Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯЛЕЙСКІМ РАЁНЕ АДБЫЛАСЯ АКЦЫЯ ПРАТЭСТУ СУПРАЦЬ РАСЕЙСКАЙ РАДЫЁЛЯКАЦЫЙНАЙ СТАНЦЫІ


Севярын Квяткоўскі, Вялейка–Менск

Наколькі сур’ёзная пагроза выпраменьваньня са станцыі, і ці ёсьць канкрэтная афіцыйная інфармацыя на гэты конт? Кіраўнік вандроўкі Павал Батуеў кажа пра засакрэчанасьць беларускае афіцыйнае статыстыкі. Таму ўдзельнікі акцыі спасылаюцца на прыклады ў іншых краінах. Гавораць пра падобную РЛС, якая існавала ў Латвіі — там цяпер фіксуюць запаволенае разьвіцьцё дзяцей. А таксама прыводяць зусім сьвежыя прыклады. Кажа Павал Батуеў:

(Батуеў: ) “У Азэрбайджане ёсьць РЛС, яна таксама абслугоўваецца расейцамі. У часе вайны ў Іраку яна працавала ва ўзмоцненым рэжыме. І пасьля ў навакольных вёсках 22 чалавекі сканалі ад хваробаў, зьвязаных з галавой, і ад раку”.

У экалягічнай вандроўцы ўзялі ўдзел каля сарака чалавек з Салігорску, Жодзіна, Смалявічаў, Менску, Маладэчна, Вялейкі ды іншых гарадоў. Акцыю зладзіла Партыя БНФ пры ўдзеле жодзінаскай экалягічнай арганізацыі “Экаскоп”. Расейская радыёлякацыйная станцыя месьціцца блізу вёскі Доўгае, што ў дзясятку кілямэтраў на захад ад Вялейкі.

Удзельнікі экалягічнае вандроўкі кажуць, што рэдка сустракалі катэгарычна адмоўную рэакцыю на свае ўлёткі.

(Батуеў: ) “А гэтая станцыя не беларуская сама. Яе расейцы абслугоўваюць. Яна Беларусі абсалютна не патрэбная”.

(Бабуля: ) “Не патрэбная, гэта праўда. У нас работалі людзі зь Менску. Дык во яны прыяжджаюць усё часта, і гавораць: “Ну і для чаго ж нам гэтыя вышкі тады рабілі?”

(Дзядуля: ) “Пагроза для Беларусі”. Гэта ясная рэч”.

Але самая распаўсюджаная рэакцыя — неразуменьне. Жыхары вёсак часьцяком ня ведаюць пра існаваньне РЛС альбо ведаюць зусім няшмат. Вось тыповая размова з трыма бабулькамі зь вёскі Доўгае, над якой узвышаюцца вышкі РДС:

(Бабуля: ) “А што мы павінны рабіць?”

(Дзяўчына: ) “Пачытайце, калі ласка...”

(Бабуля: ) “...Дык я ня ўмею чытаць!”

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, вы чулі, калі-небудзь, што гэтая станцыя шкодная для здароўя?”

(Бабуля: ) “Якая станцыя?”

(Карэспандэнт: ) “Ну, во гэтыя вышкі”.

(Бабуля: ) “Нічога нам ніхто не тлумачыў”.

(Другая бабуля: ) “Не гаварылі. Як паставілі, так і стаяць. І ніхто ніякага сходу не рабіў”.

(Трэцяя бабуля: ) “У нас ніхто не пытаўся, ці яна трэба, ці не”.

А вось самі супрацоўнікі РЛС катэгарычна супраць вэрсіі пра шкоднасьць вайсковага аб’екту. Гутару з ахоўнкам КПП гарадку, дзе жыве абслуга РЛС:

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць інфармацыя, што яна шкодная для здароўя”.

(Ахоўнік: ) “Не, няма такога. Камандзір часьці — прыйшоў матросам, і тут стаўся камандзірам часьці... І няма тут нічога, гэта няпраўда”.

Зрэшты, я сустрэў чалавека, які дзесьці чытаў пра магчымую шкоду працы Вялейскай радыёлякацыйнае станцыі. Мой суразмоўца прыяжджае ў Доўгае ў бацькоўскі дом:

(Спадар: ) “Мы ня ведаем, але кажуць, што ў радыюсе нейкім ствараецца ток высокае частаты, так што невядома”.

Найбольш распаўсюджаная рэакцыя мясцовых жыхароў, зь якімі размаўлялі ўдзельнікі акцыі — пытаньне “Што рабіць?” Вось размова з прадавачкай крамы ў вёсцы Шылавічы:

(Прадавачка: ) “Што мы можам зрабіць?”

(Удзельнік: ) “Вы можаце пакуль даведацца”.

(Другі ўдзельнік: ) “Можаце запатрабаваць ад улады нейкай дапамогі. Нават закрыцьця гэтай станцыі, небясьпечнай для вашага здароўя”.

Адказ на палымяныя заклікі юнакоў — разгубленая ўсьмешка. Сёлетнюю выправу ўдзельнікі акцыі лічаць падрыхтоўчай. У плянах на наступны год: большая інфармацыйная і агітацыйная падрыхтоўка. А таксама пачатак збору подпісаў за закрыцьцё расейскае радыёлякацыйнае станцыі ў Вялейскім раёне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG