны дамовіліся з чыноўнікамі Мінабароны, што тыя неўзабаве прыедуць у Барысаў і сустрэнуцца зь людзьмі, якія пратэстуюць супраць ліквідацыі вайсковага шпіталю.
XS
SM
MD
LG